У Гомлі загінуў падлетак — ён упаў з 15-а паверху

Ілюстрацыйнае фота

Ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў юнак памёр на месцы здарэньня.

У Гомлі сьледчыя высьвятляюць абставіны гібелі падлетка, паведаміў Сьледчы камітэт.

Трагедыя адбылася ўвечары 28 траўня. 17-гадовы хлопец упаў з гаўбца агульнага карыстаньня, разьмешчанага на 15-м паверсе шматпавярховіка.

Ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў юнак памёр на месцы здарэньня.

Справай заняўся Гомельскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту. Ён высьвятляе ўсе акалічнасьці здарэньня, а таксама прычыны і ўмовы, якія прывялі да трагедыі. Цяпер адна з прыярытэтных вэрсій сьледчых — няшчасны выпадак. Канчатковую ацэнку здарэньню, няшчаснае яно або крымінальнае, дадуць пасьля комплекснага вывучэньня сытуацыі.

Як часта адбываецца падобнае ў Беларусі?

Часта. На жаль, трагедыя падобнага кшталту — толькі чарговы пункт змрочнай статыстыкі. Хаця найчасьцей пры такіх трагедыях гінуць малыя дзеці, а прычынай таму становіцца нядбайнасьць бацькоў, якія пакідаюць адчыненае вакно ў пакоі і пакідаюць дзяцей самых у памяшканьні, нават нягледзячы на тое, што кватэры месьцяцца на вельмі высокіх паверхах.

За 2025 год Сьледчы камітэт амаль два дзясяткі разоў паведамляў пра трагедыі з выпадзеньнем малых з вокнаў і гаўбцоў. Некаторыя выпадкі завяршаліся калецтвам, некаторыя — гібельлю.

  • 8 студзеня. Магілёў — хлопчык 2023 г. н. выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 7 лютага. Менск — 1,5-гадовы хлопчык выпаў з 15 паверху. Загінуў.
  • 4 сакавіка. Мазыр — 4-гадовы хлопчык выпаў з 9 паверху. Загінуў.
  • 29 сакавіка. Берасьце — 4-гадовы хлопчык выпаў з 4 паверху. Шпіталізаваны.
  • 10 траўня. Смалявіцкі р-н — 5-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Цяжкія траўмы, шпіталізаваны.
  • 5 чэрвеня. Горадзенскі р-н — 3-гадовы хлопчык выпаў з 2 паверху. Шпіталізаваны.
  • 5 чэрвеня. Віцебск — 2-гадовы хлопчык выпаў з 10 паверху. Загінуў.
  • 5 чэрвеня. Ворша — 8-гадовы хлопчык выпаў з 7 паверху. Загінуў.
  • 11 ліпеня. Магілёў — 1-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху, упаў на кусты. Цяжкія траўмы, шпіталізаваны.
  • 16 ліпеня. Менск — 5-гадовая дзяўчынка выпала з 5 паверху. Стан цяжкі, шпіталізаваная.
  • 27 ліпеня. Баранавічы — 6-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Выжыў, цяжкія траўмы.
  • 9 жніўня. Менск — хлопчык 1 г. 9 мес. выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 21 жніўня. Гомель — 9-гадовы хлопчык выпаў з 3 паверху. Цяжкія траўмы, у рэанімацыі.
  • 30 жніўня. Хоцімск — 3-гадовы хлопчык выпаў з 5 паверху. Загінуў.
  • 1 верасьня. Пінск — 6-гадовая дзяўчынка выпала з 2 паверху. Шпіталізаваная.

Трагедыі працягнуліся й сёлета. Раніцай 16 красавіка малое дзіця выпала з вакна 2 паверху і атрымала цяжкія раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Чэрвені дзіця выпала з вакна, пачалося сьледзтва