«Яны менавіта на палях учора некалькі разоў перамовіліся. Наконт Армэніі кароткі абмен думкамі быў. Але такой субстантыўнай размовы не было, проста не было часу. Але ў той жа час на нефармальным абедзе яны мелі магчымасьць усе разам вельмі добра пагаварыць, гэта была дастаткова доўгая размова», — працытавала Дзьмітрыя Пяскова расейскае агенцтва ТАСС.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі аб размове з Пуціным пакуль не паведамляла. Там адзначылі, што саміт у Астане пачаўся ў вузкім коле. Яго ўдзельнікі нават не зрабілі ў пачатку традыцыйных заяваў для журналістаў.
Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ня ўдзельнічае ў саміце Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (ЭАЭС). Яго краіну на гэтай сустрэчы прадстаўляе віцэ-прэм’ер ураду Мгер Грыгар'ян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пуцін наўпрост пагражае». Як у Армэніі адрэагавалі на заявы Крамля пра эўраінтэграцыйныя памкненьні краіныШто папярэднічала
У пачатку траўня ў Ерэване прайшоў Эўрапейскі форум з удзелам лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Адпаведна гэта выклікала незадаволенасьць у Беларусі і Расеі.
На двухбаковым узроўні краіны абмяняліся рэзкімі заявамі.
Расея патрабавала ад Армэніі тлумачэньняў за наданьне Зяленскаму пляцоўкі «для абсалютна антырасейскіх выказваньняў», а Беларусь адказала на заяву сьпікера Нацыянальнага сходу Армэніі Алена Сіманьяна аб тым, што ўлады ў Ерэване не дазволяць «ператварыць Армэнію ў губэрню», што «мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь».
Дачыненьні паміж Менскам і Ерэванам, а таксама паміж Расеяй і Армэніяй ускладніліся праз намеры краіны інтэгравацца ў Эўразьвяз. У адказ Уладзімір Пуцін з намёкам заклікаў Армэнію «не даводзіць да крайнасьці» і не ісьці шляхам Украіны, а Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Армэнія на Захадзе «нікому не патрэбная».
Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян на адным зь перадвыбарчых мітынгаў рэзка адказаў Лукашэнку і Пуціну. Пашыньян заявіў, што Армэнія будзе заставацца ў ЭАЭС датуль, пакуль гэта будзе магчыма сумяшчаць з эўрапейскай інтэграцыяй, а пасьля армянскі народ зможа выбраць — рух у Эўразьвяз або застацца ў ЭАЭС.
Расея нагадала Армэніі, што ў выпадку эўраінтэграцыі яна страціць доступ да «таннага» расейскага газу, а дзяржаўная кантрольная служба «Роспотребнадзор» забараніла з 30 траўня ўвозіць у Расею сьвежыя памідоры, агуркі, перац, трускаўкі й іншыя плады, а таксама прадаваць мінэральную ваду «Джэрмук» з Армэніі.