Пра гэта напісала ў Facebook жонка палітыка Іна Кулей.
«Паводле маіх падлікаў, сума збору дасягнутая. На сайце, дзе адбываецца збор, паказьнік 82%, але ахвяраваньні прыходзілі і на пададзеную спасылку PayPal, на нумар рахунку ў эўра і, на просьбы ахвярадаўцаў, прыватна праз Blik. Пасьля пералічэньня агульнай сумы ў злотыя выйшла 100% патрэбнай сумы. Наша сям’я неймаверна ўдзячная кожнаму, хто дапамог фінансава, хто ставіў спасылку ў сябе ў сацсетках, хто напісаў цёплыя словы падтрымкі. Я абавязкова буду даваць апдэйты аб тым, як ваша дапамога спрыяе вяртаньню Аляксандра да здароўя», – напісала Кулей.
Збор, дадала яна, будзе закрыты 31 траўня.
Паводле яе, пасьля апэрацыі летась у лістападзе Аляксандар Мілінкевіч перанёс двойчы запаленьне лёгкіх і інфэкцыю кішэчніку. Цяпер, паводле яе, існуе пагроза актывізацыі патагенных бактэрыяў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў ягоным арганізьме.
Іна Кулей паведаміла, што ў Беларусі супраць Аляксандра Мілінкевіча завялі крымінальную справу і пасьля вобшуку апячаталі іхны дом у Берштах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аляксандар Мілінкевіч усё яшчэ застаецца ў шпіталі, яму патрэбная інтэнсіўная рэабілітацыяШто папярэднічала
Летась 25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск.
Яго паклалі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, дзе ўвялі ў фармакалягічны сон — каб даць арганізму змогу мацавацца, ня трацячы сілаў на рух.
Аляксандру Мілінкевічу 25 ліпеня споўніцца 78 гадоў. Ён паходзіць з Горадні. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, спрыяў беларусізацыі ў горадзе, кіраваў баскетбольным клюбам «Горадня-93». У 2006 годзе быў «адзіным кандыдатам» ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля стварыў грамадзкі рух «За Свабоду» і да 2016 году быў ягоным кіраўніком. Апошнімі гадамі — няштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзін з арганізатараў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту».