Мужчынская юніёрская зборная Беларусі (да 18 гадоў) ў хакеі з шайбай прыме ўдзел у чэмпіянаце сьвету, які пройдзе ў ЗША з 22 красавіка па 2 траўня 2027 году.
Рашэньне пра гэта, паводле інфармацыі hockey.by, прыняла Міжнародная фэдэрацыя хакею (ІІХФ).
Адзначаецца, «у праграму чэмпіянатаў сьвету ўключаныя жаночая юніёрская і жаночая нацыянальная зборныя краіны».
Тэлеграм-канал Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі прывёў словы старшыні фэдэрацыі хакею Беларусі Аляксандра Багдановіча, які назваў рашэньне ІІХФ «важным і станоўчым крокам» і паабяцаў «зрабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуць на міжнародную арэну ўсе беларускія зборныя».
Напярэдадні нарады ў ІІХФ дзяржаўныя СМІ надрукавалі артыкулы пра тое, што міжнародныя хакейныя чыноўнікі з 2027 году быццам плянуюць зьняць усе абмежаваньні на ўдзел з моладзевай і нацыянальнай зборных краіны. Але насамрэч чаканьні былі заўчаснымі, і з гэтых дзьвюх камандаў абмежаваньняў якраз не зьнялі.
7 траўня выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) заявіў, што «больш не рэкамэндуе якія-небудзь абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаў, уключна з камандамі, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі фэдэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартовых мерапрыемстваў».
МАК «скасаваў рэкамэндаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных фэдэрацый і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў той частцы, якая тычацца Беларусі і беларускіх спартоўцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гімнасты зь Беларусі ўпершыню за 4 гады паедуць на чэмпіянат Эўропы са сьцягам і гімнам«Парад» касаваньня санкцый
За мінулыя тыдні пранеслася хваля зьняцьця санкцый зь беларускіх атлетаў у шэрагу відаў спорту. Пра допуск беларусаў да спаборніцтваў зь дзяржаўнымі сьцягам і гімнам заявілі фэдэрацыі ў каратэ, гімнастыцы, спартовых танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяціборстве і валейболе, а таксама Міжнародная фэдэрацыя студэнцкага спорту. Скасаваньне санкцый з боку апошняй азначае, што беларусы ў 2027 годзе возьмуць удзел у зімовай і летняй Унівэрсіядах.
Пакуль захаваліся абмежаваньні ў дачыненьні беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў, гандбалістаў, а зборныя і клюбы ў футболе па-ранейшаму мусяць праводзяць намінальна хатнія міжнародныя афіцыйныя гульні на нэўтральных палях. Зазвычай беларускія каманды наймаюць для гэтага стадыёны ў Вугоршчыне і Сэрбіі.
28 лютага 2022 году, неўзабаве пасьля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. У выніку беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 году МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў, без адпаведнай дзяржаўнай сымболікі.