Амаль 500 000 расейскіх салдатаў загінулі ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, заявіла 27 траўня дырэктарка Цэнтру ўрадавай сувязі Вялікабрытаніі Эн Кіст-Батлер.
Гэтая лічба супадае зь іншымі ацэнкамі, зробленымі ў апошнія месяцы іншымі заходнімі ўрадамі, а таксама незалежнымі СМІ.
Цэнтар урадавай сувязі Вялікабрытаніі — гэта галоўнае брытанскае падразьдзяленьне радыёэлектроннай выведкі, аналяг Амэрыканскага агенцтва нацыянальнай бясьпекі.
У красавіку галоўнае вайсковае выведвальнае агенцтва Нідэрляндаў ацаніла страты Расеі ў 1,2 мільёна, уключна з больш як 500 тысячамі загінулых.
Сумесны падлік, праведзены расейскімі выданьнямі ў выгнаньні «Медиазона» і «Медуза» на падставе рэестраў спадчынных справаў, паказаў як мінімум 352 тысячы загінулых расейскіх вайскоўцаў.
Як і Расея, Украіна не публікуе падрабязных лічбаў стратаў.
Нідэрляндзкае вайсковае агенцтва ацэньвае страты Ўкраіны прыкладна ў 500 тысяч чалавек. Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў называў лічбу ў 600 тысяч.
Вашынгтонскі аналітычны цэнтар прагназуе, што да лета сукупныя страты абодвух бакоў перавысяць 2 мільёны.