У Літве адбыўся маштабны выцек зьвестак з дзяржаўнага рэестру. Пра гэта стала вядома пасьля таго, як Генэральная пракуратура Літвы абвясьціла пра пачатак расьсьледаваньня магчымага незаконнага доступу трэціх асобаў да дзяржаўных інфармацыйных сыстэмаў.
Паводле зьвестак нагляднага органу, узлом базы зьвестак Цэнтру рэестраў адбыўся з-за мяжы. У выніку, як мяркуецца, былі незаконна скапіяваныя больш за 600 тысяч запісаў. Гэта ў першую чаргу зьвесткі з рэестраў нерухомасьці і юрыдычных асобаў.
Як адзначаюць мэдыя, выцек зьвестак зь рэестру адбыўся яшчэ ў студзені, а ўстанова даведалася пра яго толькі ў пачатку красавіка. На фоне скандалу з узломам пайшоў у адстаўку генэральны дырэктар Цэнтру рэестраў Адрыюс Юсас, паведаміла LRT.
Лідэр кансэрватараў Лаўрынас Кашчунас заявіў у парлямэнце, што сярод інфармацыі, якая трапіла ў вольны доступ, ёсьць зьвесткі пра літоўскіх палітыкаў, дыпляматаў, вайскоўцаў і супрацоўнікаў выведкі. Паводле Кашчунаса, за тым, што адбылося, можа стаяць расейская выведка.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене 27 траўня паведаміла, што падчас выцеку была выкрадзеная інфармацыя пра ейную сям’ю.
Прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа ня быў ад пачатку праінфармаваны пра выцек. «Мае дадзеныя былі выкрадзеныя таксама, у пачатку сакавіка — пра нерухомасьць», — сказаў Г. Наўседа.
На прэс-канферэнцыі прэзыдэнт зрабіў заўвагу прэм’ер-міністарцы, якая не паведаміла як яму, так і грамадзкасці пра крадзеж зьвестак яшчэ ў красавіку, калі маштаб інцыдэнту ўжо быў зразумелы.