Палітвязень Гундар шосты раз сустракае дзень народзінаў за кратамі, яго здароўе пагоршылася

Уладзімер Гундар у судзе, архіўнае фота

28 траўня Ўладзімеру Гундару споўнілася 66 гадоў, шосты раз палітвязень сустракае свой дзень нараджэньня ў вязьніцы. Гундар скардзіцца на пагаршэньне зроку і болі ў сьпіне.

Ва Ўладзімера Гундара вышэй калена ампутаваная адна нага, ён інвалід 2-й групы, мае шмат іншых праблем са здароўем, у тым ліку ў яго падвышаны ціск.

Дасьведчаная крыніца паведаміла Свабодзе, што стан здароўя Гундара за мінулы год не палепшаў.

«Больш стала балець сьпіна. Дазволілі даслаць уколы для зьняцьця болю, нядаўна адправілі яму ампулы і вітаміны. Калі дойдуць, будуць як падарунак», — паведаміла крыніца.

Ад Гундара рэгулярна даходзяць лісты, у якіх палітвязень апісвае свае ўяўныя падарожжы па Беларусі.

«Двойчы ў снах выпраўляўся ў Наваградак, нядаўна блукаў у веснавым лесе. Але вандруе выключна па Беларусі. Часта дасылае цікавыя апісаньні падарожжаў, а вершаў ужо не дасылае, бо вершы на волю даўно не прапускаюць», — паведаміла крыніца пра Ўладзімера Гундара.

Хто такі Гундар

  • 66-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы.
  • Уладзімер Гундар — фігурант «справы аб тэрарызьме», так званай справы Мікалая Аўтуховіча. Агулам яго асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня.
  • Трымаюць палітвязьня ў магілёўскай турме № 4 на турэмным рэжыме.
  • У СІЗА Ўладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі.
  • У Гундара павышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.
  • У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».
  • У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на 2,5 года пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
  • Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў.
  • Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязьнем, ён уключаны ў сьпіс палітвязьняў, якія паводле здароўя знаходзяцца ў небясьпечным стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязень Гундар за кратамі напісаў 100 вершаў, але апошнім часам іх не прапускаюць на волю