Расея ўзмацніла захады бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю, там зьявіліся аўтаматчыкі

Мяжа Беларусі і Расеі. Архіўнае фота

Афіцыйна на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году, але час ад часу Расея вяртае на яе свае КПП.

Як паведамляе тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў, беларуска-расейскую мяжу на некаторых участках пачалі ахоўваць аўтаматчыкі, на іншых узмацнілі кантроль.

«Да канца траўня праверкі па-ранейшаму суцэльна праводзяцца. Больш таго, зараз на некаторых КПП акрамя рэгістрацыі пашпартоў у часовых памежных памяшканьнях ( дзе ўводзяць у адмысловую табліцу ў кампутары) пачалі правяраць тэхнічны пашпарт на аўтамабіль і страхоўку — такі варыянт кантролю назіраўся на трасе Віцебск-Смаленск», — паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў.

Агульных правілаў кантролю, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, пры гэтым пакуль няма. На магістралі М1 Менск-Масква памежнікі па-ранейшаму фатаграфуюць пашпарты, каб працэс кантролю адбываўся хутчэй, але не абавязкова запрашаюць у сваё часовае памяшканьне. Іх больш цікавяць грамадзяне Расіі, якія перасякаюць мяжу. Расейскія памежнікі, як правіла, зазіраюць у багажнік аўта.

А на выезьдзе ў Беларусь з боку Санкт-Пецярбурга (Пскоўская вобласьць) памежнікам выдалі аўтаматы. Раней вайскоўцы, якія правяралі аўтатранспарт, былі без зброі альбо толькі зь пісталетамі.

Таксама кантроль увялі пры выхадзе з рэгіянальных цягнікоў, якія з 3 красавіка гэтага года пачалі курсаваць зь Віцебска і Оршы ў Смаленск. На станцыі прызначэньня ў пасажыраў пачалі правяраць пашпарты.

Расея зрабіла больш строгім рэжым перасячэньня беларуска-расейскай мяжы з канца красавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія спэцслужбы ўвялі кантроль на мяжы зь Беларусьсю. Спыталі ў BelPol, навошта

Што адбываецца на расейска-беларускай мяжы

Расейскія памежнікі працягваюць фіксаваць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто перасякае мяжу Беларусі і Расеі. Праваабаронцы заўважылі гэтую практыку 30 красавіка, апублікаваўшы фатаграфіі перасоўнага КПП.

Расейскія памежнікі ўносяць зьвесткі вадзіцеляў і пасажыраў у спэцыяльную Excel-табліцу, з-за чаго ля КПП час ад часу зьбіраюцца чэргі. Раней яны проста фатаграфавалі пашпарты, каб пазьней перанесьці дадзеныя ў табліцу.

Расейскія кантралёры не прыхоўваюць, што ім далі ўказаньне весьці пастаянны кантроль замежнікаў, якія скіроўваюцца ў Расею, і расейцаў, якія выяжджаюць з краіны. Гэтыя катэгорыі падарожнікаў абавязаныя асабіста падыходзіць да акенцаў на КПП і прад’яўляць дакумэнты.

Пры гэтым грамадзяне Беларусі, якія выяжджаюць з Расеі, памежнікаў цікавяць менш за ўсё, іх часта выпускаюць з РФ без унясеньня ў табліцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аналітыкі: Расея можа рыхтаваць атаку Ўкраіны дронамі з тэрыторыі Беларусі

Чаму гэта важна

Фармальна на мяжы Беларусі і Расеі зьнялі кантроль 30 год таму. Афіцыйна на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году.

Але грамадзянам Расеі і Беларусі пры паездках празь яе неабходна мець пры сабе пашпарт, грамадзяне трэціх краін павінны перасякаць мяжу толькі ва ўстаноўленых пунктах пропуску, маючы візы абедзьвюх краін.

Хоць фармальна мяжа Беларусі і Расеі адкрытая, фактычная праверка пашпартоў і іншых дакумэнтаў стала рэгулярнай працэдурай, расейскі бок час ад часу вяртае перасоўныя КПП на мяжу зь Беларусьсю.

Расея ня першы год аднаўляе праверку дакумэнтаў на мяжы зь Беларусьсю перад травеньскімі сьвятамі.

Раней сёлета памежны камітэт Беларусі пацьвердзіў, што перастаў выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў. На пятым годзе расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны Беларусь і Расея пачалі абменьвацца зьвесткамі з электроннага рэестра воінскага ўліку і рэестру позваў. Расея нясе вялікія людзкія страты на фронце, што робіць праблему прызыву і мабілізацыі больш актуальнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея аднавіла пашпартны кантроль на мяжы зь Беларусьсю, ля КПП часам зьбіраюцца чэргі