Расейскія памежнікі працягваюць фіксаваць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто перасякае мяжу Беларусі і Расеі, паведамляе праваабарончая ініцыятыва Mayday Team. Праваабаронцы заўважылі гэтую практыку 30 красавіка, апублікаваўшы фатаграфіі перасоўнага КПП. Тады захады ўзмоцненага кантролю тлумачыліся патокам турыстаў, якія павялічыліся напярэдадні доўгіх травеньскіх сьвятаў.
Па стане на 5 траўня на ўсіх КПП захоўваўся той жа рэжым суцэльнага кантролю.
Што адбываецца на расейска-беларускай мяжы
Цяпер расейскія памежнікі ўносяць зьвесткі вадзіцеляў і пасажыраў у спэцыяльную Excel-табліцу, з-за чаго ля КПП час ад часу зьбіраюцца чэргі. Раней яны проста фатаграфавалі пашпарты, каб пазьней перанесьці дадзеныя ў табліцу.
Расейскія кантралёры не прыхоўваюць, што ім далі ўказаньне весьці пастаянны кантроль замежнікаў, якія скіроўваюцца ў Расею, і расейцаў, якія выяжджаюць з краіны. Гэтыя катэгорыі падарожнікаў абавязаныя асабіста падыходзіць да акенцаў на КПП і прад’яўляць дакумэнты.
Пры гэтым грамадзяне Беларусі, якія выяжджаюць з Расеі, памежнікаў цікавяць менш за ўсё, іх часта выпускаюць з РФ без унясеньня ў табліцу.
Як доўга захаваецца такі рэжым кантролю, няясна. Расейскія памежнікі не змаглі адказаць на гэтае пытаньне, сказаўшы, што гэта «не яны прымаюць рашэньне».
Чаму гэта важна
Фармальна на мяжы Беларусі і Расеі зьнялі кантроль 30 год таму. Афіцыйна на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году.
Але грамадзянам Расеі і Беларусі пры паездках празь яе неабходна мець пры сабе пашпарт, грамадзяне трэціх краін павінны перасякаць мяжу толькі ва ўстаноўленых пунктах пропуску, маючы візы абедзьвюх краін.
Хоць фармальна мяжа Беларусі і Расеі адкрытая, фактычная праверка пашпартоў і іншых дакумэнтаў стала рэгулярнай працэдурай, расейскі бок час ад часу вяртае перасоўныя КПП на мяжу зь Беларусьсю.
Расея ня першы год аднаўляе праверку дакумэнтаў на мяжы зь Беларусьсю перад травеньскімі сьвятамі.
Раней сёлета памежны камітэт Беларусі пацьвердзіў, што перастаў выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў. На пятым годзе расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны Беларусь і Расея пачалі абменьвацца зьвесткамі з электроннага рэестра воінскага ўліку і рэестру позваў. Расея нясе вялікія людзкія страты на фронце, што робіць праблему прызыву і мабілізацыі больш актуальнай.
Форум