Як вынікае з апублікаванага запісу, ва ўрачыстым адкрыцьці збораў удзельнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва раёну і ўласна вайсковай часткі.
На пляцы перад школьнікамі выступіў вайсковы аркестар і танцавальны калектыў. Сярод удзельнікаў збору былі толькі хлопцы, іх апранулі ў аднолькавыя курткі, майкі і кепкі. У палявых зборах возьмуць удзел 100 юнакоў.
На цырымонію адкрыцьця запрасілі і бацькоў, але як выглядае, іх было няшмат.
Вайсковая частка № 31802 (другая інжынэрная брыгада Ўзброеных сіл Беларусі) дысьлякуецца ў Менску. У кампэтэнцыю вайскоўцаў гэтай часткі ўваходзіць ачышчэньне мясцовасьці ад выбуханебясьпечных прадметаў і боепрыпасаў. На яе базе праводзяць шэраг мерапрыемстваў для дапрызыўнай моладзі.
Што папярэднічала
У Беларусі навучальна-палявыя зборы, якія сёлета праходзяць у апошні тыдзень траўня і першы тыдзень чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах краіны, сталі абавязковыя для вучняў 10 клясаў.
Іх працягласьць складзе 10 дзён, і школьнікі ня могуць адмовіцца ад іх праходжаньня, паколькі яны зьяўляюцца часткай адукацыйнага працэсу.
«Без адзнакі, атрыманай па выніках навучальна-палявых збораў, дзіця ня будзе атэставана ў навучальным прадмеце „дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка“ за навучальны год», — паведаміла ў этэры тэлеканалу СТВ намесьніца камітэту па адукацыі Менгарвыканкаму Вольга Сьмірнова.
Паводле яе, у выніку гэта можа быць падставай для таго, каб не пераводзіць вучня ў наступную выпускную клясу.
Зборы будуць фінансаваць мясцовыя ўлады, у тым ліку і раённыя ўправы адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Школьнікі ня змогуць перайсьці ў выпускную клясу, калі адмовяцца ад навучальна-палявых збораўЧым абгрунтавалі неабходнасьць палявых збораў школьнікаў
У Міністэрстве адукацыі Беларусі патлумачылі, што навучальна-палявыя зборы праводзяць у мэтах «удасканаленьня прадметных кампэтэнцый і адпрацоўкі практычных навыкаў па навучальным прадмеце «Дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка».
Зборы будуць адбывацца ва ўмовах, набліжаных да ўмоў вайсковых частак. Вучні павінны знаходзіцца ў лягерах 24 гадзіны цягам усяго пэрыяду збораў. Аднак, у выпадках, калі гэта немагчыма забясьпечыць, зборы могуць праводзіць на базе школ ці гімназіяў.
Вучні могуць атрымаць вызваленьне ад збораў толькі па мэдычных паказаньнях. Іх вызначылі асобнай пастановай Міністэрства аховы здароўя яшчэ ў 2022 годзе.
Дзяўчаты таксама абавязаныя прайсьці праз зборы. Для іх практычныя заняткі будуць праходзіць у мэдычных установах, рэгіянальных падразьдзелах беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях.
Чаму гэта важна і ці ёсьць небясьпека ад вайсковай прапаганды
Правядзеньне навучальна-палявых збораў для школьнікаў сталі працягам агульнай тэндэнцыі мілітарызацыі ўнутранай палітыкі пасьля пачатку ў 2022 годзе падтрыманай кіраўніцтвам Беларусі поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Мілітарызацыя стала адным з інструмэнтаў так званага патрыятычнага выхаваньня моладзі, заснаванага на тэме памяці пра «Вялікую айчынную вайну», як улады Беларусі называюць Другую ўсясьветную вайну.
З 2021 году Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пачало актыўна ствараць «патрыятычныя клюбы» пры школах. Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер на тэрыторыі Беларусі ўжо створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.
Сёлета вайскова-патрыятычнай прапагандай пачалі ахопліваць нават выхаванцаў дзіцячых садкоў.