Падручнік на 800 старонак па-нямецку
Беларус Андрэй Зайцаў ужо больш за два гады апрацоўвае мэдычныя інструмэнты пасьля апэрацыяў у шпіталі. Робіць гэта ў буйной нямецкай фірме ў Швайцарыі. З адукацыі ён настаўнік геаграфіі і беларускай мовы й літаратуры, а таксама мэнэджар турыстычнай арганізацыі. Нядаўна скончыў першую ступень тэхнічнага навучаньня для дарослых у швайцарскім Люцэрне — у тым ліку каб больш зарабляць.
Андрэю 42 гады. У Швайцарыі ён жыве амаль чатыры гады. У Беларусі працаваў у школе і мэнэджарам продажаў. Але пацьвердзіць беларускі дыплём у Швайцарыі вельмі складана, заўважае ён. Пасьля пераезду некалькі месяцаў працаваў памочнікам садоўніка. На цяперашнюю працу ўзялі дзякуючы знаёмству, прызнаецца ён, бяз досьведу ў гэтай галіне і з кепскім узроўнем нямецкай мовы. Але цяпер працуе ўжо «някепска», зь ягоных словаў: «у мяне ўсё ў парадку зь якасьцю».
Андрэй Зайцаў на працы. Фота з прыватнага архіву
«Інструмэнты трэба падрыхтаваць, разабраць, сабраць, памыць, прадэзынфікаваць, прастэрылізаваць. Гэта даволі працяглы цыкль на 6–8 гадзін», — расказвае Андрэй.
Сёлета ў красавіку Зайцаў скончыў першую ступень швайцарскага тэхнічнага навучаньня ў апрацоўцы інструмэнтаў. Усяго ступеняў тры.
«Для мяне гэтая першая ступень параўнальная з унівэрсытэтам у Беларусі», — адзначае ён.
На першай ступені Андрэй вучыўся паўгоду, але ня ўвесь час: усяго па тры дні у месяц, астатні час хадзіў на працу. Аднак перад тым, як пайсьці ў гэтую школу, ён яшчэ паўгоду вывучаў спэцыялізаваную мэдычную тэрміналёгію, каб разумець, пра што будуць гаварыць на занятках.
«Каб прачытаць адну старонку кнігі, мне трэба было патраціць мінімум гадзіну», — тлумачыць суразмоўца.
Узровень ягонай нямецкай мовы яшчэ ня надта добры, заўважае Андрэй. Ён вучыў нямецкую мову з нуля, калі прыехаў у Швайцарыю. Цяпер валодае ёю прыкладна на ўзроўні В1.
Больш за 8 тысяч эўра за паўгоду
У выніку беларус рыхтаваўся да экзамэну першай ступені амаль год. Іспыт складаўся зь пісьмовага тэсту і вуснай часткі. Андрэй кажа, што здаў іх на 4,9 і 5,4 бала адпаведна. Найвышэйшая ацэнка ў гэтай сыстэме — шэсьць. З дваццаці чалавек ягонай групы тэст не здалі чатыры.
«Я не ўяўляў, што будзе, калі я ня здам іспыт. Бо пачынаць усё наноў у мяне не было сілаў. Сілы скончыліся за тыдзень перад іспытам. Я ўжо ня мог вучыцца фізычна. Толькі разгортваў падручнік — мяне кідала ў паніку, мне ажно фізычна было балюча. Апошні тыдзень я не вучыў. Падрыхтоўка заняла год. Я ня меў адпачынкаў, ня быў у гарах амаль год, хоць мне да гор рукой падаць», — успамінае суразмоўца.
Андрэй Зайцаў з сынам
На вучобу Зайцава скіраваў працадаўца, бо ён зацікаўлены ў адукаваных супрацоўніках, кажа Андрэй. Каб туды трапіць, ня трэба здаваць экзамэны або ўдзельнічаць у конкурсе, тлумачыць беларус. Толькі згода, жаданьне вучыцца і ўзровень В1 валоданьня нямецкай мовай. Гэтае навучаньне каштуе каля 8750 эўра. Аднак для Андрэя яно было бясплатнае, бо ўсё аплаціла ягоная кампанія. Дадатковых патрабаваньняў да яго як іншаземца не было.
Андрэй кажа, што пайшоў вучыцца, бо гэта магчымасьць больш зарабляць і бо ён любіць вучыцца. Ён адчувае, што ягоны прафэсійны ўзровень моцна вырас, бо цяпер лепш разумее тэарэтычную базу. Цяпер можа працаваць з дакумэнтамі, чаго не было раней.
Да пачатку навучаньня заробак беларуса складаў каля 5500 эўра з улікам працы ў другую зьмену і ў некаторыя выходныя. Цяпер ён павялічыўся прыкладна на 270 эўра. Пасьля ўсіх неабходных тратаў у яго застаецца «свабодных» каля 1500 эўра. Пасьля наступнай ступені навучаньня, паводле ягоных падлікаў, будзе заставацца 2000. Суразмоўца дадае, што пры гэтым пра ўласнае жытло ў Швайцарыі ён ня думае, бо гэта вельмі дорага.
Пасьля пераезду ў Швайцарыю Андрэю даводзілася займацца самымі рознымі рэчамі
Зайцаў плянуе вучыцца і далей. Перад гэтым хоча падцягнуць нямецкую мову. Пасьля другой ступені чалавек ужо можа працаваць начальнікам зьмены, пасьля трэцяй — кіраўніком арганізацыі. Перад трэцяй ступеньню яму яшчэ неабходна атрымаць агульную швайцарскую адукацыю — яна займае год, па адным дні на тыдзень. Атрымаць сэртыфікат аб завяршэньні тэхнічнай адукацыі ён можа празь пяць гадоў стажу ў гэтай галіне.
«Неабавязкова атрымліваць адукацыю»
Тры ступені адукацыі дарослых па паўгоду можна прыраўняць да трох гадоў тэхнічнай адукацыі, якую атрымліваюць падлеткі пасьля школы, тлумачыць беларус. Тыя падлеткі, якія пасьля школы абіраюць тэхнікум, вучацца там тры гады, але толькі адзін дзень у тыдзень, а чатыры дні ходзяць на працу. Зарабляюць у гэты час 900–1100 эўра. Калі атрымаюць тэхнічную адукацыю, могуць мець заробак па 4-5 тысяч эўра.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што ў дзяцінстве ў швайцарскай школе вучыцца лягчэй, чым у Беларусі. Ягоны васьмігадовы сын ходзіць у другую клясу пачатковай школы, і бацька ня робіць з ім хатняе заданьне, бо няма такой патрэбы. У шостай клясе адбываецца падзел на тых, хто будзе больш вывучаць акадэмічныя навукі, і тых, хто больш любіць працаваць рукамі, яны потым атрымліваюць тэхнічную адукацыю. Паводле Зайцава, каля 80% швайцарцаў паступаюць на тэхнічныя спэцыяльнасьці.
Андрэй Зайцаў
У Швайцарыі іншае стаўленьне да адукацыі, чым у Беларусі, параўновае краіны Андрэй.
«Каб у Швайцарыі добра жыць, каб табе ўсяго хапала, чалавеку не абавязкова атрымліваць вышэйшую адукацыю. Калі чалавек працуе амаль на любой працы, прыкладам, прадаўцом у краме, яму будзе дастаткова для жыцьця. Электрык можа зарабляць 9 тысяч эўра. Але праграміст або лекар зарабляюць вельмі добра. Сярэдні заробак лекара 20 тысяч эўра. Ці гэта варта таго, каб вучыцца? Хтосьці кажа, што варта. Але гэта супэрскладана», — адзначае Андрэй.
Пры гэтым дыплёмы ў Швайцарыі вельмі цэняцца, бо паказваюць, што чалавек здольны і хоча вучыцца, заўважае суразмоўца. Яму, імаверна, аддадуць перавагу, прымаючы на працу.
«У Швайцарыі, калі чалавек хоча вучыцца, ён можа вучыцца вельмі доўга», — дзеліцца досьведам Андрэй.
Супрацоўнікаў у розных арганізацыях звычайна не хапае, паўсюль патрэбныя людзі, кажа беларус. Таму, паводле яго, жыхары Швайцарыі ня моцна трымаюцца за працу, могуць памяняць яе ў якім-хаця ўзросьце, нават пасьля 20 гадоў стажу ў адным месцы. Людзі могуць перавучвацца на кожным этапе. Сыстэма адукацыйных курсаў для дарослых добра разьвітая.
Андрэй Зайцаў з сынам
«Каб пайсьці працаваць прыбіральнікам у гатэлі, ты можаш прайсьці некалькі курсаў, атрымаць некалькі сэртыфікатаў. Можна, вядома, і без сэртыфікатаў працаваць. Але з тае прычыны, што шмат людзей гатовыя перавучвацца, ёсьць вялізны рынак працы. Працаўнікі сьцякаюцца сюды з іншых краінаў Эўропы, бо ў Швайцарыі заробкі істотна большыя, сыстэма адукацыі супэрразьвітая», — тлумачыць імігрант.
На ягоную думку, адукацыя для дарослых у Швайцарыі адрозьніваецца ад пасьлядыплёмнай адукацыі, курсаў павышэньня кваліфікацыі ў Беларусі.
«Тут больш складаны шлях, які больш заходзіць углыб прафэсіі. У Швайцарыі пасьля кожнай прыступкі навучаньня ты атрымліваеш большы заробак. Гэта патрабаваньне ад наглядных органаў. Яны патрабуюць ад арганізацыяў, каб у пэўнага адсотку супрацоўнікаў была профільная адукацыя», — заўважае Андрэй Зайцаў.