У Гомлі абураюцца масавым адстрэлам бадзяжных жывёлаў

Ілюстрацыйнае фота

У сацыяльных сетках зьявіліся звароты да новага старшыні Гомельскага гарвыканкаму пасьля ўзмацненьня хвалі адлову бадзяжных жывёл.

Новага кіраўніка — Руслана Пархамовіча — просяць зьмяніць заганную практыку. Як заўважыў «Флагшток», зоаабаронцы масава пішуць пра забойствы бяздомных жывёлаў.

Пункт часовага ўтрыманьня бадзяжных жывёл, які месьціцца на тэрыторыі прадпрыемства «Спэцкамунтранс», перапоўнены.

Пархамовіч сам загадаў адлавіць бадзяжных сабак, гэта адбылося пасьля таго, як у Гомлі зафіксавалі некалькі нападаў на людзей.

Зоаабаронцы і валянтэры сьцьвярджаюць, што «жорсткія захады», пра якія казаў Пархамовіч, загадваючы масавы адлоў жывёл у горадзе, выявіліся ня толькі ў самым масавым адлове, але і ў забойстве жывёл. І цяпер праз сацсеткі абаронцы жывёлаў зьвяртаюцца да Пархамовіча.

Адна з зоаабаронцаў у сваім відэазвароце заявіла, што па ўсёй Гомельскай вобласьці адбываецца жорсткі адлоў і масавыя забойствы катоў і сабак, у тым ліку з дапамогай атруты, ад якой жывёлы доўга і пакутліва гінуць.

Таксама валянтэры заклікалі ўлады Гомлю да гуманнага адлову, які не наносіць маральных пакутаў тым, хто становіцца відавочцам такой практыкі.

Раней Руслан Пархамовіч справакаваў адмоўную рэакцыю часткі жыхароў Гомлю сваімі словамі пра тое, што бачыць Ветку і Добруш гарадамі-спадарожнікамі Гомлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Невялічкая істота, якая можа абараніць ад чалавека цэлы лес. Расказваем пра аднаго з самых рэдкіх беларускіх зьвяроў (з фота)

Чаму гэта важна?

У гэтай сытуацыі абодва бакі актыўна прыводзяць свае аргумэнты ў абарону ўласнай пазыцыі. Зооабаронцы апэлююць да таго, што адстрэл жывёлаў на вуліцах бачаць людзі, у тым ліку малыя дзеці. Для кагосьці такія крывавыя сцэны могуць стаць траўмай надоўга або нават на ўсё жыцьцё.

З іншага боку, бадзяжныя жывёлы нясуць у сабе рызыку захворваньняў на шаленства. А якразь нядаўна — у красавіку — на суседняй Магілёўшчыне зафіксавалі першы за 14 гадоў выпадак шаленства ў чалавека. Жанчыну падрапаў беспрытульны кот. Міністэрства здароўя наўпрост не паведаміла, што здарылася з пацярпелай, але з справаздачы пра здарэньне вынікала, што жанчына памерла.

Шаленства ў людзей сустракаецца ў Беларусі вельмі рэдка. Папярэдні выпадак захворваньня чалавека на шаленства зафіксавалі ў Беларусі ў 2012 годзе.

Толькі за першыя 8 месяцаў мінулага году ў Беларусі зафіксавалі 330 выпадкаў шаленства ў жывлаў — поўнай статыстыкі за год пакуль не раскрылі.

Пры гэтым існуюць іншыя спосабы змагацца з шаленствам, значна больш гуманныя за адлоў і пагатоў адстрэл. Напрыклад, у Беларусі з 18 красавіка па 1 траўня праводзілі вакцынаваньне дзікіх жывёл ад шаленства з паветра. Займалася гэтым Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя. На тэрыторыях лясных масіваў, палях і іншых угодзьдзях, дзе жывуць дзікія жывёлы, самалёты раскідвалі адмысловыя прынады — шэра-карычневыя брыкеты вагой 25 г. Акрамя капсулы з вакцынай такая прынада зьмяшчае рыбную муку і ялавічны тлушч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі ўпершыню за 14 гадоў зафіксавалі выпадак шаленства ў чалавека

Як улады зарабляюць на жывёлах

Апошнім часам улады Беларусі зьвяртаюць асаблівую ўвагу на рэгістрацыю хатніх жывёлаў, таму пад увагай ня толькі дзікія ці бадзяжныя. Прадстаўнікі ўладаў Беларусі апошнім часам праз свае СМІ пагражаюць штрафамі за адсутнасьць рэгістрацыі хатніх гадаванцаў. І нагадваюць, што паводле закону сабаку ці ката ўладальнікі мусяць зарэгістраваць цягам трох дзён.

Неабходнасьць рэгістрацыі катоў і сабак дзяржаўныя органы тлумачаць тым, што яна дапамагае «весьці ўлік жывёлаў» і «хутчэй знайсьці гаспадара, калі жывёліна згубіцца». У кожнай публікацыі нагадалі пра штрафы за брак рэгістрацыі — ад 45 да 675 рублёў (ад 1 да 15 базавых). А калі адсутнасьць рэгістрацыі жывёлы прынесла шкоду — ад 450 да 1350 рублёў (ад 10 да 30 базавых).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каты-нелегалы. Чаму ўлады ўзяліся за хатніх гадаванцаў і пагражаюць штрафамі