«Былі месяцы лячэньня: спачатку ў аддзяленьні нэўралёгіі, потым у рэабілітацыі, пасьля — у спэцыялізаваным лячэбна-рэабілітацыйным цэнтры. Левая частка мозгу, якая адказвае за інтэлект, маўленьне і памяць, не пацярпела. Правая — тая, што адказвае за рух, атрымала пашкоджаньні: не працуе левая рука, дрэнна слухаюцца ногі», — паведаміла Іна Кулей на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яе, пасьля апэрацыі летась у лістападзе Аляксандар Мілінкевіч перанёс двойчы запаленьне лёгкіх і інфэкцыю кішэчніку. «Ня кожны змог бы вытрымаць такую атаку, але Аляксандар вытрымаў», — дадала яна.
Цяпер, паводле яе, існуе пагроза актывізацыі патагенных бактэрыяў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў ягоным арганізьме. «Таму ён пакуль ня можа вярнуцца дадому — яму неабходныя пастаянны нагляд дактароў і інтэнсіўная рэабілітацыя», — напісала яна і папрасіла дапамогі.
Іна Кулей паведаміла, што ў Беларусі супраць Аляксандра Мілінкевіча завялі крымінальную справу і пасьля вобшуку апячаталі іх будынак у Берштах.
«Мы не атрымліваем ні беларускіх, ні польскіх пэнсіяў і жывем толькі на тое, што можам зарабіць самі. Калі мы былі здаровыя і працавалі ўдвух, нам хапала на годнае жыцьцё. Цяпер усё зьмянілася. Арэнда жыльля, аплата рэабілітацыйнага цэнтру, лекі, транспартныя выдаткі, каб штодня дабірацца да мужа ў шпіталь, — усё гэта ўжо выходзіць за межы нашых магчымасьцяў. Таму я зьвяртаюся да вас, сябры, з просьбай аб дапамозе. Я вельмі веру ў сілу нашай салідарнасьці, у сілу талакі, у чалавечую дабрыню», — напісала Іна Кулей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аляксандар Мілінкевіч «перамог сьмерць і пнэўманію»Што папярэднічала
Летась 25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск.
Яго паклалі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі і ўвялі ў фармакалягічны сон — каб даць арганізму магчымасьць мацавацца, ня трацячы сілаў на рух.
Аляксандру Мілінкевічу 25 ліпеня споўніцца 78 гадоў. Ён паходзіць з Горадні. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, спрыяў беларусізацыі ў горадзе, кіраваў баскетбольным клюбам «Горадня-93». У 2006 годзе быў «адзіным кандыдатам» ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля стварыў грамадзкі рух «За Свабоду» і да 2016 году быў ягоным кіраўніком. Апошнімі гадамі — няштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзін з арганізатараў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту».