Беларускі гурт Kasary атрымаў узнагароду на фестывалі Польскага радыё «Новая традыцыя»

Гурт Kasary

У Варшаве завяршыўся 27-ы Фэстываль «Новая традыцыя», у межах якога прайшоў конкурс фольк-музыкі.

Гран-пры конкурсу дасталася інструмэнталістцы Караліне Матушкевіч. Журы адзначыла яе за віртуознасьць, духоўную глыбіню і незалежнасьць мысьленьня, піша сайт Польскага радыё. Артыстка прадставіла аўтарскую праграму на плоцкай фідэлі і білгарайскай суцы — інструмэнтах, глыбока ўкаранёных у польскую традыцыю, але рэдка выкарыстоўваных як самастойны сродак мастацкага выказваньня.

Асобна журы адзначыла й беларускі мужчынскі гурт Kasary, які выконвае беларускія песьні.

Здымкам з дыплёмам падзяліўся ў сваім інстаграме заснавальнік і кіраўнік калектыву Сяржук Доўгушаў.

Хто такія Kasary?

У лістападзе 2025 году гурт выпусьціў свой першы альбом, які носіць назву гурта — «Kasary». У ім — 12 песень. Пазьней альбом паказалі людзям на адмысловым канцэрце ў Варшаве.

У склад гурту ўваходзяць беларускія сьпевакі, якія воляю лёсу апынуліся па-за Бацькаўшчынай. Зарганізаваў калектыў у 2023-м Сяржук Доўгушаў. Сваёй творчасьцю, як прызнаваўся Доўгушаў, гурт перадае слухачу «мужчынскую энэргію беларускіх традыцыйных песень».

Асноўная задума гурту — аднавіць аўтэнтычнае гучаньне беларускіх народных песень. У рэпэртуар калектыву ўваходзяць касарскія, рэкруцкія і ваяцкія, бяседныя, лірычныя і абрадавыя песьні.

У запісах можна пачуць бубен, барабаны, жалейку, дудкі і іншыя традыцыйныя беларускія інструмэнты.