«Белавія» аднавіла рэйсы ў Дубай

У Дубаі

Цяпер пералёты ў ААЭ зноў у раскладзе Нацыянальнага аэрапорту «Менск».

Авіякампанія Belavia аднавіла рэгулярныя рэйсы паміж Менскам і Дубаем. На першым этапе іх будуць выконваць два разы на тыдзень, у аўторак і пятніцу. У ліпені, па меры павышэньня попыту, частата палётаў будзе павялічвацца.

Авіякампанія Flydubai, сваёй чаргой, аднаўляе палётную праграму Дубай-Менск з частатой чатыры разы на тыдзень (панядзелак, чацьвер, субота, нядзеля).

Расклад рэйсаў будзе публікавацца на сайтах авіякампаній.

Перад падарожжам авіяперавозьнікі раюць правяраць актуальны час вылету ў разьдзеле «Таблё вылету/прылёту» напярэдадні рэйсу.

Пры гэтым авіяперавозьнікі ўдакладнілі, што рэгулярныя авіязносіны паміж Менскам і Дубаем будуць выконвацца толькі ў выпадку забесьпячэньня ўмоў для бясьпечнага выкананьня палётаў.

Што адбылося раней?

Менавіта адсутнасьць бясьпекі прывяла да спыненьня рэгулярных рэйсаў. Прычынай стала вайсковая апэрацыя ў рэгіёне: Злучаныя Штаты ад 28 лютага пачалі наносіць удары па Іране супольна з Ізраілем. Іран у сваю чаргу пачаў біць па Ізраілі і краінах рэгіёну, дзе разьмешчаныя базы ЗША.

Каля тысячы беларусаў, якія ляцелі ў ААЭ на працу, адпачынак або транзытам, вымушаныя былі чакаць эвакуацыйных рэйсаў. Кампанія FlyDubai, на самалёты якой да Менску набывалі квіткі многія беларусы, скасавала рэйсы ў беларускую сталіцу, пры гэтым не скасоўваючы пералётаў у расейскую Маскву.

«Белавія» тады зарганізавала некалькі вывазных рэйсаў з Дубаю ў Менск. Але рэгулярныя зносіны паміж краінамі з прычыну ваеннага канфлікту часова спыніліся. Пазьней забарону рэйсаў некалькі разоў падаўжалі.

Цяпер, калі актыўныя баявыя дзеяньні спыніліся, авіязлучэньне паступова аднаўляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

СМІ: упершыню самалёт «Белавія» праз атаку дронамі ня змог прызямліцца ў Гомлі, яго накіравалі ў Менск