Выданьне «Флагшток» заўважыла, што апошнім часам у рэгіянальных чатах Гомельскай вобласьці зьяўляюцца абвесткі пра набор на працу ў Расеі. У абвестках з абяцаньнямі вялікіх сумаў грошай і выгадных умоў не пазначана, якога кшталту гэтая праца, але, зыходзячы са зьместу, становіцца зразумела, што такім чынам жыхароў рэгіёну вэрбуюць у расейскае войска.
Сярод патрабаваньняў, згодна якіх шукаюць кандыдатаў — мужчыны да 58 гадоў, без забаронаў на тэрыторыі Расеі, з грамадзянствам Беларусі і без інваліднасьці. Абвестку суправаджае даволі дзіўны лёзунг для звычайнага пошуку працаўнікоў: «Выдатны шанец праявіць сябе!»
Тое, што праз такія абвесткі расейцы на беларускіх старонках у сеціве вэрбуюць менавіта ў расейскае войска на вайну, пацьвердзілі журналісты «Флагштоку», уступіўшы ў перапіску з адным з тых, хто шукае людзей.
На пытаньне пра тып працы той адказаў, што гэта праца на вайсковых спэцыяльнасьцях ад радыстаў да аховы, агулам больш за 40 розных працаў, і паабяцаў «навучаньне, пражываньне, харчаваньне і іншыя выгоды». На пытаньне-ўдакладненьне аб тым, ці не адправяць найміта ў штурмавікі на вайну супраць Украіны, вэрбоўнік заявіў, што нібыта «большасьць у штабах сядзіць» і гэта «залежыць ад таго, хто якую спэцыяльнасьць выбірае».
З гісторый беларусаў, якія гінулі ці траплялі ў палон у змаганьні за Расею, вынікае, што многіх наймітаў накіроўваюць акурат на «мясныя штурмы».
На пытаньне аб тым, як вырашаецца праблема з магчымым перасьледам на тэрыторыі Беларусі за наёмніцтва, расейскі вэрбоўнік запэўніў, што «ўсё цалкам ананімна», і паводле дакумэнтаў найміт «проста вайсковец». Таксама ён прапанаваў падаць заяву на расейскае грамадзянства.
З часам, адзначае выданьне, падобныя паведамленьні пра набор людзей «на працу ў Расеі» выдаляюць з Viber і Telegram, каб пазьбегчы патэнцыйнай адказнасьці за саўдзел у найміцтве.
Вэрбоўнікі чытаюць незалежныя СМІ
Пасьля пэўнага розгаласу ў СМІ паведамленьні пра вэрбоўку ў расейскае войска зьмяніліся. У іх унесьлі карэктывы.
Цяпер, як адзначае «Флагшток», у тыповых абвестках зьявілася пазнака пра тое, што ўдзел беларусаў у расейскім войску нібыта ня ёсьць найміцтвам. Пры гэтым не прыводзіцца ніякай спасылкі на закон.
Насамрэч у Беларусі, як і раней, вэрбаваньне, навучаньне і выкарыстаньне наймітаў для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 17 гадоў (артыкул 132 КК Беларусі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома аб гібелі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, які адваяваў за Расею два месяцыКаго ўжо асудзілі за ўдзел у вайне
Максіма Зязюльчыка, які ваяваў супраць Украіны на баку Расеі і быў вызвалены з украінскага палону ў 2024 годзе, прызналі ў Беларусі вінаватым паводле арт. 133 (найміцтва) і арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэксу Беларусі і прысудзілі 10 гадоў зьняволеньня. Пакараньне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове.
Прыкметная ў гэтым рэчышчы і гісторыя грамадзяніна Беларусі Барыса Качана. Той падпісаў кантракт з расейскай арміяй і паехаў ваяваць супраць Украіны 26 верасьня 2024 году, а ўжо ў студзені 2025 году атрымаў цяжкае раненьне і быў шпіталізаваны. Качана доўга не выпісвалі са шпіталю і не афармлялі дакумэнты, патрэбныя для вайсковых выплат, а ў ягонай частцы расейскія ўлады адмаўляліся вярнуць пашпарт і кантракт.
Пры гэтым, аднак, у Беларусі найчасьцей пад перасьлед трапляюць беларусы, якія змагаюцца на баку Ўкраіны. Агулам грамадзяне Беларусі ваююць, як на баку Расеі, так і Ўкраіны. Супраць тых, хто ваюе на ўкраінскім баку і асобы каго ўдалося высьветліць, улады Беларусі завялі крымінальныя справы і абвясьцілі іх у міжнародны вышук.
Частка беларускіх вайскоўцаў, якія ваююць за Ўкраіну, ужо атрымалі суворыя завочныя прысуды. Сярод іх былая мэдык палку Каліноўскага Анастасія «Север» Махамет, ёй прысудзілі 18 гадоў калёніі. Добраахвотніку Паўлу Кулажанку далі 24 гады, Яну Мельнікаву, Ігнату Граноўскаму, Арцёму Бігелю — па 20 гадоў, Вячаславу Граноўскаму — 12 гадоў завочна.
Ёсьць і прысуды тым, хто нейкім чынам апынуўся ў Беларусі. Тым, якія ваявалі супраць Расеі на баку Ўкраіны, вынесьлі прынамсі тры вочныя прысуды і пасадзілі. Ім далі ад 5 да 13 гадоў калёніі.
Праваабаронцам вядома пра сама меней 50 чалавек, якіх у Беларусі вінавацяць ва «ўдзеле або падрыхтоўцы да ўдзелу ў вайсковых дзеяньня грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі іншаземнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавы» (артыкул 361-3 Крымінальнага кодэксу).
Аднак ня ўсе гэтыя людзі ваявалі ва Ўкраіне і цяпер апынуліся за кратамі ў Беларусі. Сярод іх ёсьць тыя, хто ахвяраваў грошы на патрэбы ўкраінскага боку ў вайне; хто нібыта хацеў паехаць на вайну, але не даехаў; а таксама тыя, каго асудзілі завочна, бо яны за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Кібэрпартызаны»: Расея працягвае вэрбаваць на вайну беларусаў, якія адбываюць пакараньні ў расейскіх турмах- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- Ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.