Гэта Андрэй Сыбіга сказаў на анлайн-канфэрэнцыі пасьля вяртаньня з міністэрскай сустрэчы NATO, паведамляе ўкраінскае выданьне «Європейська правда».
Сыбіга пракамэнтаваў нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, якога, паводле слоў міністра, Украіна працягвае лічыць саўдзельнікам злачынства супраць Украіны і патрабуе ягонага пакараньня. Міністар замежных спраў Украіны назваў публічную прапанову Лукашэнкі сустрэцца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім «вельмі дзіўнай заявай» і даў зразумець, што ў Кіева няма такой зацікаўленасьці.
Сыбіга казаў, што у Кіеве чакаюць Сьвятлану Ціханоўскую ў бліжэйшы час, «каб нам было з кім пагаварыць па ўсіх пытаньнях, якія тычацца Беларусі»:
«Украіна падтрымлівае кантакт з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі. І адным з лідараў гэтых прадстаўнікоў зьяўляецца спадарыня Ціханоўская. І мы будзем вітаць яе ў Кіеве, таму што для нас важна падтрымліваць сувязі з беларускім народам», — цытуе міністра «Інтэрфакс-Украіна».
Сыбіга падкрэсьліў, што для Ўкраіны важна, каб Беларусь «не ператварылася ў беззаконную правінцыю ў складзе Расеі».
Візіт Ціханоўскай раней афіцыйна не анансаваўся. Паводле выданьня «Європейська правда», ён можа адбыцца на наступным тыдні.
Камэнтуючы пляны Украіны на беларускім кірунку, Андрэй Сыбіга падкрэсьліў, што лічыць гістарычныя мэты Ўкраіны і Беларусі зьвязанымі.
«Мы павінны дапамагчы Беларусі стаць эўрапейскім калегам, бо Беларусь — гэта таксама Эўропа», — растлумачыў ён.
На мінулым тыдні Міністэрства замежных спраў Украіны прызначыла адказнага за кантакты з беларускаю апазыцыяй Яраслава Чарнагора, а перад гэтым Сыбіга сустрэўся зь лідэрам беларускага апазыцыйнага руху.
Дырэктар праграмы расейскіх і беларускіх дасьледаваньняў Рады зьнешняй палітыкі «Ўкраінская прызма», кандыдат гістарычных навук Яраслаў Чарнагор прызначаны паслом у асаблівых даручэньнях у пытаньнях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін.
Дарадца Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзяніс Кучынскі сказаў «Белсату», што даты візыту ва Ўкраіну раскрыць ня можа:
«У нас ёсьць ясная вызначанасьць наконт гэтага візыту, але ягоныя дэталі з мэтаў бясьпекі мы пакуль не паведамляем».
Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.
Падрыхтоўка да візыту Ціханоўскай у Кіеў вядзецца з пачатку вясны, вядома, што яна плянуе адкрыць у Кіеве Місію дэмакратычных сіл Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома прозьвішча прадстаўніка МЗС Украіны ў справах БеларусіШто папярэднічала?
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 траўня на сустрэчы з кіраўніцтвам Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл, Міністэрства абароны, СБУ абмеркаваў спробы Расеі яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Зяленскі заявіў, што даручыў сілам абароны і бясьпекі Ўкраіны ўзмацніць гэты напрамак і падаць плян рэагаваньня на выпадак агрэсіі зь беларускага боку.
Аляксандар Лукашэнка пасьля гэтага выказаў гатовасьць сустрэцца зь Зяленскім на перамовы ў выпадку, калі афіцыйны Кіеў будзе мець у гэтым патрэбу.
«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ нешта, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любым пункце — Украіны, Беларусі — я гатовы зь ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносінаў. І, можа, пагаварыць аб даляглядах. Чамусьці з амэрыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсьць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што».
Дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Дзьмітро Літвін адзначыў, што заявы Лукашэнкі нічога ня значаць з 2022 году, калі Беларусь стала пляцдармам для расейскай агрэсіі.
«Вось чаму мы сочым за яго дзеяньнямі. У Лукашэнкі ёсьць звычка неяк дурнавата прыдумляць постфактумныя тлумачэньні таго, дзе на яго рыхтаваўся напад. Пра што тут казаць», — сказаў ён РБК-Україна.