Лукашэнка заявіў, што гатовы сустрэцца зь Зяленскім. У Кіеве адрэагавалі

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі фактычна адказаў на ранейшую заяву прэзыдэнта Ўкраіны.

Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на ранейшыя словы Ўладзіміра Зяленскага пра тое, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну.

Ён заявіў, што Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну толькі ў адным выпадку — калі на яе тэрыторыю «зьдзейсьняць агрэсію». Словы Лукашэнкі падае БелТА.

«І тут ужо ня ўцягнутая (вы чулі з вуснаў прэзыдэнта Расеі) — мы будзем разам абараняць нашу Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку, дзе разьмешчаныя дзьве дзяржавы. Таму калі й будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны ўчыняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Ўкраіне не зьбіраемся. У гэтым няма ніякай патрэбы. Ні цывільнай, ні вайсковай».

Акрамя таго, Лукашэнка выказаў гатовасьць сустрэцца зь Зяленскім на перамовы ў выпадку, калі афіцыйны Кіеў будзе мець у гэтым патрэбу.

«Калі ён хоча пра нешта пагаварыць, параіцца ці яшчэ нешта, калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. У любым пункце — Украіны, Беларусі — я гатовы зь ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносінаў. І, можа, пагаварыць аб даляглядах. Чамусьці з амэрыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі ў нас ёсьць пра што размаўляць, а з Украінай няма пра што» — дадаў ён.

Украіна адрэагавала

Дарадца прэзідэнта Ўкраіны Дзьмітро Літвін адзначыў, што заявы Лукашэнкі нічога ня значаць з 2022 году, калі Беларусь стала пляцдармам для расейскай агрэсіі.

«Вось чаму мы сочым за яго дзеяньнямі. У Лукашэнкі ёсьць звычка неяк дурнавата прыдумляць постфактумныя тлумачэньні таго, дзе на яго рыхтаваўся напад. Пра што тут казаць», — сказаў ён РБК-Україна.

Акрамя таго, Літвін паведаміў, што Зяленскі 21 траўня быў у Славуцічы, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, і размаўляў з грамадзкасьцю пра пытаньні бясьпекі.

Што папярэднічала?

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 траўня на сустрэчы з кіраўніцтвам Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл, Міністэрства абароны, СБУ абмеркаваў спробы Расеі яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.

«У прыватнасьці, Расея разглядае пляны апэрацый у напрамках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць чарнігаўска-кіеўскага напрамку ва Ўкраіне, альбо супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна мае падрабязнасьці размовы паміж Расеяй і Беларусьсю. Украіна, несумненна, абароніць сябе і свой народ, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць гэты расейскі намер», — сказаў Зяленскі.

Ён заявіў, што даручыў сілам абароны і бясьпекі Ўкраіны ўзмацніць гэты напрамак і падаць плян рэагаваньня на выпадак агрэсіі зь беларускага боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна падрыхтуе захады «дыпляматычнага ўзьдзеяньня» на Беларусь і непублічныя дзеяньні