Былыя палітвязьні ўзгадалі тых, хто, рызыкуючы, дапамагаў ім за кратамі і на волі

Алесь Бяляцкі падчас прамовы на адкрыцьці віленскай часкті III Кангрэсу па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause

21 траўня ў Вільні праходзіць Трэці Кангрэс палітвязьняў, які адкрыўся дзьвюма днямі раней у Познані, а цяпер пераехаў у сталіцу Літвы.

У Вільні сабраліся больш за сто былых палітвязьняў, сваякоў тых, хто цяпер застаецца за кратамі, валянтэраў, актывісты і журналісты. Удзельнікі выступалі пра тое, як дамагчыся вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, спыніць рэпрэсіі, якія на радзіме не заканчваюцца, чым дапамагчы тым, хто апынуўся за мяжой без дакумэнтаў і працы.

Форуму вітала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, якая выказалася ня толькі як палітык, але і як жонка былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, знаёмая з пакутамі тых, хто чакае родных зь няволі.

Сьвятлана Ціханоўская

«Добра, што адбываюцца такія цэнтральныя падзеі нашага жыцьця, калі мы можам сустрэцца з былымі палітвязьням, паглядзець у вочы адно аднаму. Але зь іншага боку страшна ад думкі, што такая жахлівая зьява, як палітвязьні, стала нормай жыцьця беларусаў», — адзначыла Ціханоўская.

Яна назвала галоўнай мэтай зрабіць гэтак, каб у Беларусі «больш ніколі не было палітычных зьняволеных». Ціханоўская згадала Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, Ігара Лосіка. На думку Ціханоўскай, гэтыя людзі паказалі беларусам прыклады мужнасьці і нязломнасьці. Згадала Ціханоўская і тое, што больш за 800 палітзьняволеных яшчэ застаюцца за кратамі ў Беларусі і вядзецца барацьба за іх вызваленьне. Сярод іншых яна назвала Вацлава Арэшку, які амаль страціў зрок у няволі, і журналіста Ігара Ільяша.

Выступ Сьвятланы Ціханоўскай

Ціханоўская назвала значнай перамогай усіх беларусаў тое, што цягам апошніх гадоў удалося дамагчыся вызваленьня соцень палітвязьняў. Паводле Ціханоўскай гэта стала магчымым дзякуючы змаганьню за іх усіх беларусаў, стварэньню міжнароднай кааліцыі дапамогі, санкцыйнаму ціску на беларускі рэжым, а таксама дыпляматычным намаганьням ЗША. Асобна Сьвятлана Ціханоўская падзякавала за дапамогу, якая надаецца беларускім палітвязьням, Эўракамісіі, урадам Польшчы і Літвы, сябрам Міжнароднага гуманітаранага фонду, арганізацыі Freedom House.

III Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause у Вільні

Першую панэль кангрэсу, прысьвечаную праблемам салідарнасьці з палітвязьнямі, мадэравала журналістка Юлія Коцкая.

Ці патрэбная салідарнасьць, калі для многіх яна заканчваецца дадатковым пакараньнем. Ці існуе салідарнасьці паміж вязьнямі ў саміх вязьніцах? Ці бывае, што дапамогу аказваць супрацоўнікі калёній? — вакол гэтым пытаньняў вялася дыскусія з удзелам былых палітвязьняў і іншых удзельнікаў.

Першая панэль кангрэсу, прысьвечаная праблемам салідарнасьці з палітвязьнямі

Паводле былой палітзьняволенай Натальлі Дулінай найбольшы стрэс яна адчула ў турме на Акрэсьціна.

«Гэта самае дно ў сэнсе рэпрэсій», — адзначыла выкладчыца італьянскай мовы, якой давялося некалькі разоў пабываць пад адміністрацыйным арыштам яшчэ да калёніі. Але яе ратавала спагада і салідарнасьць, магчымасьць быць побач з тымі, хто «глядзяць з табой у адзін бок».

Былая палітзьняволеная Натальля Дуліна і мадэратарка Юлія Коцкая

Павал Севярынец згадаў, чым яму аднойчы адбілася салідарнасьць, якую праявілі на волі.

«Цябе падтрымліваюць, таму ты паедзеш на 10 сутак», — сказаў былому палітвязьню турэмны начальнік.

Але Павал не шкадуе, што людзі выказвалі яму падтрымку. Аднойчы гэта ён адчуш і ад ахоўніка, але часьцей — ад іншых вязьняў і ня толькі палітычных.

«Перадавалі цукерку і гэтага было дастаткова», — згадаў Севярынец.

Павал Севярынец

«Вясновец» Уладзімер Лабковіч распавёў, як яму ціснулі руку іншыя вязьні, калі даведваліся, што ён праваабаронца:

«Салідарнасьць праяўляюць і простыя крымінальнікі, я быў такім вельмі ўдзячны. Нават калі было цяжка, усё роўна была важная салідарнасьць. Мне жонка на званку казала, што цябе не забылі і мяне гэта вельмі сагравала. І маці раскавала, што знаходзіла ў паштовай скрыні лісты падтрымкі», — згадаў былы палітвязень.

Уладзь Лабковіч

Таксама Лабковіч заклікаў не спыняць за мяжой акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі.

Перад вызваленьнем ён я атрымліваў звароты, у якіх людзі прасілі пра іх не забываць.

«Можа цябе вызваляць, ты ж вядомы, дык калі ласка, не забудзь пра нас», — пісалі яму вязьні.

Лабковіч сядзеў у адзіночцы і вывучыў на памяць тэлефоны сваякоў тых людзей, якія яму пісалі, а як выйшаў на волю, цягам некалькіх дзён тэлефанаваў ім.

Паводле Лабковіча праявы салідарнасьці ён бачыў і ад ахоўнікаў. Аднаго разу супрацоўнік ПК-17 папрасіў у яго прабачэньня за тое, што там адбываецца з палітвязьнямі.

«Але ўсё ж мая гісторыя — гэта больш гісторыя бесчалавечнасьці. Мне падаецца, што там і бясплатна згодныя працаваць тыя, кім авалодала нянавісьць да палітычных», — мяркуе Лабковіч.

На сьценах залі - партрэты палітзьняволеных, што намалявала мастачка Ксіша Ангелава

Чым можна дапамагчы палітвязьням, якія застаюцца за кратамі?

Павал Севярынец заклікае ахвяраваць сродкі, выказвацца на публічных акцыях за вызваленьне і ціск на ўлады.

Натальля Дуліна раіць больш дапамагаць сваякам, якім «яшчэ горш»:

«Такая падтрымка — гэта мосьцік, які даводзіць спачуваньне і да саміх палітвязьняў».

Былых палітвязьняў спыталі, што трэба рабіць беларускаму грамадзтву, каб траўма, атрыманая ў выніку рэпрэсій, ня стала нормай.

Удзельнікі кангрэсу, замежныя дыпляматы

Натальля Дуліна перакананая, што ня трэба замоўчваць гісторыі пра рэпрэсіі, у тым ліку тыя праблемы, зь якімі цяпер сутыкаюцца былыя палітвязьні. Яна нагадвае, што пасьля турмы яе вывезьлі за мяжу, пазбавілі радзімы, а гэта яшчэ адна траўма.

Севярынец выказаўся больш стрымана:

«Бог абарочвае боль у дабро», — мяркуе палітык і вернік Павал Севярынец. Ён лічыць, што тыя, хто пабываў у вязьніцах, загартаваўся для будучай палітычнай барацьбы. «Гэта рэсурс, гэта наша сіла!», — кажа Севярынец.

Выстава прысьвечаная палітычна зьняволеным беларускім журналістам у холе, дзе праходзіў кангрэс

Лабковіч падтрымаў Дуліну, ён прапануе не забываць і расказваць пра кожнага, хто там пабываў і хто там яшчэ застаецца: «Важна не забываць і не маўчаць».

Былая адвакатка Натальля Мацкевіч распавяла пра сыстэму міжнароднай юрыдычнай ацэнкі падзей у Беларусі і дзеяньняў уладаў ды праваахоўнікаў. Яна мяркуе, што злачынствы рэжыму будуць ацэненыя паводле міжнародных законаў, таму важна дакумэнтаваць злачынствы.

Яўгенія Верамейчык у цішотцы з партрэтам свайго мужа - палітзьняволенага Васіля Верамейчыка, былога ваяра палку Каліноўскага. Яму прысудзілі ў Беларусі 13 год пазбаўленьня волі

«Запалохваюць і помсьцяць»

На другой дыскусійнай панэлі, якую вяла журналістка Наста Роўда, удзельнікі кангрэсу абмеркавалі праблемы салідарнасьці і дапамогі журналістам, якія апынуліся за кратамі, а таксама тое, як варта асьвятляць тэму рэпрэсій у СМІ.

Паводле ўзроўню рэпрэсій супраць журналістаў Беларусь у ліку горшых у сьвеце. 55 журналістаў пабывалі за кратамі, яшчэ 21 супрацоўнік мэдыяў застаецца ў няволі. Але да палітвязьняў-журналістаў за кратамі асаблівая ўвага: іх паказальна караюць, ім помсьцяць за тое, што «не гэтак асьвятлялі пратэсты».

Другая панэль кангрэсу па палітзьняволеных

Былая тэлежурналістка Ксенія Луцкіна перакананая, што пісаць усё роўна трэба.

«Але ёсьць нюансы. Трэба правяраць інфармацыю. Бо калі напісаць пра тое, чаго не было, то будзе горш», — сказала Ксенія і распавяла выпадак, калі інфармацыя ёй пашкодзіла.

Паводле Луцкіной беларускія ўлады вельмі хацелі б, каб пра турмы і тое, што ў іх адбываецца не з’яўлялася ніякай нэгатыўнай інфармацыі.

«Заткні язык у азадак і сядзі. Гэта цытата», — распавяла Ксенія пра пачутае ад сілавікоў па выхадзе з калёніі. Яе прымушалі маўчаць і застрашвалі тым, што будзе горш сваякам.

Пра «спачуваньне» з боку турэмшчыкаў журналістка згадала гісторыю, як ледзь не патрапіла ў ШЫЗА калі была ў вельмі кепскім стане.

Ксенія Луцкіна

«Баюся, вы ў ШЫЗА памрэце, а нам гэтага ня трэба», — неяк сказаў ёй турэмшчык.

Цяпер Ксенія жыве ў Нямеччыне, супрацоўнічае з мясцовымі мэдыямі, па меры магчымасьцяў расказвае пра тых беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Але зазначае, што пра праблемы беларускіх палітвязьняў у Нямеччыне «мала ведаюць».

Ягор Марціновіч

Журналіст Ягор Марціновіч выказаўся за тое, што трэба ўважліва выбіраць, пра каго з палітвязьняў паведамляць, каб не нашкодзіць.

«Калі чалавек у інкамунікада, калі ў дрэнным стане паводле здароўя — адна рэч. Але калі проста зьвесткі, што сядзіць, то гэта нічога не дае».

Таксама Ягор заклікаў больш паведамляць пра тых былых палітвязьняў, якія пасьля вызваленьньня дасягнулі пэўных посьпехаў у новым жыцьці. «Станоўчы прыклад вельмі важны», — мяркуе журналіст.

Былая палітзьняволеная Марфа Рабкова

Бяляцкі: «Нам трэба вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь»

Праваабаронца «Вясны», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міра Алесь Бяляцкі выступаючы на кангрэсе назваў тры асноўныя мэты, на якіх, на ягоную думку, трэба засяродзіцца беларусам. Гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій і толькі потым — пачатак грамадзкага дыялёгу.

«Нам мала быць на свабодзе, нам трэба вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь», — сказаў Алесь Бяляцкі.

Беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні, ён заклікаў да асабістай актыўнасьці і паразуменьня.

Віцэ-старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн разам са Сьвятланай Ціханоўскай і Алесем Бяляцкім

«Самім былым палітзьняволеным таксама не трэба апускаць рукі, станавіцца спажыўцамі, гэтак скажу, дапамогі. Мы самі павінны дбаць пра сябе: пра сваё здароўе, адукацыю, працу і маральны стан. Гэта таксама ў вялікай ступені залежыць ад саміх нас. Як мага менш сварыцца, шукаць вінаватых, каб быць больш канструктыўнымі і больш пазытыўнымі. Ад гэтага будзе больш карысьці і для ўсіх нас і для грамадзтва. Я вельмі хацеў бы, каб былыя палітвязьні пісалі ўспаміны пра тое, што зь імі было, каб гэта заставалася ў зафіксаваным выглядзе», — сказаў Свабодзе былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Выступае амбасадар Чэшскай Рэспублікі ў Літоўскай Рэспубліцы Алеша Опата

Гэтай тэме — літаратуры, напісанай у вязьніцах і пра вязьніцы — была прысьвечана на кангрэсе наступная дыскусійная панэль, якую мадэраваў журналіст і пісьменьнік Алесь Лукашук.

Пытаньне з залі ад Аляксандра Лукашука

22 траўня III Кангрэс па палітвязьнях у Беларусі працягне сваю працу ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Якія акцыі пройдуць у Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі 21 траўня. Расклад

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Познані пачаўся Трэці кангрэс палітвязьняў, які пазьней пераедзе ў Вільню. Чым адметны форум