Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка, які кіруе ядзернымі вучэньнямі на беларускай тэрыторыі, паведаміў Аляксандру Лукашэнку задуму вайсковых манэўраў у падрыхтоўцы ядзернай зброі да выкарыстаньня і ўжываньня.
Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, гэта адбылося ў ракетнай брыгадзе, што дысьлякуецца ў Асіповіцкім раёне.
Яшчэ летась расьсьледаваньне Радыё Свабода называла лякацыю пад Асіповічамі верагодным месцам дысьлякацыі расейскай ядзернай зброі. Менавіта там улады Беларусі імкліва разбудоўвалі вайсковую інфраструктуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Асіповічах разбудоўваюць інфраструктуру для расейскай ядзернай зброі? Спадарожнікавыя здымкіЛукашэнку паказалі, як працуе ракетны комплекс «Іскандэр-М» і прадэманстравалі нанясеньне ўмоўнага ракетнага ўдару.
«Усе дзеяньні зрабілі такім чынам, як гэта было б у рэальнай баявой абстаноўцы. З адзіным важным нюансам — непасрэднага запуску ракеты не было», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Пасьля ўмоўнага запуску ядзернай ракеты Лукашэнка сказаў: «Калісьці я аб гэтай машыне марыў. А сёньня яна ў нас не адна. І вы лепш за мяне ведаеце, што гэта добрая зброя».
Лукашэнка і Пуцін зьвязаліся па відэасувязі падчас трэніроўкі ядзерных сіл, паведаміла БелТА.
Лукашэнка сказаў Пуціну, што гэта першая такая сумесная трэніроўка і што яны яшчэ зімой абмяркоўвалі свой удзел у ёй.
«Я вас абсалютна падтрымліваю, мы нікому абсалютна не пагражаем. Але ў нас ёсьць такая зброя, і мы гатовыя ўсяляк абараняць нашу сумесную Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастока. Калі нешта ёсьць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца»,— сказаў Лукашэнка.
Што папярэднічала
18 траўня ў Беларусі паведамілі аб пачатку ядзерных вучэньнящ, супольных з Расеяй. У Расеі заявілі аб пачатку сваіх трэнаваньняў 19 траўня. 21 траўня — апошні дзень гэтых вучэньняў.
Бакі, у адрозьненьне ад іншых вайсковых манэўраў, не абнародавалі іх легенду.
У Міністэрстве абароны Беларусі ўвечары 20 траўня паведамілі аб правядзеньні імітацыі ракетных пускаў па вызначаных цэлях.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.
Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».
У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.
У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.
У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.