Абарону памежных зь Беларусьсю рэгіёнаў Украіны ўзмацнілі контравыведнымі і контрадывэрсійнымі падразьдзеламі

Украіна з 2022 году ўзмацняе сваю мяжу зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі і Сілы абароны Ўкраіны ўзмацнілі захады бясьпекі ў паўночных рэгіёнах краіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю і Расеяй.

«Гэтыя захады беспрэцэдэнтныя ў колькасьці залучаных сілаў і сродкаў на тэрыторыях, што мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю, і будуць дзейным чыньнікам стрыманьня якіх-хаця агрэсіўных дзеяньняў ці апэрацыі ворага і яго хаўрусьніка», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.

Узмацненьне абароны каардынуе Антытэрарыстычны цэнтар пры СБУ, удзел бяруць падразьдзелы Нацыянальнай паліцыі, Узброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы.

«Комплексныя захады прадугледжваюць маштабныя апераджальныя дзеяньні ў сфэрах контравыведнай і контрадывэрсійнай абароны на тэрыторыі Чарнігаўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Валынскай і Ровенскай вобласьцяў», — паведамілі ў спэцслужбе Ўкраіны.

Групы маюць не дапускаць пранікненьня ворага ў памежныя раёны, учыненьня дывэрсіяў і тэрарыстычных актаў, падрыўной і выведнай дзейнасьці.

У СБУ дадалі, што на некаторых тэрыторыях могуць абмежаваць праход і праезд пешаходаў і транспарту, увесьці ўзмоцненую праверку грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна падрыхтуе захады «дыпляматычнага ўзьдзеяньня» на Беларусь і непублічныя дзеяньні

Што папярэднічала

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 траўня на сустрэчы з кіраўніцтвам Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, Міністэрства абароны і СБУ абмеркаваў спробы Расеі яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.

«У прыватнасьці, Расея разглядае пляны апэрацыяў у кірунках на поўдзень і поўнач ад тэрыторыі Беларусі — або супраць чарнігаўска-кіеўскага кірунку ва Ўкраіне, або супраць адной з краін NATO — менавіта з тэрыторыі Беларусі. Украіна мае дэталі размовы паміж Расеяй і Беларусьсю. Украіна, бясспрэчна, будзе абараняць сябе і свой народ, калі Аляксандар Лукашэнка схібіць і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расейскі намер», — сказаў Зяленскі.

Раней генэрал Аляксандар Сырскі таксама заявіў пра пагрозу новага расейскага наступу з боку Беларусі і пра тэндэнцыю да павелічэньня лініі фронту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны заявіў пра расейскую пагрозу з боку Беларусі

Чаму гэта важна

15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ужо казаў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне або па адной з краін NATO, гучалі папярэджаньні, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.

У лютым 2022 году Расея выкарыстала беларускую тэрыторыю для нападу на Ўкраіну, яе танкі ішлі празь беларуска-ўкраінскую мяжу, Расея выкарыстоўвала беларускія аэрадромы, паветраную прастору, аўтамабільныя дарогі, чыгунку, іншую інфраструктуру для атакаваньня Ўкраіны.

Доўгі час беларуская тэрыторыя была фактычна тылавой для расейскай арміі, а ўлада ўсяляк спрыяла расейскай агрэсіі, выступаючы яе саюзьнікам у вайне з Украінай.

Цяпер абстрэлаў Украіны ракетамі зь беларускай тэрыторыі не фіксуюць, але расейскія дроны, якія атакуюць Украіну, часам лятуць празь Беларусь.