4 траўня дзяржаўнае інфармацыйнае агентцва БелТА, а за ім раённыя СМІ паведамілі пра новае беларускае ноў-хаў — праграму «Искра Ультра», якая вызначае, ці зьяўляецца кантэнт у інтэрнэце «экстрэмісцкім». Нібыта гэта інфармацыйны інструмэнт, які аналізуе спасылкі, тэкст, выявы, аўдыё, відэа і вызначае, «дэструктыўныя» яны ці не.
Хто зрабіў «Искру»
Дзяржаўныя СМІ называюць імя распрацоўніка — гэта супрацоўнік выданьня «Лоеўскі край» і студэнт Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Раман Нядбайла.
«Створаныя альгарытмы шматузроўневай дэтэкцыі кантэнту, уключаючы аўтаматызаваную зьверку з Рэспубліканскім сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі. Праграма праводзіць глыбокі сэмантычны аналіз тэксту (LLM) і аўтаматычны фактчэк празь дзяржаўныя СМІ ў рэжыме рэальнага часу. Таксама інтэграваныя модулі кампутарнага зроку для распазнаваньня твараў і забароненай сымболікі на фота- і відэаматэрыялах», — расказвае Раман пра сваю распрацоўку.
Назва навінкі паходзіць ад найменьня моладзевага крыла праўладнай партыі «Белая Русь» — яно і называецца «Искра». Акурат раённую філію гэтай структуры ў Лоеўскім раёне ўзначальвае 24-гадовы Раман Нядбайла. Раней ён атрымаў дыплём пэдагога, а цяпер завочна вучыцца на праграміста. У раёнцы ён кіруе аддзелам рэклямы, а таксама рэгулярна зьяўляецца ў канале TikTok гэтага выданьня, дзе спрабуе крэатывіць. То з трыма дзяўчатамі ходзіць з чырвона-зялёным сьцягам пад хіт «Песьняроў» «Бялявая, чарнявая», то рэклямуе Лоеўшчыну.
У сетцы «Ўкантакце» Раман мае закрыты акаўнт, на старонцы няма амаль ніякай інфармацыі. Калісьці ён указваў сярод улюбёных кнігі амэрыканскіх пісьменьнікаў Гэмліна Гарланда і Робэрта Макрэйнальдса, якія пісалі пра жыцьцё каўбояў, золаташукальнікаў і пра Дзікі Захад.
Як працуе гэтая праграма
Яшчэ на этапе прачытаньня інструкцыі да «Искры» ўзьнікаюць пытаньні наконт яе арыгінальнасьці. Напрыклад, распрацоўнікі раяць выкарыстоўваць напісаньне прозьвішча лацінкай. Гэта можа сьведчыць пра выкарыстаньне староньняй моўнай мадэлі (LLM). Паколькі зь Беларусі доступ да папулярных заходніх распрацовак у гэтай галіне абмежаваны, то, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваецца ці то кітайскі, ці то расейскі аналяг. Таксама ў праграму трэба ўручную заладаваць сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў з сайту Міністэрства інфармацыі.
Свабода адшукала спасылку на праграму «Искра Ультра» і выпрабавала новы прадукт. «Искра» ўсталёўваецца на кампутар, пасьля ў браўзэры праз IP-адрас падлучаецца да сэрвэру. Ёсьць разьдзелы «аналіз мэдыя», «аналіз тэксту», «базы дадзеных» і «дашборд», дзе ў рэжыме рэальнага часу публікуецца інфармацыя аб сьвежых «экстрэмісцкіх» матэрыялах, якія выявілі іншыя карыстальнікі.
Так выглядае інтэрфейс «Искры Ультра». Мы паспрабавалі праверыць празь яе адну са старонак сайта Свабоды. «Небясьпекі» ня выяўлена
Яшчэ на этапе падлучэньня мільгае надпіс пра тое, што гэтае праграмнае забесьпячэньне часткова распрацавана ў расейскім Сколкаве. А ў файлах праграмы бачна, што выкарыстоўваецца таксама сыстэма распазнаваньня ад кітайскага DeepSeek.
Не знайшла «Искра Ультра» крамолы і на сайце НН
А вось з вызначэньнем кантэнту ў распрацоўнікаў яўныя праблемы. Кідаеш на аналіз тэкст зь любога незалежнага рэсурсу зь ліку прызнаных «экстрэмісцкімі» — ніякіх праблем, праграма вызначае кантэнт як бясьпечны. На двух фатаздымках зь бел-чырвона-белым сьцягам праграма таксама не знайшла праблем. На фота Ціханоўскай, зноў жа са сьцягам, — таксама ўсё бясьпечна. А вось фатаздымак бляшанкі рагачоўскай згушчанкі праграмна-аналітычны комплекс забракаваў: «магчымая нацысцкая сымболіка». Тое самае адбылося яшчэ зь некалькімі нэўтральнымі карцінкамі з інтэрнэту.
А так «Искра Ультра» адрэагавала на выяву банкі рагачоўскай згушчонкі. Адзнака пра пагрозу гэтага кантэнту зьверху справа
Мы знайшлі гэтую праграму ў тэлеграм-канале раёнкі «Лоеўскі край», там не было пазначана, што праграма непрацоўная ці што гэта бэта-вэрсія.
«Самацэнзура для чыноўнікаў»
Паводле мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча, падобныя распрацоўкі толькі ўводзяць дадатковы этап самацэнзуры для дзяржаўных службоўцаў.
«Рэальная функцыя — папярэдняя самацэнзура для дзяржаўных і партыйных службоўцаў, а не вэрыфікацыя таго, ці напрыклад, бясьпечна паставіць гэтую песьню на мерапрыемстве, не вэрыфікацыя інфармацыі для аўдыторыі», — мяркуе экспэрт.
Таксама суразмоўцы мае сумневы, ці гэтая праграма ў прынцыпе здольная вызначаць сымболіку і твары па фота, для гэтага патрэбныя іншыя рэсурсы. Праблемы з вызначэньнем пацьвярджаюцца і нашым тэстам.
Міхаіл Дарашэвіч
«Распазнаваньне сымболікі, відэаідэнтыфікацыя — гэта адказ за лічаныя сэкунды. Але гэта нешта занадта гучна заяўленае, бо нават нейкія глябальныя прадукты, у якіх ёсьць мэтадалёгія, такога не заяўляюць. Бо распазнаваньне твараў патрабуе базы твараў. Дэтэкцыя бел-чырвона-белага сьцяга, „Пагоні“ патрабуе дадатковага навучаньня, увогуле розных сыстэмаў распазнаваньня. І патрабуе вялікага збору дадзеных. А з улікам таго, што архіў ня вельмі вялікі, наўрад ці такое ёсьць. Аўдыяідэнтыфікацыя… Наўрад ці яны выкарыстоўваюць нейкі платны вонкавы сэрвіс. Напэўна, усё зроблена з чагосьці бясплатнага. Ну і плюс заява пра „лічаныя сэкунды“ бяз поўнага мультымадальнага пайплайну (Multimodal pipelines — вылічальныя сыстэмы для апрацоўкі і здабыцьця інфармацыі з розных відаў дадзеных. — РС) — гэта нерэалістычная задача без інфраструктуры», — мяркуе экспэрт.
Таксама ўзьнікаюць пытаньні да юрыдычнага аспэкту працы гэтага праграмнага забесьпячэньня, працягвае Дарашэвіч. Бо вызначэньнем «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Беларусі займаюцца адпаведныя органы.
«Зь юрыдычнага гледзішча „рэспубліканскі сьпіс“ — гэта інструмэнт з крымінальна-праўнымі наступствамі за распаўсюд. Гэта значыць, калі нехта пазначае кантэнт як „дэструктыўны“ па-за межамі сьпісу, то гэта пашырае правапрымяненьне безь юрыдычнай экспэртызы. А далей нічога не сказана ні пра мэтадалёгію, ні пра навучальны збор дадзеных, ні пра мэтрыкі якасьці. Якая працэдура апэляцыі, калі вызначэньне будзе памылковае?» — задаецца пытаньнем суразмоўца.
«Прарыўныя» распрацоўкі
За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі і праўладныя структуры ня раз хваліліся «прарыўнымі» распрацоўкамі ў сфэры ІТ.
Напрыклад, у канцы 2024 году беларускія дзяржаўныя мэдыя расказалі пра «свой Starlink» пад назвай «Кулиса». Гэтую сыстэму сувязі прэзэнтавалі Лукашэнку як «свой канкурэнт кампаніі SpaceX Ілана Маска». Папраўдзе ж навінка аказалася проста тэрміналамі спадарожнікавай сувязі на базе старых геастацыянарных тэхналёгіяў. Папросту кажучы, у параўнаньні з Starlink, якая мае свае ўласныя спадарожнікі, гэта звычайная дэкарацыя, бо ў Беларусі такіх няма. Лукашэнку проста паказалі стацыянарную сыстэму сувязі, якая падлучаецца да чужых спадарожнікаў.
У красавіку 2024 году ўрад Беларусі паставіў задачу распрацаваць сваю апэрацыйную сыстэму, вэб-браўзэр і офісны пакет. Усё гэта, з словаў чыноўнікаў, трэба для «лічбавага сувэрэнітэту» краіны. У выніку праз больш чым два гады нічога не чуваць ні пра «свой Windows», ні пра офісны пакет, ні пра браўзэр.
Таксама ў красавіку 2024 году ўлады Беларусі пахваліліся запускам «вітрыны лічбавых праектаў». Гэты праект стартаваў аж у 2021 годзе з плянам запусьціцца ў 2023-м, але дэдлайн быў сарваны. Хоць запуск быў прадпісаны нават указам Лукашэнкі «Аб лічбавым разьвіцьці».
Урэшце атрымалася проста інтэрнэт-старонка, дзе пералічаныя розныя ІТ-прадукты, распрацаваныя ў Беларусі. Выглядае не на «прарыўны» праект, а на дзяржаўнае партфоліё. Гэта ўсё адно, што хваліцца створанай у Excel табліцай.
З 2025 году ў Беларусі актыўны загаварылі пра «нацыянальны штучны інтэлект».
Аднак замест рэальных уласных распрацовак за інавацыі выдавалі проста карпаратыўныя чат-боты, асыстэнты, унутраныя АІ-дапаможнікі на базе чужых моўных мадэляў з адкрытага доступу.
Міхаіл Дарашэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што нават на міжнародныя падзеі ў галіне ІТ зараз у Беларусь прыяжджаюць толькі спэцыялісты з Расеі.
«Яны дамагліся страты інфармацыйнага сувэрэнітэту. На ўсе іхныя нават міжнародныя імпрэзы прыяжджаюць экспэрты толькі з Расеі. Свабода прадугледжвае і інтэлектуальную свабоду. І калі ты зашораны, то замест таго, каб падумаць, як свой Лоеў прасоўваць і чым ён выдатны, увогуле прыдумваеш, як правяраць на дэструктыўнасьць проста іншую думку, — кажа Дарашэвіч.