У Познані пачынаецца Трэці кангрэс палітвязьняў, які пазьней пераедзе ў Вільню. Чым яшчэ адметны форум

Другі кангрэс, прысьвечаны беларускім палітвязьням. Варшава, 26 верасьня 2025

З пачатку кампаніі 2020 году палітвязьнямі ў Беларусі прызналі 4619 чалавек. На 19 траўня 2026 году ў Беларусі было як мінімум 840 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю.

19 траўня ў Познані (Польшча) пачынаецца III Кангрэс па палітзьняволеных у Беларусі. Першая падзеяй форуму стане сустрэча беларускіх і польскіх студэнтаў ва Ўнівэрсытэце імя Адама Міцкевіча, дзе прэзэнтуюць кнігу «Няскоранае пакаленьне. Галасы беларускай моладзі 2020» і абмяркуюць ролю студэнцтва ў пратэстах і патрэбы маладых рэпрэсаваных беларусаў, якія апынуліся ў выгнаньні.

Асноўная пляцоўка III Кангрэсу па палітзьняволеных у Беларусі запрацуе 21 траўня ў Вільні. У сталіцы Літвы зьбяруцца былыя палітвязьні і сваякі тых, хто застаецца ў няволі, актывісты, валянтэры і палітыкі, засяроджаныя на салідарнасьці з палітвязьнямі, дапамозе ім і барацьбе за вызваленьне. У Вільні кангрэс працягнецца да 22 траўня.

Крысьціна Шыянок, прадстаўніца Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы, які арганізоўвае кангрэс пры падтрымцы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, распавяла Свабодзе, чым будзе адметны сёлетні форум і якога выніку чакаюць яго арганізатары.

«21 траўня — Дзень палітзьняволеных у Беларусі, які адзначаецца ў памяць пра гвалтоўную сьмерць палітзьняволенага актывіста Вітольда Ашурка ў шклоўскай калёніі 21 траўня 2021 года. Паколькі першы дзень Кангрэсу ў Вільні супадае з гэтым днём, ён будзе прысьвечаны тэме салідарнасьці і розным яе формам. Праз культуру, мастацтва, літаратуру, кіно мы зазірнём за турэмныя муры, каб убачыць маштаб рэпрэсій і адчуць сілу салідарнасьці. Чакаем сустрэчы з прыблізна 50 былымі палітвязьнямі і сваякамі, таксама прыйдуць актывісты, палітыкі — ужо маем каля 200 зарэгістраваных удзельнікаў. У першы дзень такасама будзе паказ мастацкага фільма Мары Тамковіч пра рэпрэсіі ў Беларусі „Пад шэрым небам“, права на паказ якога адмыслова выкупілі для Кангрэсу», — распавяла Крысьціна Шыянок.

Крысьціна Шыянок, архіўнае фота.

Паводле задумы арганізатараў, другі дзень кангрэсу ў Вільні будзе «больш працоўным і вострым».

«Пятніца на кангрэсе будзе прысьвечаная стратэгічным шляхам для пераходу ад фіксацыі злачынстваў да дзеяньняў, якія б паспрыялі разьвязваньню крызісу правоў чалавека ў Беларусі. Адбудуцца экспэртныя панэлі і дыскусіі, у якіх зможа браць удзел любы наведнік. Падкрэсьлю: ня проста задаваць пытаньні, але і далучацца да мікрафону ў дыскусіі. Абмяркуем мэтады праваабарончай працы, „этыку“ дапамогі ўнутры краіны і, канешне, ацэнім эфэктыўнасьць міжнароднага ціску на рэжым. Гэта, можа, самая балючая тэма. І зьвернем асаблівую ўвагу на ролю беларускіх дыяспар як крыніцы доўгатэрміновай дапамогі і рухавіку пераменаў», — сказала Крысьціна Шыянок.

На III Кангрэсе па палітзьняволеных у Беларусі будзе працаваць 7 тэматычных выстаў, а таксама выстава турэмнай літаратура былых беларускіх палітвязьняў.

Кангрэс арганізаваны ў супрацы з партнэрскімі арганізацыямі і пры падтрымцы чэскага філіяла фонду Rosa Luxemburg Stiftung.

Арганізатары форуму адзначаюць, што мадэратары і сьпікеры будуць працаваць на кангрэсе бясплатна.

Партнэрамі ў правядзеньні сайд-івэнту ў Познані выступаюць беларускія моладзевыя арганізацый LICHTAR, RADA ды іншыя ініцыятывы.

Які вынік мінулых кангрэсаў

Цяперашні Кангрэс палітвязьняў — ужо трэці з 2024 году, леташні форум адбываўся ў Варшаве і Познані. Пазамінулы кангрэс прайшоў у траўні 2024 году ў Празе, ён засяроджваўся на магчымых захадах дзеля вызваленьня палітвязьняў.

Пасьля мінулага кангрэсу былыя палітычныя зьняволеныя, якія мусілі зьехаць з Беларусі пасьля 2020 году, стварылі шэраг новых асацыяцыяў.

Крысьціна Шыянок дала сваю ацэнку таго, што было карысным на папярэднім кангрэсе ў Польшчы і што ўдалося зрабіць па ягоных выніках:

«Летась вельмі важным быў блёк, дзе выступалі асацыяцыі палітзьняволеных. Гэта дапамагло абазначыць, што зьявіліся новыя актары, яны выконваюць усё большую ролю ў справе, якой мы ўсе заклапочаныя, — вызваленьне палітвязьняў і дапамога. Таксама важнай атрымалася дыскусія пра ролю і працу Міжнароднага гуманітарнага фонду, бо ўдалося пра яго больш распавесьці, зьняць некаторыя пытаньні, якія ўзьнікалі. А сёлета мы паспрабуем перавесьці фокус з кароткатэрміновай падтрымкі на доўгатэрміновую. І важна разумець, што кангрэс ня мае фармату сходу, на якім прымаюцца мэмарандумы ці рашэньні. Гэта, хутчэй, пляцоўка, і важна, што яна інклюзыўная».

Шыянок пры гэтым заявіла, што хоць кангрэс ініцыюе праскі офіс дэмакратычных сіл, гэта не азначае яго повязь з адной палітычнай сілай ці адным палітычным вэктарам, наадварот:

«Самае важнае на падобных кангрэсах, што тут мы не гаворым пра палітзьняволеных без палітзьняволеных, якраз іх галасы тут галоўныя, а таксама галасы іх родных», — зазначыла Крысьціна Шыянок, прадстаўніца Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Другі кангрэс, прысьвечаны беларускім палітвязьням, праходзіць у Варшаве. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Большы дом, дапамога з рэгістрацыяй фонду. Кіраўнічкі беларускага шэлтару ў Варшаве расказалі Ціханоўскай пра свае праблемы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ёсьць і рознагалосьсі, якія варта абмеркаваць». Арганізатары патлумачылі мэты Другога кангрэсу, прысьвечанага палітвязьням