У Беларусі ўпершыню за 14 гадоў зафіксавалі выпадак шаленства ў чалавека

Ілюстрацыйная выява

У красавіку пацьверджаны выпадак захворваньня на шаленства ў жыхаркі Магілёўскай вобласьці, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Жанчыну падрапаў безнаглядны кот, па мэдычную дапамогу яна не зьвярталася і курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства не атрымала, адзначае ведамства.

Афіцыйна пра сьмерць жанчыны ведамства не паведамляе, аднак там падкрэсьлілі, што шаленства — «гэта абсалютна сьмяротнае захворваньне». Зьяўленьне клінічных прыкметаў паказвае на тое, што «захворваньне ўвайшло ў вострую фазу і лячэньне немагчымае: чалавек гіне ад паралюшу дыхальнай сыстэмы або спыненьня сэрца».

Шаленства ў людзей сустракаецца ў Беларусі вельмі рэдка. Апошні да згаданага выпадак захворваньня чалавека на шаленства зафіксавалі ў Беларусі ў 2012 годзе, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 10 верасьня 2025 году загадчыца аддзяленьня асабліва небясьпечных інфэкцый аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Анастасія Ляшкевіч, успомніла агенцтва «Позірк».

Паводле яе слоў, пасьля гэтага, дзякуючы «зьніжэньню колькасьці захворваньняў на шаленства сярод жывёлаў, правядзеньню імунізацыі дзікіх жывёлаў, павышэньню дасьведчанасьці людзей і іх больш адказнаму падыходу да ўтрыманьня хатніх жывёлаў», удалося дамагчыся таго, што з 2013 году такіх выпадкаў не фіксавалі.

Начальніца управы кантролю за супрацьэпізаатычнай і прафіляктычнай працай дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу Ірына Царык адзначала, што ў сьвеце ад шаленства штогод паміраюць каля 59 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзікіх жывёлаў у Беларусі будуць вакцынаваць ад шаленства з паветра