Блінчыкі і вайна. Гутарка зь беларускім ваяром Арцёмам Маркіным, якому невядомыя напісалі з акаўнту памерлай бабулі

Арцём Маркін у акопе

Беларускі добраахвотнік расказаў Свабодзе, як выпаў з працы праз «пасьмяротны акаўнт бабулі», чаму ён супраць гераізацыі вайны і як ён, сірата, сярод пабрацімаў знайшоў сям’ю.


Беларус Арцём Маркін, які ваюе за Ўкраіну, расказаў у Threads, як атрымаў запыт на сяброўства ад акаўнту з фота памерлай бабулі, якая выхоўвала яго зь дзяцінства. На тым баку прапаноўвалі абмеркаваць лёс кватэры, якую хлопец меўся атрымаць у спадчыну пасьля яе сьмерці. Арцём перакананы, што гэты акаўнт стварылі сілавікі.

Свабода пагаварыла з Арцёмам Маркіным пра бабулю Эму Андрэеўну, ейныя блінчыкі і вайну. Калі мы размаўляем, Арцём сядзіць у невялікім бліндажы разам зь іншымі пабрацімамі. Перад гэтым хлопец просіць перанесьці час сазвону, бо ягоны паплечнік тут жа робіць зарадку і «пыхкае на ўвесь бліндаж». Яны знаходзяцца на баявой пазыцыі на перадавой 27-ы дзень, хаця плянавалі толькі 14. Але лепш даўжэй заставацца на пазыцыі, чым загінуць, заўважае баец.

Арцём Маркін

«Ня думай зьяжджаць з Польшчы ва Ўкраіну», — прасіла хлопца бабуля, калі ён ужо амаль год ваяваў. Яна выгнала ўнука з хаты пасьля першага арышту за «марш недармаедаў», а пасьля пратэстаў 2020 году прыняла ўнукавых паплечнікаў-анархістаў як родных і сама выходзіла на маршы пэнсіянэраў у свае 82 гады. Эма Андрэеўна да сьмерці так і не даведалася, што ўнук паехаў ваяваць. Хоць адчувала, што ён там. А ўнук знайшоў на вайне сям’ю, якой у яго ніколі не было.

Акаўнт памерлай бабулі

Бабуля Эма Андрэеўна памерла ў Менску летась у кастрычніку, расказвае Арцём. Ёй было 87. Унук ужо пяць гадоў жыве за мяжой і ня змог прыехаць на пахаваньне, бо яму на радзіме пагражае турма. Онлайн таксама не прысутнічаў на разьвітаньні, бо было вельмі цяжка, нават ад фота зь ейнай магілы.

«Бабуля — самы блізкі чалавек, які выхоўваў мяне зь дзевяці гадоў. Гэта б паўплывала на маю працаздольнасьць і прафэсійныя навыкі», — тлумачыць Арцём, чаму не разглядаў варыянт разьвітаньня праз інтэрнэт.

Эма, бабуля Арцёма Маркіна. Фота з прыватнага архіву

У сьнежні 2025 году да яго ў сябры ў інстаграме пагрукаўся акаўнт з надмагільным фота бабулі. У паведамленьнях аўтар прапаноўваў пагаварыць пра ейную кватэру, адзіным магчымым спадкаемцам якой быў Арцём.

Скрыншот апублікаванага Арцёмам допісу ў Threads

«Калі я прачытаў, мне вельмі дрэнна стала. Я быў на пазыцыях. Я амаль выпаў з працы на дзень. Лічу іх мэнтальна хворымі, са зьмешчаным маральным компасам», — кажа суразмоўца.

Пазьней нехта зьвязаўся з Арцёмам па тэлефоне праз суседку бабулі. Чалавек спачатку назваўся супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў, а потым жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Ён стаў угаворваць Арцёма вярнуцца на радзіму.

«Усё будзе добра. Вам трэба да сакавіка атрымаць спадчыну, інакш вы страціце хату. Мы хочам вам дапамагчы», — пераказвае хлопец словы суразмоўцы.

Той агаварыўся, што мае перад вачыма прафайл Маркіна і што на радзіме яму нібыта нічога не пагражае, бо 2020 год даўно прайшоў. Арцём адказаў, што не давярае яму і што дадому не паедзе.

«Гэта апошняе, пра што я шкадую. Гэта такая дробязь. Я зрабіў свой выбар», — кажа хлопец пра кватэру, якую ён ня змог атрымаць у спадчыну.

Сталёвы характар

«Бабуля — чалавек зь цяжкім лёсам. Гэта вельмі прынцыповы, моцны і жорсткі чалавек. Яна абрывала сувязі зь людзьмі пры любой здрадзе», — пачынае аповед Арцём.

Эма Андрэеўна нарадзілася ў вёсцы на Віцебшчыне. З 16 гадоў пайшла працаваць, зарабіла на кватэру і пераехала ў Менск. Далей усё жыцьцё працавала на камвольным камбінаце швачкай.

Бабуля Эма Андрэеўна Маркіна падчас працы на камвольным камбінаце

Зь ёй у хлопца былі няпростыя адносіны, дзеліцца суразмоўца. Яна яго выхоўвала пасьля сьмерці маці, ейнай дачкі. Бабуля вымусіла бацьку хлопчыка адмовіцца ад бацькоўскіх правоў і ўзяла дзіця пад апеку. Так Арцём афіцыйна стаў сіратой.

Ягоная маці памерла ад раку падстраўнікавай залозы. Хлопец успамінае, што бацька піў, падымаў на маці руку, а ён, малы, спрабаваў яе абараніць. На гэтых словах ён апускае вочы і бярэ паўзу. Арцём мяркуе, што гэта «бацька давёў маці». З бацькам хлопец потым бачыўся нячаста, хоць жылі яны ў суседзтве. Мяркуе, што ён быў бацьку непатрэбны. Калі той памёр дзесяць гадоў таму, Арцём прыйшоў на пахаваньне, але адмовіўся сказаць прамову, бо «нічога добрага сказаць ня мог».

Арцём з мамай Валянцінай

Дзед Арцёма таксама піў. Аднойчы ён адкрыў газ у кватэры, каб забіць жонку і ўнука, успамінае хлопец. Пасьля гэтага трапіў у псыхіятрычны шпіталь у Навінках, дзе неўзабаве памёр.

«Бабуля рабіла для мяне ўсё што магла. Яна вымушана была смажыць семкі і гандляваць, каб я меў усё», — успамінае ён.

Маці Арцёма Валянціна

Хлопчык у дзяцінстве хадзіў у нядзельную школу, займаўся тхэквандо, каратэ, плаваньнем. Ён успамінае, што калі яшчэ жыў з маці, то быў «жудасным хуліганам», прыносіў у дзёньніку заўвагі. А ўжо «бабулі з сталёвым характарам» ён баяўся і пачаў добра вучыцца.

Выгнала з хаты

У падлеткавым узросьце Арцём стаў панкам, пачаўся падлеткавы бунт, успамінае ён. Стаў часьцей сварыцца з бабуляй. Урэшце яна сказала ўнуку ісьці вучыцца хоць куды пасьля дзявятай клясы. Ён паступіў у політэхнічны каледж, хаця больш цікавіўся гуманітарнымі навукамі.

Пасьля вучобы чатыры гады адпрацаваў электрыкам на Менскім маторным заводзе, потым на «Камунарцы» і ў чыжоўскім заапарку. Урэшце яго звольнілі, «бо змагаўся за правы». Бабуля сварылася на ўнука, што ён нейкі час не працаваў, і нават забараніла браць ейную ежу. Выклікала на ўнука ўчастковага, бо ў яго віселі плякаты зь лёзунгамі супраць міліцыянтаў.

Арцём у дзяцінстве разам з бабуляй

«Не разумею, чаго бабуля чакала ад чалавека, якога яна вырасьціла на кнігах Гюго і на „Спартаку“, кнігах пра паўстаньне, справядлівасьць і рэвалюцыю. Я вельмі шмат чытаў, у тым ліку літаратуры пра анархізм. Прывычку чытаць мне прышчапіла бабуля», — расказвае хлопец.

Арцём далучыўся да анархісцкага руху. Сем гадоў удзельнічаў у ініцыятыве «Ежа замест бомбаў», яны кармілі бяздомных. У сакавіку 2017 году з паплечнікамі выйшаў на «марш недармаедаў». Яго схапілі і пасадзілі на «суткі». Калі выйшаў, бабуля выгнала яго з хаты, бо больш верыла ня ўласнаму ўнуку, а прапагандзе ў дзяржаўнай тэлевізіі, дзе расказвалі, што «анархісты — гэта нацысты, якіх навучаюць ва Ўкраіне», падсумоўвае суразмоўца.

Арцём зьехаў ад бабулі. Паўгоду жыў у Маскве, працаваў у бары, займаўся ініцыятывай «Ежа замест бомбаў» і справамі анархісцкага руху. У 2018 годзе яго затрымалі на навуковай канфэрэнцыі пра ідэі анархісцкага руху «Прамухінскія чытаньні» і выгналі з Расеі.

Таблеткі на Акрэсьціна

2020 год Арцём называе пераломным і ў сваіх адносінах з бабуляй. Яна схадзіла на выбары, убачыла мноства адмыслова складзеных бюлетэняў (тых, хто галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую. — РС) і белыя стужкі на руках. Потым назірала за тым, як сілавікі «літаральна стралялі» па пратэстоўцах у Серабранцы. Эма Андрэеўна ў свае 82 гады пачала хадзіць на маршы пэнсіянэраў, ганяла бабуляў, якія замалёўвалі надпісы «Жыве Беларусь!». Месца і час маршаў ёй перадаваў унук зашыфраваным паведамленьнем.

Эма Андрэеўна

«У нас сталі проста цудоўныя адносіны. Я стараўся прыяжджаць кожны тыдзень. Мы гулялі, размаўлялі, езьдзілі ў вандроўкі», — успамінае хлопец.

У сакавіку 2021 году Арцёма Маркіна зь некалькімі паплечнікамі затрымалі і пасадзілі на «суткі». Эма Андрэеўна здолела перадаць унуку ў ізалятар на Акрэсьціна неабходныя яму таблеткі. Усе 15 содняў ягоныя «сябры-анархісты, якіх яна лічыла наркаманамі», наведвалі ягоную бабулю «кожны дзень, пазьменна, падтрымлівалі як маглі».

«Яна зразумела, што гэта найлепшыя людзі. Яна ўжо ставілася да іх, як да сваіх», — кажа Арцём.

Нейкі час пасьля арышту Арцём заставаўся ў Беларусі — паўпадпольна. Урэшце некалькіх ягоных таварышаў затрымалі і далі ім крымінальныя тэрміны.

Пілёт — галоўная цэль

Арцём вылецеў у Грузію.

«Перад гэтым я сустрэўся з бабуляй у парку Чалюскінцаў. У нас была цяжкая размова. Яна не пярэчыла, каб я зьяжджаў, дала мне грошай», — успамінае суразмоўца.

Увосень 2021 году хлопец спрабаваў пераехаць ва Ўкраіну, але яго ўжо не пусьцілі, як і многіх беларусаў напярэдадні поўнамаштабнай вайны. Ён пераехаў у Польшчу. Кажа, што падпрацоўваў, але грошай не хапала. У яго пачалася дэпрэсія, было пачуцьцё віны за тое, што ён адзіны з паплечнікаў не сядзіць у турме.

Арцём да таго, як паехаў ваяваць

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, Арцём думаў паехаць ваяваць, але зразумеў, што ня змог бы тады стаць вайскоўцам, у тым ліку і таму, што хваляваўся за бабулю, якая заставалася ў Беларусі. Яна адчувала, што ўнук захоча абараняць Украіну, і прасіла яго ў лістах, каб ня ехаў на вайну.

Ліст бабулі да Арцёма, напісаны ў лютым 2025 году, дзе яна ў тым ліку просіць яго ня ехаць ва Ўкраіну. Арцём ужо амаль год ваюе

Увесну 2024 году Арцём урэшце паехаў ваяваць за Ўкраіну, бо ўжо ня мог інакш. Адным з штуршкоў стала сьмерць пад Бахмутам ягонага сябра, Дзьмітрыя Пятрова, расейскага анархіста, які абараняў Украіну. Пазыўны Дзьмітрыя быў «Лешы». Арцём у памяць пра сябра ўзяў сабе пазыўны беларускага ляснога духа — «Гаюн».

«Бабуля так і не даведалася, што я быў ва Ўкраіне. Я ня змог ёй сказаць. Мне даводзілася кожны раз прыдумляць. Кожная размова давалася мне вельмі цяжка, бо мне было цяжка яе падманваць. Але я разумеў, што навіна пра тое, што я ва Ўкраіне, можа яе забіць імгненна», — кажа ўнук.

Да апошняга часу Арцём заставаўся непублічным ваяром, бо перажываў за бабулю ў Беларусі. Ён праходзіў падрыхтоўку ў палку Каліноўскага. Ужо два гады Арцём кіруе бесьпілётнікамі ў тактычнай групе імя Мікіты Крыўцова, якая раней уваходзіла ў ПКК, а цяпер належыць наўпрост да Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны.

Свой падразьдзел ён называе найлепшым, з адэкватным камандаваньнем, якое ставіць жыцьцё людзей на першае месца. За час службы Маркіна ніхто зь ягонага падразьдзелу не загінуў, хоць яны ўдзельнічалі ў найскладанейшых апэрацыях, кажа ён.

Арцём адзначае, што навучыцца кіраваць дронам было для яго досыць лёгка. Цяпер лічыць сябе прафэсіяналам. Ён кіруе дронам «Мавік» (Mavic) і займаецца выключна выведкай: паказвае месцы для цэляў апэратарам баявых дронаў. Мяркуе, што дзякуючы ягоным наводкам былі зьнішчаныя дзясяткі ворагаў. Дадае, што гэта складана падлічыць.

Кадр зь бесьпілётніка Арцёма, калі яго ўносілі ў падвал ранейшай пазыцыі

«„Мавікі“ — гэта асноўныя вочы вайны. Толькі пасьля пацьверджаньня з „Мавіка“ высылаецца FPV-дрон на забойства — на ліквідацыю ворага, — папраўляе ён сам сябе. — Выбіць пілёта — гэта зараз асноўная задача на фронце. Пілёт — гэта галоўная цэль. Мы — таксама галоўная цэль», — гаворыць Арцём.

«Вайна павінна быць без геройства»

Баец кажа, што страшна яму бывае рэгулярна, калі ў іхны бок нешта ляціць. Яны хаваюцца і жывуць у бліндажы. Задача праціўніка — іх вылічыць. Найбольш уразьлівым вайсковец становіцца, калі перасоўваецца паміж пазыцыямі. Найгорш — калі перасоўвацца ў добрае, яснае надвор’е. Тады яго лягчэй заўважыць дрон.

Дроны ўвесь час удасканальваюцца, тлумачыць вайсковец. Калі раней перашкодзіць бачнасьці мог дробны дождж, то цяпер толькі моцны дождж або моцны вецер, які зносіць бесьпілётнік. Уначы «цёплыя целы» дрон бачыць найлепш — у выглядзе белых плямак.

«Я працую на дронах і больш за ўсё ненавіджу дроны. Гэта снайпэрская вінтоўка, толькі зь цяжкой выбухоўкай. FPV — самая жудасная рэч, якая ёсьць. Калі ты чуеш гэты гук не ў бліндажы, табе хочацца зьнікнуць ці закапацца пад зямлю», — камэнтуе Арцём.

Узнагарода, якой Арцём найбольш ганарыцца: знак народнай пашаны «За нашу і вашу свабоду»

Самым цяжкім у сваёй працы ён называе неабходнасьць вылятаць бесьпілётнікам і пацьвярджаць сьмерць пабрацімаў, ідэнтыфікаваць целы. Іхная каманда была першай, якая пацьвердзіла сьмерць беларускага добраахвотніка Васіля «Дзіра» Рапіцкага. Арцём супраць гераізацыі вайны.

«Вайна — гэта ня нешта гераічнае. Гэта страшнае месца, на якое нікому не пажадаеш трапіць. Вайна — гэта страх, хаос і боль. А гераізм, гісторыі, якія потым становяцца легендарнымі, значаць, што нешта было сплянавана дрэнна і зроблена ня так. Прафэсійная вайна павінна быць без геройства», — перакананы ён.

У моманты, калі месца побач з тым, дзе яны хаваюцца, абстрэльваюць, няма ніякіх «перадсьмяротных» думак, кажа добраахвотнік. «Тады цябе ахоплівае страх і ўсё». Байцы мабілізуюцца, каб сябе ўратаваць, кудысьці перасоўваюцца або перамяшчаюць боепрыпасы, стараюцца абараніць сувязь. Аднойчы яны на пяць гадзін засталіся бяз сувязі — «усе думалі, што мы памерлі».

Арцём падчас службы

«Калі я першы раз трапіў пад такі моцны абстрэл, я думаў: „Што я нарабіў?! Навошта? Я загіну ў невядомай пасадцы (лесапасадцы. — РС) у Харкаўскай вобласьці! Гэта нават не населены пункт. Нават не напішуць: „Загінуў за Малую Такмачку“». У першы раз мы сядзелі ў куце, моўчкі, на дупе, каленкі да сябе, упакавалі сябе ў браню. Цяпер ужо ня так. У нас ёсьць зброя, мы можам дроны зьбіваць, бараніць сваю пазыцыю», — параўноўвае ён.

«Я знайшоў тут сям’ю»

Арцёму цяпер 35 гадоў. На вайне ён знайшоў сям’ю, якую рана страціў. Пабрацімы сталі ягонай сям’ёй.

«Я сваіх пабрацімаў вельмі люблю. Мы працуем у адным экіпажы два гады. Ня тое, што мы ўсе адно аднаго разумеем. Мы розныя людзі. Часам уступаем у канфлікты. Але я ведаю, што гэты чалавек мяне ня кіне, і я яго таксама ня кіну. Калі трэба, я буду яго цягнуць. Я лічу, што мае пабрацімы — самы надзейныя людзі ў сьвеце. Я ім давяраю сваё жыцьцё», — кажа Арцём.

Арцём з пабрацімам і сабакам

Пры гэтым ён дадае, што пабрацімы яго «не стэрыльныя».

«Яны могуць быць непрыемнымі, жорсткімі, хаміць, пасылаць цябе нах*й. Але ён пашле цябе нах*й, а потым выцягне адкуль заўгодна. У будучыні я хачу трымацца за людзей справы», — дадае ён.

Пабрацімы падтрымлівалі яго пасьля сьмерці бабулі. Цяпер, седзячы ў бліндажы, добраахвотнік пералічвае сва любімыя стравы, якія яна гатавала:

«Вараная сьвежая бульба з нашага агароду, прыпраўленая маслам, пятрушкай, і біточкі, якія яна рабіла малаточкам з вострымі штучкамі. Ашалець проста! І тоненькія блінчыкі. Кожны слой яна прамазвала масьліцам. Пыталася: „Ты хочаш зь вішнёвым сочывам ці са шкваркамі?“ Я ніколі такога смачнага ня еў! І дачная фірмовая страва — варэнікі зь сьвежай вішняй. Сок пырскаў ва ўсе бакі, калі кусаеш. Калі яшчэ зрабіць з гарбатай зь мятай і мэлісай, то проста немагчыма».

Ежа на фронце

Арцём апублікаваў у сетках два свае партрэты да вайны і цяпер з подпісам «Вайна зьмяняе».

«У мяне зусім іншы погляд стаў. Вочы заўсёды стомленыя і сумныя, як у сабакі. Здароўе стала горш. Зімой цяжка ваяваць. Сьпіна баліць ад брані. Але я стаў нашмат больш упэўненым. Мае палітычныя погляды сталі складанейшыя, яны ня ўпісваюцца ні ў якую ідэалёгію. Разьвеяўся міт пра вайну і яе гераізацыю», — кажа пра зьмены добраахвотнік.

Ён прызнаецца, што бывае цяжка, асабліва ўзімку, калі жудасна холадна, або калі ідзе дождж і бліндаж працякае, або калі іх доўга не мяняюць на пазыцыі пабрацімы. Аднойчы ў іх узімку зламаўся абагравальнік. У Арцёма здарылася гістэрыка.

«Я разьнёс абагравальнік. Кідаў яго ў сьценку. Крычаў: „Пайшло яно ўсё нах*р!“ Пабрацімы супэрспакойна да гэта ставіліся, сядзелі, маўчалі. Я напсыхаваўся. Мне потым так сорамна было. Пабрацім такі: „Ды ўсё нармалёва. Табе палягчэла? Ну і ўсё“», — успамінае ён.

Арцём сьпіць на пазыцыі з катом

Арцём заўважае, што ўсур’ёз ня думае зьехаць з вайны, застанецца там да апошняга.

«Я знайшоў тут сям’ю, якой у мяне не было ніколі. Што я скажу сваім хлопцам: „Да пабачэньня, я паехаў у Польшчу“? Трэба будзе падрыхтаваць чалавека замест мяне. У мяне два гады досьведу. Я не магу сабе гэтага дазволіць. Я нарэшце на сваім месцы. Я навучыўся тут такому, што я адчуваю сябе як ніколі моцным. Цалкам зьнікла адчуваньне ахвяры, і мне стала нашмат лягчэй», — кажа Арцём.