Хроніка перасьледу 18 траўня: сьпевака Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна за абразу Лукашэнкі

Офіс Tut.by пасьля візыту сілавікоў 18–19 траўня 2021 году. Архіўнае фота

18 траўня 2021 году сілавікі прыйшлі зь ператрусам у рэдакцыю парталу TUT.BY.

У зьняволенай дырэктаркі Tut.by Чэкінай праблемы са здароўем

З прадстаўнікоў зьнішчанага ўладамі парталу Tut.by у няволі засталася толькі генэральныя дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна.

«У СІЗА яна пачала маляваць, вучыла на памяць вершы, якіх і раней ведала шмат. Вельмі шмат чытала. А яшчэ праводзіла трэнаваньні ў маленькіх валадарскіх дворыках і заняткі ёгай у камэры», — напісала пра Людмілу Чэкіну былая галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава ў сваім Telegram-канале.

Паводле Золатавай, статус «асобы, датычнай да тэрарыстычнай дзейнасьці», не дазваляе Чэкінай у калёніі атрымліваць грашовыя пераводы.

«То бок жыць трэба на адзін заробак. Рублёў 20, максымум 50. Па-другое, Людмілу зрабілі „злосьніцай“. А гэта азначае, што ў яе ня тры тэлефонныя званкі на месяц, а адзін. Ёсьць праблемы здароўя. Часта трэба пераносіць цяжкія рэчы, а ў яе заўсёды былі праблемы зь сьпінай», — паведаміла Марына Золатава.

У пачатку сакавіка Людмілу Чэкіну адправілі на пяць дзён у ШЫЗА.

«Я ведаю, яна трымаецца, ня скардзіцца, бо яна ня любіць скардзіцца. Але я яшчэ ведаю, як гэта цяжка. І так спадзяюся, што гэты жах для Мілы вось-вось закончыцца. І яна зможа нарэшце абняць свайго сына», — напісала Марына Золатава.

Людмілу Чэкіну асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Міхалка будуць судзіць завочна

Сьпевака Сяргея Міхалка будуць судзіць завочна, на яго завялі крымінальную справу ў рамках «спэцыяльнай вытворчасьці», гэта значыць завочна.

Як паведаміў Сьледчы камітэт, Міхалка абвінавачваюць па артыкулах аб распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК) і абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вярхоўны суд пакінуў у сіле выракі ў «справе Tut.by» і Касьцюговай бязь зьменаў