Amnesty International: рэкордна пабольшала краін, дзе вынесьлі сьмяротныя кары. Беларусі ў сьпісе няма

Камэра для асуджаных на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, архіўнае фота

Міжнародныя праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала чарговы даклад аб глябальнай практыцы стасаваньня сьмяротнай кары ў 2025 годзе.

Як адзначаецца ў дакумэнце, дзяржаваў, у якіх летась выносілі сьмяротныя выракі, стала 48 — у 2024 годзе такіх было 46. У сьпісе 2025 году Беларусь ня згадваюць.

«Наколькі вядома, суды ў чатырох краінах — Беларусі, Батсване, Гамбіі, Угандзе — не выносілі сьмяротных выракаў у 2025 годзе, адрозна ад 2024 году. А ў шасьці краінах — Бахрэйне, Гамбіі, Мальдывах, Катары, Каморах і Тайвані — зноў выносілі сьмяротныя прысуды пасьля перапынку», — адзначаецца ў дакладзе.

Amnesty International зафіксавала значны рост вынесеных сьмяротных выракаў у Конга (у 2024 годзе іх было ня менш за 125, у 2025-м ужо ня менш за 359) і ў Судане (у 2024 годзе ня менш за 30, у 2025-м ня менш за 87), а таксама ў Лаосе (у 2024 годзе ня менш за 2, у 2025-м ня менш за 6).

Ува ўсім сьвеце праваабаронцы налічылі прынамсі 2707 пакараньняў сьмерцю, што на 78% больш, чым у 2024 годзе, калі зафіксавалі 1518 пакараньняў. Гэта максымальная колькасьць, зафіксаваная Amnesty International з 1981 году, — тады іх было 3191 (без уліку Кітаю). Рост колькасьці пакараньняў сьмерцю найперш зьвязаны з рэзкім пачашчэньнем такіх выпадкаў у Іране, дзе іх за год было сама меней 2159, што больш чым удвая перавышае паказьнік 2024 году і складае 80% ад усіх зафіксаваных у сьвеце пакараньняў сьмерцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь трапіла ў пералік краін, дзе летась выносілі сьмяротныя прысуды

Чаму гэта важна

Працэдура выкананьня сьмяротных прысудаў строга сакрэтная: улады цалкам не публікуюць зьвестак аб прысудах і пакараньнях сьмерцю, не паведамляюць сем’ям даты пакараньня, не вяртаюць целаў і не раскрываюць месцаў пахаваньня, пішуць праваабаронцы.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у 2015–2025 гадах у Беларусі былі вынесеныя 24 сьмяротныя прысуды. За апошнія пяць гадоў іх было пяць. Вядома пра два пакараньні сьмерцю, лёс яшчэ аднаго асуджанага застаецца невядомым.

Асуджаных на сьмяротную кару трымаюць у камэрах строгага рэжыму, без прагулак, з асьвятленьнем удзень і ўначы, у амаль поўнай ізаляцыі. Такі прысуд у Беларусі прыводзяць у выкананьне праз расстрэл, а дату пакараньня загадзя не паведамляюць.

У 2024 годзе сьмяротны вырак абвясьцілі нямецкаму грамадзяніну Рыку Крыгеру, «асуджанаму за „акт тэрарызму“ паводле некалькіх крымінальных артыкулаў у рамках працэсу, які праходзіў у закрытым рэжыме».

Крыгера памілавалі і перадалі Нямеччыне ў рамках шырокага абмену зьняволенымі паміж Расеяй, Беларусьсю і краінамі Захаду.

У 140 краінах сьвету сьмяротнае пакараньне ўжо скасавалі.

Нават у суседняй Расеі з 16 красавіка 1997 году пакараньне сьмерцю ня можа ні прызначацца, ні выконвацца.

Пакараньне сьмерцю захоўваецца ў краінах з рознымі палітычнымі сыстэмамі: і ў Паўночнай Карэі, і ў некаторых штатах ЗША, у Японіі, Індыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Справу Рыка Крыгера, асуджанага і памілаванага ў Беларусі, расьсьледуе нямецкая пракуратура