Ужо сёньня: 120 гадоў ад заснаваньня суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», 5 гадоў таму разграмілі Tut.by

Вацлаў Іваноўскі

Падзеі 18 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

18 траўня 2021 году сілавікі прыйшлі зь ператрусам у рэдакцыю парталу Tut.by. У выніку рэсурс быў зьнішчаны, а за кратамі паводле надуманых абвінавачаньняў апынуліся 15 чалавек. Цяпер у зьняволеньні застаецца адна зь іх — генэральныя дырэктарка кампаніі Людміла Чэкіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму ўлады дагэтуль баяцца Tut.by і што б зрабіў Зісер. Адказвае адзін з заснавальнікаў Tut.by Кірыл Валошын

У гэты дзень

1537 — у Геранёнскім замку адбыўся шлюб Станіслава Гаштольда і Барбары Радзівіл.

1906 — у Пецярбургу была заснаваная беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» (існавала да 1914). Яе стваральнікам быў Вацлаў Іваноўскі.

1924 — у Вільні пачала выходзіць газэта «Сын беларуса», якая публікавала выступы беларускіх дэпутатаў у польскім Сойме.

1944 — пачалася дэпартацыя крымскіх татараў з Крыму ў Цэнтральную Азію.

1944 — перамога пад Монтэ Касіна. Вайскоўцы польскага корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса ўстанавілі сьцяг над руінамі кляштару на Монтэ Касіна пасьля чатырохмесячнага змаганьня. Пад Монтэ Касіна ваявала супраць фашыстаў і вялікая колькасьць беларусаў, шмат палеглых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Малавядомыя факты і лічбы пра ўдзел беларусаў у бітве за Монтэ-Касіна

1945 — трыбунал Беларуска-Літоўскай вайсковай акругі выносіць сьмяротны прысуд Станіславу Грынкевічу, мэдыку-псыхіятру, першаму ў Беларусі дасьледніку псыхааналізу.

1960 — у Менску літаратурны музэй Янкі Купалы адкрыўся для наведнікаў у новым будынку на аднайменнай вуліцы.

2023 — у складзе Гісторыка-культурнага музэя-запаведніка «Заслаўе» адкрыўся Музэй беларускай маляванкі — першы і адзіны ў Беларусі музэй маляваных дываноў. Прадстаўленая калекцыя з 250 дываноў з розных куткоў Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся

1872 — Бэртран Расэл, брытанскі філёзаф, матэматык і грамадзкі дзяяч.

1888 — Ганна Барысевіч з Ігумена, якая стане найстарэйшай зь вядомых людзей Беларусі, пражыве больш за 118 гадоў.

1920 — Караль Юзэф Вайтыла, вядомы як папа Рымскі Ян Павал II.

Ян Павал ІІ, 1979 год

1923 — Сэрафін Міхалеўскі, філёзаф, філёляг і паэт.

1929 — Алег Табола, сябра Саюзу беларускіх патрыётаў, вязень ГУЛАГу.

1938 — Міхаіл Казінец, беларускі дырыгент.

1940 — Ян Чыквін, беларускі паэт, які жыў у Польшчы.

1958 — Ян Максімюк, беларускі перакладнік, былы журналіст Радыё Свабода.

Ян Максімюк

1972 — Аляксандар Кулінковіч, рок-музыка, заснавальнік і вакаліст гурта „Neuro Dubel“.

У памяці

1910 — Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца.

1911 — Густаў Малер, аўстрыйскі кампазытар.

2016 — Алег Аблажэй, мастак і літаратар.

2021 — у Кіеве знайшлі павешаным прадстаўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова. Справу рассьледавалі супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі, але дакладнай вэрсіі гэтага выпадку дагэтуль няма.