Кіраўніца выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады Алена Прыходзька заявіла аб паўнавартаснай працы сайту і плятформы для галасаваньня на выбарах у Каардынацыйную раду 4 скліканьня.
«Мы ня можам цяпер сказаць, што яўка невысокая толькі таму, што людзі спрабавалі [прагаласаваць] і ў іх нічога ня выйшла. Ёсьць, вядома, пэўная колькасьць людзей, якія фізычна спрабавалі гэта зрабіць, проста не дайшло нават да атрыманьня бюлетэня, проста ў іх там завісала, чалавек раззлаваўся і сказаў: „Ай, потым“. Гэтую колькасьць мы пакуль ня можам ніяк вылічыць», — працытавала Алену Прыходзька выданьне «Позірк».
Паводле яе, аб нізкай яўцы сьведчыць невялікая колькасьць загрузак прыкладаньняў на мабільныя прылады — 278 на прылады з iOS і 487 — на прылады з Android. «Пакуль яўка нізкая нават па колькасьці загрузак», — адзначыла яна.
Алена Прыходзька дадала, што асаблівасьцю DDoS-атак стала «100-адсоткавая эмуляцыя наведнікаў».
«То бок ты ня можаш сказаць, гэты быў бот, ці наведнік, таму што боты настолькі якасныя. [...] Учора, напрыклад, на адзін сэрвэр было прыблізна 90 мільёнаў запытаў, якія прабілі ўсе фаерволы і зайшлі на сэрвэр. То бок тое, з чым маем мы справу цяпер, гэта насамрэч беспрэцэдэнтная, накіраваная, вельмі дарагая, вельмі якасная апэрацыя. [...] Гэтая апэрацыя, якая рыхтавалася, на якую трацілі шмат грошай. І па якасьці, і па тым, як гэтая апэрацыя ўзьдзейнічае на сыстэму бясьпекі, можна сказаць, што гэта high level (высокі ўзровень. — РС)», патлумачыла яна.
Што папярэднічала
Выбары ў Каардынацыйную раду павінны былі пачацца а 22:00 11 траўня, аднак іх перанесьлі праз магутную DDoS-атаку і неабходнасьць праверкі кампаніі Sumsub, абранай у якасьці вэрыфікатара пэрсанальных зьвестак выбарнікаў. Паўнавартасна працэс стартаваў а 12:00 12 траўня, але 14 траўня перанесьлі галасаваньне на іншы сайт. У сувязі з гэтым, галасаваньне прадоўжылі да 12:00 19 траўня (першапачаткова павінен быў закончыцца а 23:59 17 траўня).
Што такое Каардынацыйная рада?
У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 чалавек. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.
Ніжняга парогу на выбарах у КР проста не існуе. У мінулай кампаніі прагаласавалі 6723 чалавекі. Зараз арганізатары спадзяюцца, што яўка будзе хаця б такой жа.