Хроніка перасьледу 16 траўня: у Горадні сілавікі праз суд дабіваюцца доступу ў кватэру мясцовага актывіста

Суд Ленінскага раёну Горадні. Архіўнае фота

Горадзенскі грамадзка-палітычны актывіст Ежы Грыгенча, які з 2020 году жыве ў Беларусі, атрымаў паведамленьне з суда Ленінскага раёну Горадні аб правядзеньні 19 траўня пасяджэньня ў цывільнай справе паводле пазову аддзелу прымусовага выкананьня.

Як паведамілі ў «Горадзенскай праваабароне», на судзе будуць разглядаць пытаньне аб «дазволе правесьці агляд жылога памяшканьня Грыгенча Ежы Іванавіча бяз згоды даўжніка».

Такім чынам, аддзел прымусовага выкананьня хоча атрымаць дазвол на ўзлом замкоў у кватэры, каб ацаніць кватэру і выставіць яе на продаж.

Ежы Грыгенча — вядомы горадзенскі грамадзка-палітычны дзеяч, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 году ён у вымушанай эміграцыі. Спэцыяльнае вядзеньне супраць яго распачалі яшчэ ў лістападзе 2023 году. Па месцы былога жыхарства Грыгенчы прайшлі некалькі ператрусаў, на маёмасьць Грыгенчы і яго жонкі наклалі арышт.

21 лістапада 2024 году абласны суд у Горадні завочна пакараў Ежы Грыгенчу шасьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафам у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў судзьдзя Васіль Скок.

Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Пазьней улады ўключылі Грыгенчу ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Горадзенскага грамадзкага дзеяча Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў турмы

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».