Афіцыйна да гэтага часу не паведамлялася пра тое, якімі вынікамі завяршылася кампанія па перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Многія зьвесткі журналістам даводзіцца карпатліва выцягваць з розных адкрытых крыніц, але поўнай і празрыстай карціны яны не даюць.
Пры гэтым сам Аляксандар Лукашэнка назваў лічбу пратэстанцкіх грамадаў, якія дзейнічаюць у краіне. На сустрэчы з Франклінам Грэмам ён заявіў:
«У Беларусі 850 пратэстанцкіх грамадаў, 20 місій і 5 навучальных устаноў. Таму ваша веравызнаньне ў нас вельмі шырока прадстаўленае».
Меркавана ён агучыў зьвесткі, падрыхтаваныя апаратам Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, піша «Хрысьціянская візія».
Яны падлічылі, што да пачатку перарэгістрацыі, паводле інфармацыі на сайце ўпаўнаважанага, у Беларусі была 931 абшчына ўсіх пратэстанцкіх напрамкаў. Калі лічбы, якія падаў Лукашэнка, поўныя, атрымліваецца, што ўлады зьліквідавалі 81 рэлігійную грамаду пратэстантаў.
Да перарэгістрацыі ў Беларусі была 21 місія пратэстантаў, значыць, такім чынам адна зь іх цяпер закрытая. Колькасьць навучальных устаноў не зьмянілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вынікі тыдня з Фрыдманам: Грэм у Менску, місія Коўла і чаканьне вызваленьняўПерасьлед сьвятароў і вернікаў
На сустрэчы з Фрэнклінам Грэмам, які зьвязаны з адміністрацыяй Дональда Трампа, Лукашэнка расказаў пра міжканфэсійны мір у Беларусі, але, як вынікае з афіцыйных паведамленьняў, нічога не згадаў пра перасьлед сьвятароў.
Фрэнклін Грэм падзякаваў Лукашэнку за магчымасьць сустрэцца зь ім і зь беларускімі пратэстантамі. У сустрэчы брала ўдзел і жонка спэцпасланьніка Джона Коўла — журналістка Грэта ван Састэрэн, якая супрацоўнічае з фондам Грэма Samaritan’s Purse.
Фрэнклін Грэм прыехаў на «Фэстываль надзеі», які адбудзецца 16–17 траўня ў Менску на «Чыжоўка-Арэне» з удзелам пратэстанцкіх цэркваў. Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі. Фэстываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.
Пасьля задушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі ўзялі рэлігійныя супольнасьці пад жорсткі кантроль.
У красавіку 2026 году высьветлілася, што ўлады зьліквідавалі ў судзе ўсе грэка-каталіцкія парафіі на Берасьцейшчыне. Такога выраку зазналі прыходы ў Берасьці, Івацэвічах і Баранавічах. У Пінскай дыяцэзіі засталася толькі адна грэка-каталіцкая парафія — у Гомлі. А ва ўсёй краіне толькі 2 парафій.
Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко ў 2025 годзе зьвязваў няспынны перасьлед хрысьціянскіх грамадаў Беларусі з тым, што ўлады адкрыта падтрымліваюць толькі праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды бярэ ўдзел у пасяджэньнях сыноду.
У 2020 годзе шэраг сьвятароў выступіў супраць гвалту, удзельнічаў у пратэстах або быў затрыманы паводле палітычна матываваных спраў. Многія каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія і пратэстанцкія сьвятары пакінулі Беларусь, некаторыя апынуліся за кратамі.
Сярод асуджаных паводле палітычных матываў сьвятароў ёсьць пратэстанцкі пастар Алег Лойка з Хвойніцкага раёну. У 2025 годзе Гомельскі абласны суд асудзіў яго паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначыў яму тры з паловай гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У турме ў Лойкі абвастрылася хвароба сэрца, празь міжпазванковую грыжу яму вельмі цяжка стала проста перасоўвацца. Пасьля гомельскага СІЗА Алега Лойку трымаюць у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку.
Да арышту Лойка служыў пастарам Царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Нябытаў Хвойніцкага раёну. Шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне».