Галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную Раду падоўжылі да 19 траўня

Алена Прыходзька, старшыня камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду. Архіўнае фота

У Каардынацыйнай радзе паведамілі, што вырашылі прадоўжыць тэрмін он-лайн галасаваньня за новы склад рады на 36 гадзін.

Па рэкамэндацыі Выбарчай камісіі сябры КР вырашылі працягнуць тэрмін галасаваньня на паўтара дня да 19 траўня да 12:00 па менскім часе.

Для выкананьня гэтага рашэньня Камісія па пытаньнях Статута і іншых унутраных дакумэнтаў мае ўнесьці адпаведныя зьмены ў прынятыя раней рашэньні, якія тычацца выбараў у Каардынацыйную Раду.

Пасьля DDoS-атак выбары Каардынацыйнай Рады перавялі на іншы сайт

Ад каманды тэхнічнай падтрымкі плятформы выбараў Каардынацыйнай рады 14 траўня зьявілася інфармацыя аб пераходзе на іншы сайт для галасаваньня:

«Наша каманда бачыць пэрыядычную перагрузку атакамі сэрвісу Google, на якім быў даступны сайт для выбараў, таму сайт галасаваньня цяпер будзе даступны пад новым асобным адрасам: https://rada2026.svaepeera.com».

Раней галасаваньне ішло на іншым сайце, які цярпеў ад DDoS-атак.

На 12 гадзін 15 траўня менскага часу былі зарэгістраваныя 1076 выбарнікаў. На раніцу 14 траўня прагаласавалі каля 700 чалавек.

У Каардынацыйную раду вылучаюцца 175 кандыдатаў.

Арганізатары прапануюць пераходзіць на новы сайт толькі з правераных крыніц, зь Беларусі выкарыстоўваць VPN і рэжым Incognito, ачышчаць гісторыю і кэш інтэрнэт-аглядальніка пасьля галасаваньня. На iPhone на час галасаваньня прапануюць адключыць Lockdown mode.

Раней арганізатары заявілі, што ідзе атака на саму ідэю выбараў у Каардынацыйную раду.

Адказны за тэхнічную частку працэсу Павел Лібер расказаў 14 траўня, што над зрывам выбараў мэтанакіравана працуе цэлая каманда спэцыялістаў, нанятых рэжымам. У першыя дні плятформа для галасаваньня перажыла некалькі DDoS-атак у амаль 2 мільярды запытаў.

Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?

Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 году кампанія пасьля публікацыяў на хакерскіх форумах мусіла прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі зьвестак некаторых карыстальнікаў.

Што на гэта адказалі арганізатары?

Павал Лібер гэтак пракамэнтаваў асноўныя прэтэнзіі да правайдэра:

  • Статус кампаніі: Sumsub — ня нішавы гулец, а ўсясьветны лідэр, што два гады запар пацьвярджае аўтарытэтнае агенцтва Gartner. Сярод 4000 кліентаў сэрвісу — такія гіганты, як Vodafone, Duolingo і TransferGo.
  • Бясьпека зьвестак: Кампанія мае найвышэйшыя сэртыфікаты стандартаў бясьпекі і працуе паводле эўрапейскіх патрабаваньняў GDPR. Усе зьвесткі захоўваюцца на сэрвэрах у Нямеччыне. Sumsub таксама супрацоўнічае з Інтэрполам у пытаньнях дасьледаваньняў і трэнінгаў.
  • Інцыдэнты з выцекам інфармацыі: У кампаніі былі два інцыдэнты, зьвязаныя з выцекам даных, якія яна самастойна і наўмысна апублікавала. Першы выпадак тычыўся толькі службы падтрымкі партнэраў і не закрануў біямэтрыю ці пашпарты. Другі быў выкліканы памылкай самога партнэра, які выклаў ключ доступу ў публічную прастору, што ня ёсьць хібай сыстэмы Sumsub.
  • Паходжаньне ўласьнікаў: Заснавальнікі кампаніі нарадзіліся ў Расеі і маюць ізраільскія пашпарты. Яны не жывуць у РФ больш за 7 гадоў і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны цалкам адмовіліся ад выкарыстаньня расейскага і беларускага софту.


Што такое Каардынацыйная рада?

У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 чалавек. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.