Завочна судзяць палітоляга Балкунца, яму пагражае да 12 гадоў. А ён у роварным туры па Эўропе

Дзьмітры Балкунец, архіўнае фота

У Менскім гарадзкім судзе 15 траўня пачаўся завочны працэс над палітолягам Дзьмітрыем Балкунцом.

Балкунца вінавацяць паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку ў змове або іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады ( ч. 1 арт. 357 КК), закліках да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК), стварэньні экстрэмісцкага фарміраваньня або ўдзеле ў ім (ч. 1 арт. 361-1 КК) ды іншых.

Максымальнае пакараньне паводле абвінавачаньняў, якія выстаўленыя Дзьмітрыю Балкунцу, — 12 гадоў зьняволеньня.

Між тым сам ён знаходзіцца на тэрыторыі Эўразьвязу, куды зьехаў у 2021 годзе пасьля пражываньня ў Маскве. Паводле сайту balkunets.org Дзьмітры Балкунец цяпер знаходзіцца ў роварным туры па краінах Эўропы, цягам якога наведаў ужо 16 краін.

Рэакцыя Балкунца на суд: «Сёньня будуць судзіць эпоху Лукашэнкі»

Пра суд напярэдадні працэсу палітоляг выказаўся ў сваім ТГ-канале.

«У ролі абвінавачанага — ня я. Сёньня будуць судзіць эпоху Лукашэнкі. Эпоху страху. Эпоху палітычных спраў. Эпоху завочных прысудаў, помсты і абсурду. Судзьдзя зачытае прысуд не аднаму чалавеку. Ён зачытае прысуд усёй сыстэме», — заявіў Дзьмітры Балкунец.

Заходнія дыпляматы лічаць, што суд несправядлівы

Амбасада Францыі ў Беларусі адрэагавала на суд над Балкунцом, які лічыць «формай перасьледу».

«Праз такія працэсы ўлады Беларусі выкарыстоўваюць судовую сыстэму для падаўленьня іншадумства, ігнаруючы базавыя прынцыпы справядлівага судовага разбору, што супярэчыць міжнародным абавязацельствам краіны. Такія суды — спосаб пазбавіць сем’і маёмасьці, пакараньнем заглушыць незалежныя галасы і прыбраць тое, што засталося ад прасторы для дыскусіі», — заявіла амбасады Францыі.

Амбасада Францыі заклікала ўлады Беларусі спыніць палітычна матываваны перасьлед беларусаў і вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а дэмакратычную супольнасьць Беларусі запэўніла ў далейшай падтрымцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пісалі, што адрэжуць галаву». Палітоляг Балкунец расказаў пра ад’езд з Расеі і «абразу Лукашэнкі»

За што судзяць Балкунца

Супраць 43-гадовага Дзьмітрыя Балкунца ў Беларусі раней распачалі спэцтвытворчасьць і абвінавацілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • Змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады — (ч. 1 арт. 357 КК)
  • Заклік да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь — (ч. 3 арт. 361 КК)
  • Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім — (ч. 1 арт. 361-1 КК)
  • Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці — (ч.ч. 1, 2 арт. 361-4 КК)
  • Паклёп на Лукашэнку — (ч.ч. 1, 2 арт. 367 КК)
  • Абраза Лукашэнкі — (ч.ч. 1, 2 арт. 368 КК)
  • Абраза прадстаўніка ўлады — (арт. 369 КК)
  • Дыскрэдытацыя Беларусі — (арт. 369-1 КК), паведаміла «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Балкунец: у Расеі ня ўсе нават ведаюць пра «яднаньне» зь Беларусьсю