Дырэктар праграмы расейскіх і беларускіх дасьледаваньняў Рады зьнешняй палітыкі «Ўкраінская прызма», кандыдат гістарычных навук Яраслаў Чарнагор прызначаны паслом у асаблівых даручэньнях у пытаньнях дэмакратычных трансфармацый, узаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін.
«Галоўным фактарам маіх жыцьцёвых зьменаў застаецца краіна-агрэсарка і яе сатэліт — пуцінская РФ і лукашэнкаўская РБ. Супрацьстаяць ім — гэта сур’ёзны выклік і я яго прыняў. Дыпляматычная служба ва ўпраўленьні недружалюбных краін дасьць мне больш магчымасьці супрацьдзейнічаць нашым ворагам», — напісаў Яраслаў Чарнагор на сваёй старонцы ў Facebook.
Што вядома пра Чарнагора
Яраслаў Чарнагор, як ён напісаў сам, за 10 гадоў прайшоў шлях ад акадэмічнага навукоўца, які валянтэрыў у вайсковым шпіталі да ўдзельніка Антытэрарыстычнай апэрацыі, афіцэра Сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Украіны.
Пасьля службы ў войску выконваў абавязкі дырэктара праграмы аналітычнага цэнтру Foreign Policy Council «Ukrainian Prism». Цяпер будзе працаваць у Міністэрстве замежных спраў Украіны.
Ігар Кізім, які працаваў паслом Украіны ў асаблівых даручэньнях па Беларусі, сышоў у адстаўку ў ліпені 2025 году.
Упраўленьне недружалюбных краін у структуры Міністэрства замежных спраў Украіны было створана паводле адпаведнага загаду міністра Андрэя Сыбігі ў ліпені 2025 году.