Працяг арышту, вяртаньне грошай, лепшая камэра. Новыя дэталі справы затрыманага ў Харкаве беларуса-добраахвотніка

Ілюстрацыйнае фота

Беларускі добраахвотнік Аляксандар Красоўскі, затрыманы ў Харкаве 14 сакавіка паводле падазрэньня ў зьдзяйсьненьні двух крымінальных злачынстваў, будзе знаходзіцца пад вартай сама меней да 14 чэрвеня, да гэтай жа даты прадоўжылі тэрмін расьсьледаваньня ягонай справы.

Як паведамілі Свабодзе інфармаваныя крыніцы, судзьдзя пастанавіў правесьці мэдычны агляд грамадзяніна Беларусі і абгрунтаваў гэта артыкулам 206 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Ўкраіны. Адна з нормаў гэтага артыкулу прадугледжвае неабходнасьць правядзеньня мэдычнага агляду ў выпадку, калі падазраваны падчас судовага пасяджэньня заяўляе аб выкарыстаньні супраць яго гвалту ў месцы ўтрыманьня.

Такі агляд праводзілі ў Харкаўскай гарадзкой лякарні, але Свабодзе там адмовіліся паведаміць прычыны правядзеньня мэдычнага агляду Аляксандра Красоўскага.

Імаверна, цяпер яго ўтрымліваюць у камэры з палепшанымі ўмовамі. Згодна з украінскім заканадаўствам, затрыманы мае такую магчымасьць пры ўмове аплаты. Чалавек, які знаходзіцца ў такой камэры, мае доступ да інтэрнэту і тэлефону, але таксама за дадатковую плату. Вядома, што ў часе апошняга судовага пасяджэньня пракуроры прасілі суд забараніць Красоўскаму карыстацца тэлефонам, але суд не знайшоў падстаў для такой забароны.

Перад гэтым суд абавязаў сьледчых вярнуць Красоўскаму 680 тысяч эўра, якія канфіскавалі ў часе ператрусу ў яго будынку. Паводле судзьдзі, сьледзтва за ўвесь час расьсьледаваньня не змагло давесьці, што гэтыя грошы належаць затрыманаму і ён іх выкарыстоўваў для ўчыненьня крымінальнага правапарушэньня.

Раней Аляксандар Красоўскі заяўляў, што атрымаў гэтыя грошы ад іншага чалавека, а той у сваю чаргу пазычыў іх яшчэ ў пяці асобаў і надаў адпаведныя расьпіскі. У пачатку разгляду справы ён увогуле адмаўляўся называць імя асобы, ад якой атрымаў гэтыя сродкі, і казаў, што іх яму прывезьлі з Канады ці Гішпаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая сума гатоўкі, паўтысячы патронаў. Што вядома пра справу затрыманага ў Харкаве беларуса-добраахвотніка

Што папярэднічала

Беларускага добраахвотніка Аляксандра Красоўскага затрымалі ў Харкаве 14 сакавіка, а на наступны дзень яму ўручылі падазрэньне ў зьдзяйсьненьні двух крымінальных злачынстваў.

Справу, якую расьсьледуе адзін з аддзелаў паліцыі Харкаўскай вобласьці, завялі сёлета 21 студзеня, а затрымалі беларуса толькі праз амаль два месяцы. Увесь гэты час — ад завядзеньня справы да затрыманьня — вялі таемныя сьледчыя дзеяньні.

Ураджэнца Менску падазраюць у самавольным пакіданьні вайсковай часткі (згодна з ч. 5 артыкулу 407 караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў) і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў (згодна з ч. 1 артыкулу 263 караецца пазбаўленьнем волі ад 3 да 7 гадоў).

Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну, удзельнічаў у курскай апэрацыі.

Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай, якая служыць у Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.

Аляксандар Красоўскі зьяўляецца поўным кавалерам ордэну «За мужнасьць». Апроч таго, яго ўзнагародзілі адзнакай прэзыдэнта Ўкраіны «За абарону Ўкраіны», адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны «За мужнасьць пры выкананьні спэцыяльных заданьняў», знакам дэпартамэнту контрвыведкі СБУ, нагрудным знакам камандуючага аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.