«Нам вельмі пашанцавала, што ў сваёй найноўшай гісторыі беларуская зямля ня ведала рознагалосьсяў, перасьледу паводле рэлігійных, нацыянальных, расавых прыкметаў. Усе канфэсіі жывуць тут у атмасфэры ўзаемнай павагі, міру і згоды», — працытавала Аляксандра Лукашэнку яго прэсавая служба.
Лукашэнка прызнаў, што прыезд Фрэнкліна Грэма ў Беларусь быў бы немагчымым без прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
«Вам, Фрэнклін, хачу падзякаваць за добрае пасланьне, якое мне перадаў спадар Коўл (спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл. — РС) падчас свайго візыту і нашых перамоваў. І вы ж разумееце, што без прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі нам, можа быць, было б складаней устанавіць нашы дачыненьні», — сказаў ён.
Лукашэнка папрасіў амэрыканскага прапаведніка перадаць Дональду Трампу «найлепшыя зычэньні» і сказаць яму, што «ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі».
У публікацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА адзначаецца, што Фрэнклін Грэм паабяцаў Лукашэнку памаліцца за яго на «Фэстывалі надзеі» разам з усімі вернікамі.
«Заўтра я папрашу ўсіх прысутных устаць і ўзьнесьці малітву за вас як лідэра», — працытавалі амэрыканскага прапаведніка.
Фрэнклін Грэм падзякаваў Лукашэнку за магчымасьць сустрэцца зь ім і зь беларускімі пратэстантамі. У сустрэчы брала ўдзел і жонка спэцпасланьніка Джона Коўла — журналістка Грэта ван Састэрэн, якая супрацоўнічае з фондам Грэма Samaritan’s Purse.
Фрэнклін Грэм прыехаў на «Фэстываль надзеі», які адбудзецца 16–17 траўня ў Менску на «Чыжоўка-Арэне» з удзелам пратэстанцкіх цэркваў. Падзею такога маштабу беларускім пратэстантам дазволілі ўпершыню за дзесяцігодзьдзі. Фэстываль можа сабраць да дзесяці тысяч чалавек.
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра перадумовы атрыманьня дазволу на правядзеньне грандыёзнага пратэстанцкага фэсту ў Менску, спэцспасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл паведаміў:
«Я толькі спытаў у Лукашэнкі, ці можа Фрэнклін [Грэм] прыехаць і прапаведаваць. Ён сказаў „так“».
Чаму гэта важна
Паводле афіцыйнай інфармацыі, якая прагучала сёньня, у Беларусі 850 пратэстанцкіх грамадаў, 20 місіяў і 5 навучальных установаў. На пачатку 2024 году ў Беларусі былі зарэгістраваныя 1038 пратэстанцкіх грамадаў. То бок абавязковую перарэгістрацыю рэлігійных супольнасьцяў, якая скончылася ў 2025 годзе, не перажылі амаль дзьве сотні пратэстанцкіх суполак.
Пасьля задушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі ўзялі рэлігійныя супольнасьці пад жорсткі кантроль.
Згодна з інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх канфэсіяў пацярпелі ад рэпрэсіяў.