У Беларусі адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай

Вызваленыя з расейскага палону ўкраінцы, 24 красавіка 2026 году

Бакі перадалі адзін аднаму па 205 палонных.

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб правядзеньні чарговага абмену палоннымі.

Гэта першы абмен пасьля прызначэньня ў Расеі новай упаўнаважанай у правах чалавека Яны Лантратавай.

Расея перадала Ўкраіне 205 палонных, украінскі бок перадаў Расеі гэтулькі ж расейскіх вайскоўцаў.

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі, што сёньняшні абмен — першы этап абмену ў фармаце «1000 на 1000», пра які дамовіліся з Расеяй пры пасярэдніцтве ЗША.

Усе вызваленыя сёньня ўкраінскія вайскоўцы былі ў расейскім палоне 4 гады.

Абмен, як і раней, адбываўся праз тэрыторыю Беларусі.

Апошні абмен праходзіў 24 красавіка. Тады бакі перадалі адзін аднаму па 193 палонныя.

Звычайна расейскіх вайскоўцаў пасьля абмену разьмяшчаюць у Беларусі, дзе ім надаюць мэдычную дапамогу, а потым перавозяць у Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна правялі абмен палоннымі ў фармаце 175 на 175. ФОТА

Чаму гэта важна

Расея і Ўкраіны праводзяць абмены палоннымі на беларуска-ўкраінскай мяжы з 2024 году, калі гэта стала немагчыма рабіць на ўкраінска-расейскай мяжы праз пачатак украінскімі войскамі апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.

Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, і ў абедзьвюх краінах ёсьць ваеннапалонныя беларусы.

Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, у расейскім палоне знаходзяцца прынамсі двое грамадзян Беларусі, а ва ўкраінскім — ня менш за 17 беларусаў.

З пачатку вайны Ўкраіна перадала Расеі некалькіх палонных беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я зразумеў, што вайна — не маё». Ва ўкраінскі палон здаўся яшчэ адзін беларус
  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.