Большасьць палітвязьняў, вывезеных у Польшчу ў канцы 2025 году, атрымалі міжнародную абарону

Замкавы пляц Варшавы

Тады многіх палітвязьняў вывезьлі за мяжу без пашпартоў і іншых важных дакумэнтаў.

Большасьць палітвязьняў, вызваленых паводле памілаваньня і вывезеных зь Беларусі ў Польшчу ў другой палове 2025 году, ужо атрымалі ад польскіх уладаў міжнародную абарону, інфармуе тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

Паводле Ўправы ў справах іншаземцаў, на 8 траўня з 89 пададзеных заяваў на міжнародную абарону ўлады Польшчы разгледзелі 63, людзі атрымалі абарону. Яшчэ 26 заяваў разглядаюць зараз.

Працоўная група АПК адзначае, што падтрымлівае пастаянны кантакт з Управай у справах іншаземцаў у гэтых пытаньнях.

«Мы і надалей будзем працаваць над тым, каб усе дэпартаваныя палітвязьні атрымалі статус міжнароднай абароны на тэрыторыі Польшчы і іншых эўрапейскіх краін», — заявіў сябра працоўнай групы АПК Павал Латушка.

Міжнародная абарона ў Польшчы

Міжнародная абарона ў Польшчы — адмысловы статус іншаземцаў, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу, катаваньняў, пагрозы жыцьцю і свабодзе. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (з выданьнем так званага «жэнэўскага пашпарту») і статус дадатковай абароны — выданьне дазволу на жыхарства тэрмінам на 2 гады, потым яго можна абмяняць на новы.

З 2020 году тысячы беларусаў ужо зьвярнуліся па атрыманьне міжнароднай абароне, галоўным чынам у Польшчы. Агулам за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі выдалі 11 177 рашэньняў, у тым ліку 10 617 станоўчых (873 беларусы атрымалі статус уцекача, 9744 — дадатковую абарону).

Пасьля прыходу да ўлады новага ўраду на чале з Дональдам Тускам разгляд справаў беларускіх грамадзянаў пачаў істотна зацягвацца. 2,3 тысячы беларусаў з студзеня па верасень 2025 году папрасілі міжнароднай абароны. 1,3 тысячы чалавек ужо атрымалі станоўчыя рашэньні, 100 чалавек — адмовы. Сярэдні тэрмін разгляду справаў у 2025 годзе склаў 340 дзён (у 2024 — 302 дні). У гэты тэрмін ня ўключаная так званая карэспандэнцыйная фаза — пэрыяд ад моманту высланьня заяўкі поштай да афіцыйнага пачатку працэдуры.

Але польскія іміграцыйныя службоўцы ня бачаць сувязі даўжэйшага разгляду справаў са зьменай ураду. Кіраўнік Управы ў справах іншаземцаў Польшчы Томаш Цытрыновіч раней адзначаў, што прычына надзвычай доўгай легалізацыі — перагружанасьць ваяводаў. У студзені 2026 году на разглядзе ў ваяводаў былі каля 700 тысяч справаў аб легалізацыі іншаземцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Усё маё жыцьцё тут — гэта чаканьне дакумэнтаў». Чаму беларусы Польшчы так доўга чакаюць легалізацыі

Як беларусы застаюцца без пашпартоў

Улады Беларусі шукаюць усё новых спосабаў, як ускладніць жыцьцё былым палітвязьням, якіх нібыта памілавалі, але выправадзілі за мяжу без дакумэнтаў. А тыя, каму пашчасьціла выйсьці на волю з пашпартамі, даведваюцца, што іх беларускі дакумэнт ужо несапраўдны.

Замест пашпартоў некаторым палітвязьням далі даведкі аб пацьверджаньні асобы на аркушы фармату А4 з фота, фіялетавай пячаткай і подпісам супрацоўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі. Вядомыя каля трыццаці такіх выпадкаў.

Але і тыя, каму пашпарты вярнулі, даведаліся, што іх асноўны беларускі дакумэнт ужо несапраўдны.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронца Алесь Бяляцкі 13 сьнежня 2025 году быў нібыта памілаваны і вывезены ў Літву. Ягоны беларускі пашпарт дзейнічае да 2028 году. Але на пачатку красавіка Бяляцкі даведаўся, што пашпарт ануляваны. Улады параілі яму вярнуцца ў Беларусь і атрымаць новы.

Выпадкова даведаўся пра ануляваньне свайго пашпарту і журналіст Ігар Карней, калі спрабаваў дазнацца ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі пра запазычанасьць у 258 рублёў, якую патрабавалі сплаціць. Яго накіравалі ў асабісты кабінэт на сайт МУС, а там «высьвецілася», што ягоны дакумэнт, які меў дзейнічаць да 2030 году, — несапраўдны.

Выпадкаў пазбаўленьня беларускага грамадзянства няшмат. Бадай, самы гучны — справа вядомага журналіста Паўла Шарамета, якога пазбавілі грамадзянства ў 2010 годзе. Фармальнай прычынай тады стала атрыманьне грамадзянінам Беларусі Шараметам расейскага пашпарта. Ліст з паведамленьнем аб ануляваньні беларускага дакумэнту Шарамету падпісаў адзін з сакратароў амбасады Беларусі ў Расеі, ня сам амбасадар і нават ня консул. Якое ведамства пазбавіла Шарамета грамадзянства (МУС, МЗС ці адміністрацыя прэзыдэнта) — доўгі час не было вядома. Пазьней высьветлілся, што гэта Савет бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці законнае ануляваньне пашпартоў былых палітвязьняў і ці могуць зрабіць тое ж зь іншымі? Меркаваньне юрыста і былога сілавіка