У лесапарку Мядзьвежына Фрунзэнскага раёну Менску ўлады хочуць пабудаваць біятлённы комплекс, дрэвы там высякаюць ужо некалькі гадоў. Раней падціснулі тэрыторыі ў Драздах, каля парку Горкага і парку Чалюскінцаў. За 12 гадоў Менск страціў мінімум 651 гектар зялёных тэрыторыяў. Хто і як забудоўвае паркі і сады.
Крыху гісторыі
У савецкі час у забудове Менску асаблівую ўвагу надавалі так званаму водна-зялёнаму дыямэтру гораду. Паводле пляну, уздоўж поймы Сьвіслачы мусіла сфармавацца неперарыўная артэрыя паркаў, зялёных зонаў, вадаёмаў. Яна мусіла праходзіць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Вялікая зялёная зона з рэчкай, вадасховішчамі і паркамі вырашала некалькі задач:
- — паляпшэньне водазабесьпячэньня гораду;
- — стварэньне штучных вадаёмаў;
- — паляпшэньне мікраклімату;
- — зьніжэньне забруджваньня паветра і перагрэву гарадзкога асяродзьдзя.
Адной з функцыяў гэтага поясу была абарона ад ліўняў і наагул дажджоў: аб’екты воднага дыямэтру мусілі абсарбаваць ваду. Адыход ад гэтай канцэнпцыі стаў адной з прычынай таго, што цяпер беларускую сталіцу рэгулярна затоплівае ў непагадзь.
У 1990-х гадах Менск пачалі актыўна забудоўваць. Гэта працягваецца па сёньня, нягледзячы на запэўненьні чыноўнікаў і Лукашэнкі аб захаваньні зялёнага аблічча гораду. Глядзім, як гэта адбываецца.
Лесапарк Мядзьвежына
На пэрыядычную высечку дрэваў у лесапарку Мядзьвежына жыхары Фрунзэнскага раёну беларускай сталіцы скардзяцца ўжо мінімум 5 гадоў. Раней улады тлумачылі высечкі як санітарнае мерапрыемства для барацьбы з караедам. Напрыклад, намесьнік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась у красавіку сёлета тлумачыў высечку менавіта пагрозай караеда і «аслабленьнем дрэвастою».
«У выніку рэкрэацыйнай нагрузкі і неспрыяльных умоваў надвор’я адбываецца аслабленьне дрэвастою. Як вынік — пашкоджаньне караедам-тыпографам. З 2023 году па цяперашні час намі праведзена 6,7 га суцэльных санітарных высечак», — казаў ён тэлеканалу АНТ.
Парк "Мядзьвежына" у 2023 годзе. Спадарожнікавы здымак
Парк "Мядзьвежына" у 2026 годзе. Спадарожнікавы здымак
У лютым улады расказалі, што ў гэтым лесапарку пабудуюць тры лыжаролерныя трасы, а пазьней, у траўні, паведамілі, што ў Мядзьвежыне зьявіцца цэлы біятлённы комплекс са стадыёнам, стрэльбішчам і разьдзявальнямі для спартоўцаў.
Хто будзе будаваць гэты комплекс, улады ня кажуць, але звычайна замаўляе такія спартовыя аб’екты дзяржава.
Новая Лошыца
Проста цяпер ідзе знос прыватных дамоў і высечка дрэваў у мікрараёне Лошыца, а менавіта на Лошыцкім завулку, дзе месьцілася «Вёска навукоўцаў». Калісьці тут збудавалі дамы для супрацоўнікаў Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту пладаводзтва, агародніцтва і бульбаводзтва.
На месцы мікрараёну з зялёнымі пасадкамі, садамі, якія стварылі жыхары прыватных дамоў, вырасьце новы мікрараён Лошыца-5. На гэтым месцы хочуць збудаваць 20 жылых дамоў на 3130 кватэраў і 8 тысяч жыхароў.
Парк у менскай Лошыцы. Архіўнае фота
Будаваць тут маюць дзяржаўныя структуры — упраўленьне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. І хоць пад забудову ня пойдзе тэрыторыя Лошыцкага парку, але ахвярай высечкі стануць шмат зялёных пасадак вакол, бо частка кварталу прымыкае проста да парку.
Што ўжо збудавана ці будуецца
2014-2022. Заказьнік Лебядзіны
Гэты дзяржаўны біялягічны заказьнік быў створаны ў Цэнтральным раёне Менску ў 1984 годзе. Заказьнік цалкам знаходзіцца ў межах гораду, гэта прыродная каштоўнасьць — водна-балотны комплекс натуральнага паходжаньня, дзе гняздуюцца рэдкія птушкі, у тым ліку чырванакніжныя.
З 2014 году ўлада пачала адразаць землі ад заказьніку пад забудову. Адмысловым указам Лукашэнкі зь межаў заказьніку вывелі 8 гектараў тэрыторыі для жыльлёвага комплексу і рэстарану. Тэрыторыю атрымаў бізнэсовец Павал Белы, уласьнік кампаніі «Тапас» і былы хакеіст з каманды Лукашэнкі.
Кампанія Белага пабудавала каля заказьніку жыльлёвыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-Парк». У ліпені 2023 году «Наша ніва» паведамляла, што Паўла Белага затрымлівалі. Такое ўжо было ў 2012 годзе, але тады яго вызвалілі пасьля ўмяшаньня Лукашэнкі.
Рэстаран каля заказьніка «Лебядзіны», які збудавала кампанія «Тапас»
А рэстаран «Лебядзіны» у выніку перайшоў да Нацыянальнага алімпійскага камітэту, узначальвае яго цяпер старэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Атрымалася так, што ўласьнікам рэстарану стала «дачка» камітэту — кампанія «Лебядзіны Парк». Дырэктарам гэтай кампаніі на 2025 год быў Валеры Філіповіч, раней ён служыў у АМАПе і працаваў у службе бясьпекі Лукашэнкі.
2014–2022. Квартал каля парку Чалюскінцаў
У 2013 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб пытаньнях будаўніцтва шматфукнцыянальнага комплексу ў Менску». Паводле яго інвэстару за 17,2 мільёна даляраў адыходзіў участак у 8,27 гектара ў межах вуліц Філімонава — Незалежнасьці — Макаёнка. Ва ўказе інвэстар яшчэ ня быў названы, але пазьней ім стала кампанія Dana Holdings братоў Карычаў. У выніку каля парку Чалюскінцаў вырасьлі жыльлёвыя комплексы «Парк Чалюскінцаў» і Vogue.
Тэрыторыю парку пры гэтым фармальна не ўразалі, але пад забудову пайшлі зялёныя зоны, якія прымыкалі да парку і існавалі як натуральныя межы паміж вуліцамі і паркам.
2022-2040. «Паўночны Бераг»
Адна з самых маштабных будоўляў на поўначы Менску, на беразе Цнянскага вадасховішча, пачалася ў 2022 годзе. Пляны забудоўнікаў былі самыя амбітныя — 90 тысяч кватэраў і 1469 прыватных дамоў да 2040 году. Цяпер тут ужо прадаюць кватэры і працягваюць забудоўваць квартал: мусіць зьявіцца вялікі выстаўны комплекс, крамы, дарожныя разьвязкі.
Квартал будуюць каля воднай артэрыі Менску, таго самага водна-зялёнага дыямэтру. Інвэстар праекту — арабская кампанія Emaar Properties, яе ўласьнік бізнэсовец Махамэд Алі Алабар. У 2024 годзе вакол гэтай кампаніі адбыўся скандал, Reuters з спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што праз санкцыі інвэстар можа сысьці зь Беларусі. Гэта выклікала паніку сярод дольнікаў, аднак праект працягнулі. У Беларусі ім займаецца афіляваная з Emaar Propertie структура — Riverside Development Holdings Limited.
Экспэрт-урбаніст, зь якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, называе гэты кавалак зямлі вельмі значным для клімату гораду.
«Гэта вельмі важная частка водна-зялёнага дыямэтру, якая ахалоджвае горад, чысьціць паветра. Аднак у Беларусі арыентуюцца на статыстыку, Менск разглядаюць як адзін горад і ад ягонай плошчы лічаць долю зялёных зонаў. Але калі паглядзець уважліва на статыстку даступнасьці зялёных зонаў для жыхароў гораду — будзе шмат пытаньняў», — гаворыць суразмоўца.
Раней у Менску збудавалі адразу некалькі аб’ектаў, якія ня толькі паўплывалі на водна-зялёны дыямэтар гораду, але і зьмянілі яго аблічча. Напрыклад, у 2011 годзе ў сталіцы пачалі будаваць нібыта гатэль «Кэмпінскі», які ня тое што ня меў дачыненьня да вядомага брэнду, а наагул ня стаў гатэлем. Цяпер там месьціцца расейскі «Сбер Банк», крамы і некаторыя кампаніі. Пры будаўніцтве гэтага аб’екту зьнесьлі гістарычны будынак першай менскай электрастанцыі. А займалася будаўніцтвам кампанія некалі блізкага да Лукашэнкі бізнэсоўца Юрыя Чыжа СТАА «Эліт Эстэйт». Будынак аказаўся вышэйшым за іншыя аб’екты на праспэкце Незалежнасьці, ён выбіваецца з агульнага архітэктурнага ансамблю. Да таго ж ён стаіць проста на беразе Сьвіслачы каля парку Горкага, то бок прымыкае да водна-зялёнага дыямэтру сталіцы.
Будаўніцтва гатэля "Кемпінскі" ў Менску. Архіўнае фота
Іншы аб’ект, які зьявіўся ў самым цэнтры Менску і таксама падкасіў тэрыторыю зялёных пасадак і зьмяніў выгляд архітэктурнага ансамблю, атрымаў у народзе назву «Дом Чыжа». Ягонае будаўніцтва — таксама справа рук Юрыя Чыжа, гэты будынак вырас на 25 паверхаў проста на ўзьбярэжжы Сьвіслачы ў 2013 годзе. Такіх высокіх дамоў у гэтай акрузе няма, ён перакрывае від на Траецкае прадмесьце і панараму гораду.
Якія лічбы зялёнай статыстыкі
Чыноўнікі часта заяўляюць, што ў Менску «адсотак азелянёнасьці» складае 42%, што больш за норму ў 40%. Аднак калі ўважліва пачытаць генэральны плян Менску, то там будуць зусім іншыя лічбы.
Напрыклад, у 2014 годзе «ляндшафтна-рэкрэацыйныя» зоны паводле генэральнага пляну складалі 10 868 гектараў, ці 31,2%.
У 2021 годзе ў генэральным пляне зьмянілі назву такіх зонаў на «азелянёныя» і іх у плянах на 2026 год было ўжо 10 404 гектары, ці 29,5%. То бок за 12 гадоў сталіца страціла 651 гектар зялёных тэрыторыяў, калі арыентавацца на генэральны плян.
Траецкае прадмесьце, «Дом Чыжа» і Востраў сьлёз на Сьвіслачы ў Менску. Архіўнае фота
То пра якія 42% тады кажуць чыноўнікі? Наш суразмоўца, экспэрт-урбаніст, адзначае, што ў плянавальнікаў проста няма нейкіх жорсткіх нормаў, яны могуць лічыць «зялёнай» тэрыторыяй, напрыклад, кустоўе.
«Яны могуць ужываць розныя тэрміны і мяняць іх. Для гэтых тэрыторыяў улічваюцца і кустоўе, хмызьнякі, прыдамавыя тэрыторыі. Можа, так у іх і атрымліваецца больш за 40%. У эўрапейскіх гарадах патрабаваньні да зялёных зонаў, наадварот, узмацняюцца. Ёсьць формула, што кожны жыхар павінен мець доступ да зялёных зонаў, мінімум тры дрэвы чалавек мусіць бачыць з свайго вакна, мінімум за 300 мэтраў ад ягонага жыльля мусіць быць парк, зялёная зона. У Менску такога няма. Некалі цяпер ужо няісны інстытут „Мінскграда“ праводзіў дасьледаваньне аб зялёных зонах, да якіх жыхары маюць доступ. І ў розных раёнах гэты доступ адрозьніваўся. У даступнасьці і неперарыўнасьці зялёных зонаў у Менску ёсьць праблемы, і нават свае стандарты не заўсёды выконваюцца», — гаворыць экспэрт.
Іншая праблема, што ў беларускай сталіцы няма жорсткіх правілаў, калі «зялёныя» зоны катэгарычна нельга чапаць. Іх пэрыядычна выводзяць з такога статусу і даюць дазвол на будаўніцтва. Калі жыхары гораду да 2020 году маглі на нешта паўплываць, то цяпер гэта складана, адзначае суразмоўца.
«Раней, да 2020 году, перад забудовай на грамадзкае абмеркаваньне вывешваўся плян забудовы, людзі маглі выказваць свае думкі, распачынаць дыскусію, уплываць на гэта неяк. Калі-нікалі можна было ўплываць на дэталёвыя пляны будаўніцтва. Зараз — ня ведаю, ці можна хоць нейкім чынам удзельнічаць у абмеркаваньні гэтых плянаў», — дадае экспэрт.
Лошыцкі парк у Менску. Архіўнае фота
Азеляненьне гарадоў важнае яшчэ і празь зьмены клімату, бо калі савецкія архітэктары плянавалі водна-зялёны дыямэтар Менску, праблема глябальнага пацяпленьня стаяла ня так востра.
«Трэба проста заканчваць забудову Менску, асабліва ў месцах, якія маюць значэньне для таго, каб лягчэй дыхалася. І трэба зьмяніць стандарты, мусяць быць строгія правілы даступнасьці гэтых зонаў — не за 20 кілямэтраў ад месца жыхарства, а недалёка ад яго», — падсумоўвае экспэрт.
У тым жа генэральным пляне Менску ад 2025 году ўлады хочуць у 2030 годзе павялічыць плошчу «азелянёных» тэрыторыяў да 11 923 гектараў, ці 31,3%. Аднак, незразумела, як гэта адбудзецца і што будуць лічыць зялёнымі пасадкамі, калі толькі ў 2026 годзе ў сталіцы хочуць пабудаваць да 300 тысяч квадратаў жыльля.