Хроніка перасьледу 14 траўня: іранскую студэнтку арыштавалі ў Беларусі за камэнтары

Шыльда на будынку суду Ленінскага раёну Магілёва. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Іранскую студэнтку арыштавалі ў Беларусі за камэнтары

Студэнтку-стаматоляга з Ірану Хатэры Хадададзі затрымалі ў Беларусі за камэнтары аб Іране ў адным з тэлеграм-каналаў, паведамляе Reform.news са спасылкай іранскі тэлеканал ManotoTV, які базуецца ў Лёндане.

Паводле тэлеканалу, Хадададзі затрымалі пры ўмяшаньні амбасады Ірану ў Беларусі і пакаралі на 14 дзён арышту.

Паводле яе блізкіх, яе мелі вызваліць 30 красавіка, аднак яна застаецца пад вартай, яе статус застаецца нявызначаным. Таксама паведамляецца, што падчас утрыманьня пад вартай яна была пазбаўленая доступу да адваката.

Хатэры Хадададзі вучыцца на мэдыцынскім факультэце замежных навучэнцаў БДМУ.

Выйшаў на волю колішні намесьнік генэральнага дырэктара БелТА

Стала вядома аб вызваленьні колішняга намесьніка генэральнага дырэктара дзяржаўнага агенцтва БелТА ў ідэалёгіі Сяргея Адзярыхі, якога правабаронцы прызналі палітычным зьняволеным.

Яго арыштавалі ў кастрычніку 2021 году і прысудзілі пяць гадоў калёніі за «перавышэньне ўлады» (арт. 426 Крымінальнага кодэксу). Адзярыху абвінавацілі ў тым, што ён перадаваў інфармацыю Анатолю Котаву ў Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленьне — напрыклад, пра графік паездак Лукашэнкі ці іншых чыноўнікаў. Тыя зьвесткі публікаваліся ў канале «Нік і Майк», агулам 58 допісаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Праўладны і трохі спалоханы чалавек». Хто такі Сяргей Адзярыха, якога пасадзілі на 5 гадоў за перадачу службовай інфармацыі БелТА

Аб вызваленьні Сяргея Адзярыхі паведаміла выданьне «Наша ніва». Ускосна гэты факт пацьвярджае інфармацыя на партале kartoteka.by, згодна зь якой Сяргей Анатолевіч Адзярыха 15 кастрычніка 2025 году зарэгістраваўся ў Менскім гарвыканкаме як індывідуальны прадпрымальнік, які надае паслугі таксі.

Адметна, што гэта адбылося праз два месяцы пасьля зьнікненьня Анатоля Котава, які 21 жніўня 2025 году вылецеў з Варшавы ў турэцкі горад Трабзон, а затым нібыта пакінуў Турэччыну па моры на прыватнай яхце ў бок Сочы. Дакладных пацьверджаных зьвестак пра ягоны маршрут або месца знаходжаньня няма, і зьнікненьне выклікае шмат пытаньняў.

Анатоль Котаў раней працаваў у дзяржаўных структурах Беларусі, у тым ліку ў Міністэрстве замежных справаў і Нацыянальным алімпійскім камітэце. Пасьля выбараў 2020 году ён эміграваў у Польшчу і быў зьвязаны зь беларускім апазыцыйным рухам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі фонд спартовай салідарнасьці папрасіў дапамогі ў пошуку Анатоля Котава, які зьнік у Турэччыне

Улады дапоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 13 траўня ўключыла ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» праект Belarusiana.

У ведамстве назвалі Яраслава Грыгор’ева і Мечыслава Дабранскага датычнымі да гэтага праекту.

Напярэдадні, як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», у Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» суполкі людзей, якія адмаўляюць развал СССР, у тым ліку — старонку «Ўкантакце» «Могилев и Могилевская область СССР/БССР», а таксама Telegram-чаты «Информационный чат СССР» і «Белорусская ССР». Адпаведнае рашэньне ўхваліў суд Ленінскага раёну Магілёва.

«Экстрэмісцкі» сьпіс таксама папоўнілі старонкі ў TikTok «ДАРМАЕД», Lichalapouski, lisbet25730, basta_bel, Arturs Burinskis, BELPOL, zhekapobeda, «Анна Самохина», старонка ў Instagram solibel.nо, старонкі ў Facebook «Александр Рыков», «Борис Давид Балтэ», «Валанцёрскi Центр Сустрэча», Anton Malkin, старонка ў Х «Каранi Беларускай», YouTube-канал «Анна Самохина».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 13 траўня: новы завочны прысуд і ператрус у кватэры кандыдата ў Каардынацыйную раду