Суд пастанавіў, што на момант абнаўленьня санкцыйнага сьпісу летась у Рады ЭЗ не было «дастатковых і актуальных доказаў» падтрымкі Міхаілам Гуцэрыевым рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Судовы орган прааналізаваў падставы, на якіх Рада ЭЗ працягвала лічыць бізнэсмэна зьвязаным зь беларускімі ўладамі. У прыватнасьці, гаворка ішла аб удзеле структур, зьвязаных з заснаванай Гуцэрыевым групай «САФМАР», у нафтавым сэктары Беларусі падчас энэргетычнага крызісу 2020 года, а таксама аб яго інвэстыцыях у камэрцыйную нерухомасьць, уключаючы праекты ў Менску.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што ўсе ключавыя абставіны, на якія спасылалася Рада ЭЗ, «адносяцца да мінулых падзей» і не пацьвярджаюць, што такія сувязі захоўваліся на момант падаўжэньня санкцый.
У рашэньні падкрэсьліваецца, што мэханізм абмежавальных захадаў прадугледжвае рэгулярны перагляд і патрабуе актуальных доказаў, а не аўтаматычнага падаўжэньня на аснове ранейшых фактаў.
Асобна суд адзначыў, што Рада ЭЗ не прадставіла абноўленых зьвестак аб рэальнай актыўнасьці кампаній, зьвязаных з Гуцэрыевым, на беларускім рынку ў пэрыяд, які непасрэдна папярэднічаў прадаўжэньню санкцый. Таксама было ўказана, што нельга аўтаматычна меркаваць захаваньне ўплыву бізнэсмэна толькі на падставе яго ранейшых інвэстыцый або статусу ў карпаратыўных структурах.
Не пацьвердзіліся, на думку суду, і сьцьвярджэньні аб працягу асабістых кантактаў Гуцэрыева і Лукашэнкі. Суд указаў, што раней ужо разглядаў аналягічныя доказы і прызнаў іх недастатковымі для высновы аб фактычных сустрэчах або бягучым палітычным узаемадзеяньні. Новыя матэрыялы, прадстаўленыя Радай ЭЗ, таксама не былі прызнаныя дастатковымі для пацьвярджэньня ўстойлівых сувязяў.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што Рада ЭЗ дапусьціла памылку ў ацэнцы, палічыўшы, што Гуцэрыеў па-ранейшаму можа разглядацца як «буйны бізнэсмэн, які падтрымлівае або атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі». Паколькі такое заключэньне, на думку суду, не было падмацаванае актуальнымі доказамі, падстава для санкцый прызнана несапраўднай.
Агульны суд ЭЗ (General Court) зьяўляецца першай судовай інстанцыяй, яго рашэньне можа быць абскарджана ў судзе Эўрапейскага зьвязу (Court of Justice).
Згаданы суд год таму пацьвердзіў законнасьць рашэньня Агульнага суду ЭЗ, вынесенага ім у верасьні 2023 году, аб абгрунтаванасьці санкцый Рады ЭЗ у дачыненьні да Міхаіла Гуцэрыева ў сувязі з атрыманьнем ім выгады ад беларускага рэжыму, ягоная апэляцыя была адхіленая.
Хто такі Гуцэрыеў
Міхаіл Гуцэрыеў — расейскі алігарх-мільярдэр і сябра Лукашэнкі з 2000-х гадоў.
Ён упершыню трапіў пад санкцыі Эўрзьвязу 21 чэрвеня 2021 года, пасьля падзей у Беларусі ў 2020–2021 гадах, калі ЭЗ увёў абмежавальныя меры супраць асоб, якія «падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі».
У дакумэнце было ўказана, што Гуцэрыеў «аказваў значную фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі і здабываў з гэтага выгаду. Прысутнічаў на цырымоніі інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасьня 2020 году. Такім чынам, ён нясе адказнасьць за падтрымку рэжыму Лукашэнкі».
У чэрвені 2021 году ў рашэньні Рады ЭЗ гаварылася, што ён — «даўні сябар» Аляксандра Лукашэнкі, што дазволіла яму «назапасіць значны капітал і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі».
Акрамя таго, у дакумэнце было ўказана, што яго кампанія «Славкалий» будавала прадпрыемства па вытворчасьці хлёрыстага калію (Нежынскі горна-абагачальны камбінат) каля горада Любань (Менская вобласьць). Адзначана, што Лукашэнка «падтрымаў Гуцэрыева пасьля таго, як супраць яго ў Расеі распачалі крымінальную справу», і «дзякаваў Гуцэрыеву за яго фінансавыя ахвяраваньні на дабрачыннасьць і шматмільярдныя інвэстыцыі ў Беларусь».