Пасьля DDoS-атак выбары Каардынацыйнай Рады перавялі на іншы сайт

Алена Прыходзька, старшыня камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду. Архіўнае фота

У Каардынацыйнай радзе паведамілі аб пачатку галасаваньня 12 траўня, які адклалі праз магутныя DDoS-атакі на сэрвісы. Цяпер абмяркоўваецца прапанова прадоўжыць тэрмін галасаваньня.

Ад каманды тэхнічнай падтрымкі плятформы выбараў Каардынацыйнай рады 14 траўня зьявілася інфармацыя аб пераходзе на іншы сайт для галасаваньня:

«Наша каманда бачыць пэрыядычную перагрузку атакамі сэрвісу Google, на якім быў даступны сайт для выбараў, таму сайт галасаваньня цяпер будзе даступны пад новым асобным адрасам: https://rada2026.svaepeera.com».

Раней галасаваньне ішло на іншым сайце, які цярпеў ад DDoS-атак.

За трэці дзень выбараў у Каардынацыйную раду прагаласавалі каля 200 чалавек. На 20:50 менскага часу былі зарэгістраваныя 909 выбарнікаў. На раніцу 14 траўня прагаласавалі каля 700 чалавек.

У Каардынацыйную раду вылучаюцца 175 кандыдатаў.

Арганізатары прапануюць пераходзіць на новы сайт толькі з правераных крыніц, зь Беларусі выкарыстоўваць VPN і рэжым Incognito, ачышчаць гісторыю і кэш інтэрнэт-аглядальніка пасьля галасаваньня. На iPhone на час галасаваньня прапануюць адключыць Lockdown mode.

Аплікацыі для галасаваньня будуць даступныя пад ранейшымі адрасамі, інфармацыя аб праграмах і кантактах службы падтрымкі даступная на сайце svaepeera.com

Раней арганізатары заявілі, што ідзе атака на саму ідэю выбараў у Каардынацыйную раду.

Адказны за тэхнічную частку працэсу Павел Лібер расказаў 14 траўня, што над зрывам выбараў мэтанакіравана працуе цэлая каманда спэцыялістаў, нанятых рэжымам. У першыя дні плятформа для галасаваньня перажыла некалькі DDoS-атак у амаль 2 мільярды запытаў.

«То бок яны б’юць у адны пункты, бачаць, што там не праходзіць, — б’юць у іншыя. Там сядзіць вылучаная каманда, задача якой — або заваліць сыстэму запытамі, або, калі не атрымліваецца запытамі, намацаць нейкія лякальныя ўразьлівасьці».

Алена Прыходзька, старшыня выбарчай камісіі, агучыла актуальныя лічбы і дала ацэнку бягучай сытуацыі:

«Яўку на гэты момант можна назваць даволі нізкай, і гэта можа быць зьвязана з рознымі чыньнікамі. Даваць ацэнку гэтым фактарам я пакуль не гатовая, бо мяркую, што гэта комплексныя прычыны. На гэты момант прагаласавалі 789 чалавек. Прагназаваць нешта ў такіх умовах вельмі цяжка».

У гэты час у КР ідзе галасаваньне за прапанову працягнуць выбары на 36 гадзін паводле рэкамэндацыі выбарчай камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто можа сфальсыфікаваць вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і куды трапляюць пашпартныя дадзеныя тых, хто прагаласаваў

Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?

Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 году кампанія пасьля публікацыяў на хакерскіх форумах мусіла прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі зьвестак некаторых карыстальнікаў.

Што на гэта адказалі арганізатары?

Павал Лібер гэтак пракамэнтаваў асноўныя прэтэнзіі да правайдэра:

  • Статус кампаніі: Sumsub — ня нішавы гулец, а ўсясьветны лідэр, што два гады запар пацьвярджае аўтарытэтнае агенцтва Gartner. Сярод 4000 кліентаў сэрвісу — такія гіганты, як Vodafone, Duolingo і TransferGo.
  • Бясьпека зьвестак: Кампанія мае найвышэйшыя сэртыфікаты стандартаў бясьпекі і працуе паводле эўрапейскіх патрабаваньняў GDPR. Усе зьвесткі захоўваюцца на сэрвэрах у Нямеччыне. Sumsub таксама супрацоўнічае з Інтэрполам у пытаньнях дасьледаваньняў і трэнінгаў.
  • Інцыдэнты з выцекам інфармацыі: У кампаніі былі два інцыдэнты, зьвязаныя з выцекам даных, якія яна самастойна і наўмысна апублікавала. Першы выпадак тычыўся толькі службы падтрымкі партнэраў і не закрануў біямэтрыю ці пашпарты. Другі быў выкліканы памылкай самога партнэра, які выклаў ключ доступу ў публічную прастору, што ня ёсьць хібай сыстэмы Sumsub.
  • Паходжаньне ўласьнікаў: Заснавальнікі кампаніі нарадзіліся ў Расеі і маюць ізраільскія пашпарты. Яны не жывуць у РФ больш за 7 гадоў і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны цалкам адмовіліся ад выкарыстаньня расейскага і беларускага софту.


Што такое Каардынацыйная рада?

У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 чалавек. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

DDoS-атакі на сайт для галасаваньня на выбарах у КР ужо каштавалі сотні тысяч эўра, — Алена Прыходзька

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся з спазьненьнем, галасаваньне хочуць працягнуць

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выбары ў Каардынацыйную раду: імітацыя палітыкі ці парлямэнт у выгнаньні?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лібер: Мы ўпэўненыя ў кампаніі — вэрыфікатары дадзеных на выбарах у Каардынацыйную раду