Хроніка перасьледу 12 траўня: новы завочны прысуд і ператрус у кватэры кандыдата ў Каардынацыйную раду

Гомельскі абласны суд. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Гомельскі абласны суд 12 траўня ў парадку спэцыяльнага вядзеньня агучыў прысуд 31-гадоваму Станіславу Прыгодзічу — пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафам у 100 базавых велічыняў (4500 рублёў).

Як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», спэцыяльнае вядзеньне супраць Станіслава Прыгодзіча распачалі ў лютым.

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), ч. 3 артыкулу 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»), ч. 1 артыкулу 368 КК («абраза Лукашэнкі»), артыкулу 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»), артыкулу 369-1 КК («дыскрэдытацыя Беларусі»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 траўня: у Менску вынесьлі чарговыя завочныя прысуды

Магілёўскія сілавікі правялі ператрус у кватэры кандыдата ў Каардынацыйную раду

12 траўня ў кватэру актывіста Васіля Плешкунова ў Магілёве заявіліся супрацоўнікі Сьледчага камітэту, якія правялі ператрус.

Як паведаміў сам актывіст магілёўскім правабаронцам, прычынай ператрусу стаў яго ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду.

Васіль — былы настаўнік з Магілёва. У 2020 годзе яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у акцыях пратэсту. У 2023 годзе яго затрымалі і пабілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пасьля гэтага ён вымушана выехаў зь Беларусі.

Сярод новых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» — онлайн-крамы і моўная школа

КДБ дадаў у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» брэнд адзеньня Znivien, онлайн-краму The Krama Store, а таксама школу вывучэньня моваў LVS. Language School.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 11 траўня: затрымалі беларуса, які прыехаў на радзіму зрабіць новыя дакумэнты

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».