У Менску вынесьлі чарговыя завочныя прысуды
У Менскім гарадзкім судзе 8 траўня вынесьлі завочны вырак Яўгеніі Тачыцкай, Кацярыне Востравай паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), Антаніне Найдовіч — паводле ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), піша Вясна.
Яўгенія Тачыцкая — фігурантка справы Мачулішчаў, якую завочна асудзілі да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Таксама па гэтай справе быў асуджаны Андрэй Балмакоў — верагодна, гаворка пра адваката Андрэя Балмакова, які пасьля пратэстаў 2020 года абараняў беларусаў па палітычных справах. Яго затрымалі вясной 2025 году.
Жыхара Мазыра асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»
41-гадовага жыхара Мазыра Паўла Чарняка ў Гомельскім абласным судзе прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (часткі 1 і 2 артыкула 361-4 КК).
Вынесены яму прысуд праваабаронцамі яшчэ высьвятляецца, але вядома, што ён зьвязаны з пазбаўленьнем волі, піша «Вясна».
Былога вайскоўца зь Берасьця абвінавацілі ў «тэрарызьме»
Берасьцейскі абласны суд вынес вырак Аляксандру Рудчыку, прызнаўшы вінаватым па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «стварэньне злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285), «удзел у тэрарыстычнай дзейнасьці» (арт. 290-3, ч. 2 арт. 290-4) і «ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (ч. 1 арт. 361-3).
Аляксандр Рудчык нарадзіўся 3 красавіка 1964 году, ён былы вайсковец, з 2003 году працаваў аўдытарам як індывідуальны прадпрымальнік, піша «Наша Ніва».
З 2022 году ён жыў за межамі Беларусі, але пазьней вярнуўся.