Пра пачатак расьсьледаваньня паведаміў Дэпартамэнт абароны ўнутранага рынку Эўразійскай эканамічнай камісіі.
У красавіку буйныя вытворцы шынаў Эўразійскага эканамічнага саюзу, пераважна расейскія вытворцы, але сярод іх беларускі завод «Белшына», зьвярнуліся ў ЭЭК з просьбай абараніць рынак ад імпарту з Кітаю. Асьцярогі вытворцаў базаваліся на тым, што на кітайскую вытворчасьць прыпадае каля 75% усяго імпарту, а кітайскія маркі займаюць траціну шыннага рынку ЭАЭС.
Гэта прывяло да прыкметнага пагаршэньня фінансавага становішча галіны, заўважыла выданьне Office Life. У студзені — верасьні 2025 году прыбытак вытворцаў ад рэалізацыі ўпаў на 72%, рэнтабэльнасьць вытворчасьці — на 71%, продажаў — на 67%. Таксама на 15% зьнізіліся аб’ёмы выпуску, продажу — на 23%. Пры гэтым кошт імпарту скараціўся на 4% і апусьціўся ніжэй за сярэднеўзважаны кошт тавару.
Пасьля звароту ЭЭК пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні шынаў дыямэтрам ад 13 да 21 цалі, акрамя шынаў ад 17,5 да 21 цалі з індэксам нагрузкі больш за 115 і катэгорыямі хуткасьці F-H.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Белшына» папрасіла ў Эўразійскай эканамічнай камісіі абароны ад кітайскага імпартуШто можа адбыцца, калі патрабаваньні «Белшыны» задаволяць?
Па выніках расьсьледаваньня ЭЭК можа ўвесьці квоты або адмысловае ахоўнае мыта ў памеры каля 30%.
Экспэрты дапускаюць, што гэта прывядзе да падаражэньня найбольш танных кітайскіх шынаў, якія цяпер у тым ліку і з прычыны цаны, карыстаюцца вялікім попытам на рынку Эўразійскай эканамічнай прасторы.
Паводле Галоўнага мытнага кіраўніцтва Кітаю, у 2025 годзе Расея імпартавала кітайскіх легкавых шынаў на $510,15 млн, што ў 3,3 раза больш, чым у 2021 годзе. Асноўнай прычынай называюць сыход з Расеі часткі буйных замежных марак. Пры гэтым у самой Расеі вытворчасьць апонаў толькі летась упала на 20%.
Раней суразмоўцы газэты «Коммерсантъ» гаварылі, што для ўвядзеньня абарончых захадаў, калі іх прымуць увосень, трэба будзе, каб заводы-просьбіты, у тым ліку «Белшына», забясьпечвалі патрэбы рынку.
Пакуль няясна, ці здолее «Белшына» задаволіць патрэбы беларускага рынку. Нават пры тым, што ў сакавіку 2025 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь адмысловай пастановай падоўжыў бесканкурэнныя ўмовы для прадпрыемства ў адпаведнай галіне. Такія самыя ўмовы дзейнічалі для «Белшыны» і ў 2023–2024 гадах.