На мінулым тыдні адразу некалькі як дзяржаўных, так і недзяржаўных мэдыя ў Беларусі напісалі пра неабходнасьць рэгістрацыі катоў і сабак у мясцовых органах улады. Спасылаліся яны на Міністэрства жыльлёвай гаспадаркі.
Гэтую навіну таксама перадрукавалі шмат дзяржаўных раённых выданьняў.
Неабходнасьць рэгістрацыі катоў і сабак дзяржаўныя органы тлумачаць тым, што яна дапамагае «весьці ўлік жывёлаў» і «хутчэй знайсьці гаспадара, калі жывёліна згубіцца». У кожнай публікацыі нагадалі пра штрафы за брак рэгістрацыі — ад 45 да 675 рублёў (ад 1 да 15 базавых). А калі адсутнасьць рэгістрацыі жывёлы прынесла шкоду — ад 450 да 1350 рублёў (ад 10 да 30 базавых).
Закону ўжо 25 гадоў
Норма пра абавязковую рэгістрацыю хатніх гадаванцаў дзейнічае ў Беларусі з 2001 году, яна запісаная ў пастанове ўраду «Аб зацьвярджэньні правілаў утрыманьня свойскіх сабак і катоў».
Сярод іншага там напісана, што ўладальнікі сабак і катоў абавязаныя:
— у трохдзённы тэрмін паведамляць арганізацыям, якія ажыцьцяўляюць рэгістрацыю жывёл, а таксама вэтэрынарным установам у месцы пастаяннага жыхарства, аб набыцьці, продажы, гібелі, зьнікненьні, перамене месца жыхарства або перадачы сабакі, ката.
Ілюстрацыйнае фота
Штраф за адсутнасьць такой рэгістрацыі наўпрост у законе не запісаны. Аднак у Кодэксе «Аб адміністрацыйных правапарушэньнях» устаноўлены штраф за «парушэньне правіл утрыманьня жывёлаў». Пад гэты артыкул улады падводзяць адсутнасьць рэгістрацыі сабак і катоў. Пасьля зьмены кодэксу ў 2021 годзе артыкул зрабілі больш жорсткім. Раней, да зьменаў, можна было атрымаць проста папярэджаньне, цяпер адразу штраф.
«Ці будзе штраф, мы ня ведаем»
Чытач Свабоды дазваніўся ў службу «Адно акно» адміністрацыі аднаго з раёнаў Менску. Менавіта там займаюцца рэгістрацыяй катоў і сабак.
У службе патлумачылі, што каб зарэгістраваць жывёлу, патрэбны толькі пашпарт уласьніка кватэры. Калі ўласьнікаў некалькі, то спатрэбіцца згода іх ўсіх.
«Гэта зойме хвілін 5, калі чэргі нейкія, то максымум хвілін 10 зойме», — патлумачылі ў службе. Працэдура бясплатная.
Ці будзе штраф, калі ката ці сабаку не пасьпеў зарэгістраваць цягам 3 дзён і прыйшоў пазьней гэтага тэрміну ў службе не сказалі, бо «не займацца штрафамі». Выпісваць штрафы за катоў і сабак — «нелегалаў» паводле закону могуць службы ЖКГ.
«Рыбак таксама трэба рэгістраваць?»
Свабода на ўмовах ананімнасьці распытала ўладальнікаў катоў і сабак, ці зьбіраюцца яны рэгістраваць сваіх гадаванцаў. Многія суразмоўцы прызналіся, што не разумеюць, навошта гэта рабіць. Напрыклад, навошта рэгістраваць ката, калі ён ніколі не выходзіць з хаты. Таксама складаны выпадак, калі чалавек наймае кватэру.
«Гэта што, уласьніку жыльля трэба ехаць зь іншага гораду, каб я зарэгістраваў ката? Навошта гэта яму трэба?» — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Колькі катоў жыве ў Беларусі, дакладна невядома. Менскія ўлады змаглі зарэгістарваць каля 1500 гэтых жывёлаў, але гэтая лічба можа быць нашмат меншай за рэальную. Ілюстрацыйнае фота
Таксама людзей зьдзіўляе, што нідзе не апісана, як робіцца гэтая працэдура, а паўсюль толькі пагражаюць штрафамі. Адзін суразмоўца зьвярнуў увагу, што арыгінал пастановы пра рэгістрацыю ёсьць толькі ў платным доступе на сайце pravo.by. То бок каб яго пачытаць, трэба яшчэ заплаціць.
Многія ўспрынялі гэтую навіну пра рэгістрацыю з іроніяй. Маўляў, дома яшчэ жывуць рыбы і мурашы, і іх таксама трэба зарэгістраваць.
Адзін з суразмоўцаў зарэгістраваў свайго сабаку «далей ад граху», але давялося пачакаць у чарзе.
Пры чым тут пляны на штрафы
У дзяржаўным бюджэце, які кожны год прымаюць дэпутаты і падпісвае Лукашэнка, ёсьць асобны разьдзел пра штрафы, дзе прапісваецца гадавая сума, якую ўлады плянуюць сабраць за іх кошт.
За 5 гадоў гэтая сума павялічылася ў 2,3 раза. Сёлета ўлады хочуць сабраць 310 331 606 рублёў штрафаў.
Вось так выглядала дынаміка гэтай сумы за апошнія гады:
- 2026 — 310 331 606
- 2025 — 243 777 332
- 2024 — 208 933 584
- 2023 — 189 077 815
- 2022 — 132 472 751
І кожны год улады актуалізуюць сьпіс парушэньняў, за якія штрафуюць. Летась яны казалі пра штрафы за непакошаныя ўчасткі каля дамоў, цяпер — пра сабак і катоў.
Апроч рэгістрацыі ў Беларусі існуе падатак на сабак. У Менску гэта 11,1 рубля ў квартал за кожнага сабаку. У іншых гарадах сума можа адрозьнівацца. Ад падатку вызваляюць людзей з інваліднасьцю першай і другой групаў, а таксама людзей з сабакамі-павадырамі. Таксама падатак ня плацяць пэнсіянэры і людзі з інваліднасьцю трэцяй групы, калі маюць аднаго сабаку.
Паводле Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі, зараз у беларускай сталіцы зарэгістравана 13,8 тысячы сабак і 1,5 тысячы катоў. Насамрэч, паводле ацэнкі ўладаў, жывёлаў у 5 разоў больш.
Колькі насамрэч катоў жыве у Беларусі, ня ведае ніхто.