Трамп падзякаваў Коўлу і Лукашэнку за вызваленьне Пачобута

Польскі журналіст Барташ Веліньскі (зьлева) і вызвалены Анджэй Пачобут, журналіст і актывіст польскай меншасьці ў Беларусі. 28 красавіка 2026 году

Дональд Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за «супрацоўніцтва і сяброўства». Анджэй Пачобут цяпер праходзіць у Варшаве мэдычнае абсьледаваньне.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся наконт нядаўняга абмену вязьняў на беларуска-польскай мяжы паводле формулы 5 на 5.

Трамп адзначыў, што выканаў просьбу прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага аб вызваленьні Анджэя Пачобута. У паведамленьні згадваецца і Аляксандр Лукашэнка.

«Мы толькі што дабіліся вызваленьня трох польскіх і двух малдоўскіх вязьняў зь беларускага і расейскага зьняволеньня. Дзякуючы майму спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу нам удалося аказаць сур’ёзны ціск, каб дамагчыся гэтага вызваленьня. Мой сябар, прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, сустрэўся са мной у верасьні мінулага году і папрасіў мяне дапамагчы дабіцца вызваленьня Анджэя Пачобута зь беларускай турмы. Цяпер Пачобут вольны дзякуючы нашым намаганьням. Злучаныя Штаты выконваюць абавязаньні перад сваімі саюзьнікамі і сябрамі. Дзякуй прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку за яго супрацоўніцтва і сяброўства. Вельмі прыемна!» — напісаў прэзыдэнт ЗША ў сетцы Truth Social.

Абмен адбыўся 28 красавіка 2026 году. У межах абмену ў Польшчу вывезьлі зьняволенага журналіста і актывіста польскай нацыянальнай меншасьці Анджэя Пачобута, які адбыў у турме больш за 5 гадоў.

Вызваленьне Пачобута

Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Яго арыштавалі ў 2021-м і асудзілі ў 2023 годзе на 8 гадоў пазбаўленьня волі. 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.

28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен вязьнямі «5 на 5».

Польскаму боку перадалі Анджэя Пачобута (якога абвінавачвалі ў «нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці»), польскага манаха-кармэліта Гжэгажа Гавэла (абвінавачвалі ў «шпіянажы», суд на момант вызваленьня не адбыўся), грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу (14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «шпіянажы і агентурнай дзейнасьці»), а таксама двух грамадзян Малдовы, затрыманых у Расеі і абвінавачаных у шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі «Паспалітае рушэньне» Ўладзіслава Надзейку (арыштаваны за перадачу ў Менск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесьніка кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэляна (працаваў на беларускі КДБ), расейскага археоляга Аляксандра Буцягіна (затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анэксаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расейскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сэпаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Закулісная зьдзелка: хто стаяў за вызваленьнем Пачобута. Тыдзень з Карбалевічам

Захады Дональда Трампа для вызваленьня беларускіх палітвязьняў

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы аб вызваленьні часткі з 1400-1500 зьняволеных у Беларусі, большасьць якіх — палітвязьні.

Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі зьмякчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хоць пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

12 лютага 2025 году зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

У красавіку 2025 году прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

11 верасьня 2025 году пасьля папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША вызвалілі 51 палітычнага вязьня, у тым ліку Ўладзімера Мацкевіча, аднаго зь вядомых інтэлектуалаў Беларусі; Міколу Дзядка — анархіста, журналіста; журналістку Ларысу Шчыракову; былога лідэра «Маладога фронту», сталяра Зьмітра Дашкевіча; лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Ярашука ды іншых. Палітык Мікола Статкевіч тады адмовіўся выяжджаць за межы Беларусі.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Старшыня БАЖ: «Пачобута вызвалілі, але яшчэ 22 журналісты застаюцца за кратамі»