Тры беларускія цэмэнтныя заводы завінаваціліся дзяржаве больш як 744 млн даляраў, падлічыў «Позірк».
- Крычаўцэмэнтнашыфер — 50,3% ад гэтай сумы,
- Беларускі цэмэнтны завод — 27,4%,
- Краснасельскбудматэрыялы — 22,3%.
Запазычанасьць у заводаў зьявілася па выплатах за кітайскія крэдыты ў валюце, аддаваць якія было трэба па рынкавым курсе.
Цяпер курс будзе замарожаным — 2 рублі 83 капейкі за даляр, і ў выпадку дэвальвацыі рубля валютны доўг стане меншым.
5 траўня на нарадзе з кіраўніцтвам Савету міністраў Лукашэнка крытыкаваў ідэю рэструктурызаваць запазычанасьці.
«Усе пытаньні — грошы, адтэрмінаваць, рэструктурызаваць, даць зь бюджэту, дапамажыце... Гэта няправільны падыход. Таму мяне гэта больш за ўсё насьцярожвае», — сказаў тады Лукашэнка.
Ён нагадаў, што 6 гадоў таму падобная рэструктурызацыя ўжо была, а цяпер зноў вярнуліся да гэтага пытаньня.
Тым ня менш, ужо 7 траўня ён падпісаў указ пра рэструктурызацыю і замарозку курсу.
8 траўня эканамічны аналітык Сяргей Чалы ў «Піку Свабоды» расклаў па палічках, чаму ў Беларусі становяцца праблемнымі праекты, якія задумваліся як супэрпрыбытковыя. У тым ліку ў цэмэнтнай галіне.
«Усё заўсёды пачынаецца з таго, што Лукашэнка, як чалавек, які ня вельмі можа думаць сыстэмна, ён спрабуе знайсьці адную ідэю, якая можа быць даволі нішавай, як нядаўна было з рыбгасамі або перапялінымі яйкамі. Яму кажуць, што зараз рэнтабэльнасьць да 40%, а ён кажа, давайце ўсе гэтым будзе займацца. Але ніколі не пралічваецца рынак. І менавіта так было з цэмэнтнымі заводамі», — сказаў Чалы.