І вось акурат на гэтым тыдні, у сераду, Лукашэнка правёў нараду, падчас якой прызнаўся, што ўрад і сёлета просіць рэструктурызаваць даўгі цэмэнтных заводаў.
Па стане на канец 2023 года агульная сума страт цэмэнтнай галіны, як падлічыў праект Plan B, склала 210 мільёнаў рублёў. Пазыкі — 420 мільёнаў. За 2024 год назапашаныя страты вырасьлі ўжо да мільярда. Зьвестак па 2025 годзе ўлады пакуль не прадставілі. Што ні так, калі ў гэта столькі ўкладалі? Эканамічны аналітык Сяргей Чалы быў госьцем «ПіКу Свабоды».
Цэмэнтныя заводы працуюць на ўсю моц, аб’ёмы вытворчасьці растуць, продаж таксама. Чаму тады не ўдаецца зрабіць гэту галіну прыбытковай?
«Цэмэнтная галіна ні чым не адрозьніваецца ад іншых галінаў, якія гэта жа бясслаўна былі мадэрнізаваныя і трапілі ў складаную фінансавую сытуацыю. Калісьці тое самае было з малаком, да гэтага з цукрам, пасьля з пэлетамі. Усё заўсёды пачынаецца з таго, што Лукашэнка, як чалавек, які ня вельмі можа думаць сыстэмна, ён спрабуе знайсьці адную ідэю, якая можа быць даволі нішавай, як нядаўна было з рыбгасамі або перапялінымі яйкамі. Яму кажуць, што зараз рэнтабэльнасьць да 40%, а ён кажа, давайце ўсе гэтым будзе займацца. Але ніколі не пралічваецца рынак. І менавіта так было з цэмэнтнымі заводамі», — гаворыць Чалы.
Ён узгадвае, быў кароткі пэрыяд, калі ў Расеі існаваць дэфіцыт на цэмэнт і цэны тады вырасьлі. У Беларусі пачалі маштабаваць вытворчасьць цэмэнту. Але хутка выявілася, што расейскі рынак усё ж не такі вялікі, а неўзабаве і самі расейцы пачалі павялічваць вытворчасьць цэмэнту. Яго сабекошт быў меншы, чым беларускі. У выніку Беларусь апынулася ў сытуацыі, што цана на яго ўпала, а самога цэмэнту было вельмі шмат.
«Хацелі будаваць бэтонныя дарогі. Але не было ані спэцыялістаў, ані тэхналёгіі. У выніку пачалі выкарыстоўваць расейскі досьвед. Зараз у Лукашэнкі ідэя з перапялінымі яйкамі, ён хоча заняць 60% расейскага рынку. Такое ўжо было і з малаком, цукрам, дрэваапрацоўкай. І вынік быў такім самы. У Лукашэнкі застаецца ўсё менш часу і таму ён шукае праект, які запрацуе хутка. Але такіх праектаў не існуе па вызначэньні». — лічыць Чалы.
Вырашыць фінансавыя праблемы такіх вытворчасьцяў, паводле эканамічнага аналітыка, удаецца дзякуючы продажу калійных угнаеньняў і нафтахімічнаму сэктару, якія прыносіць дзяржаве грошы. Пры гэтым нафтахімія залежыць ад расейскай сыравіны і таму беларуская эканоміка вельмі востра рэагуе на зьмену цаны расейскай сыравіны.
«І беларуская эканоміка паводзіць сябе залежна ад цаны сыравіны гэтаксама як і расейская. Здавалася б, што гэта парадокс, таму што мы ўвесь час казалі, што мы зборачны цэх. Але эканоміка пры Лукашэнку ператварылася ў эканоміку, якая жыве як краіна, што здабывае і разьмяркоўвае прыродную рэнту. Толькі ў Расеі прыродную рэнту здабываюць у зямлі, а мы здабываем у Маскве» — гаворыць Сяргей Чалы.
Форум