Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская апублікавала зварот з нагоды Дня Перамогі. Яна адзначыла, што вайна не абмінула ніводнай беларускай сям’і, таму 9 траўня — дзень памяці.
«І менавіта таму асабліва балюча бачыць, як памяць пра гэтую жахлівую вайну выкарыстоўваюць як прапагандысцкі інструмэнт, каб апраўдаць новую», — напісала Ціханоўская.
«Сэнс гэтай даты не ў парадах і ваеннай тэхніцы на вуліцах. Нашыя дзяды і прадзеды хацелі, каб іх дзеці і ўнукі жылі звычайнае, мірнае жыцьцё. Хадзілі ў школу, кахалі, працавалі, будавалі свае семʼі. Яны дакладна не змагаліся за тое, каб беларуская зямля станавілася пляцоўкай для чужой агрэсіі, каб тут стаялі чужыя войскі, а з нашай краіны рабілі крыніцу пагрозы. Беларусь заўсёды была і павінна заставацца краінай, якая не пагражае суседзям і не дазваляе выкарыстоўваць сябе супраць іншых», — гаворыцца ў звароце.
Ціханоўская нагадала, што Ўкраіна цяпер «плаціць страшную цану за мір». Таму памяць пра вайну павінна быць стымулам берагчы жыцьцё, «а не прывучаць дзяцей да ваеннай формы, захапляць зброяй і нармалізаваць гвалт».
Найлепшай жа памяцьцю пра герояў і ахвяраў вайны будзе Беларусь, «у якой чалавечае жыцьцё — найвышэйшая каштоўнасьць», — лічыць Ціханоўская.